На выданьне кнігі «(Не)расстраляныя» на плятформе Ulej.by сабралі 25 715 рублёў, 39% ад гэтай сумы ўнесьлі ўдзельнікі праекту.
Выхад кнігі папярэдне заплянаваны на восень 2019 году, выдаўцы ня выключаюць, што кніга выйдзе раней.
Што такое «(Не)расстраляныя»?
«(Не)расстраляныя» — гэта працяг леташняга музычнага праекту «(Не)расстраляная паэзія», які робіць партал TuzinFM.by. Новы праект уяўляе сабою друкаванае кніжнае выданьне з музычным дадаткам, а таксама шэраг лекцый у Менску і ў рэгіёнах.
Чаму дакладвалі свае грошы?
Паводле правілаў Ulej.by, калі праект не сабраў 100% неабходных сродкаў грошы вяртаюцца да фундатараў. Выдаўцы даклалі свае сродкі, каб рэалізаваць праект, піша TuzinFM.by.
На што давалі грошы?
Усяго праект падтрымалі 256 чалавек. Мінімальная сума ахвяраваньня — 10 рублёў, максымальная — 1000 рублёў.
136 заявак сабрала замова на адзін асобнік кнігі — 30 рублёў.
36 заявак — асобнік кнігі і запрашэньне на яе VIP-прэзэнтацыю за 40 рублёў.
Сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы. Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.