Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пашыньян пра дачыненьні зь Беларусьсю: ранейшых адносінаў з Армэніяй больш ня будзе


Аляксандар Лукашэнка і Нікол Пашыньян, травень 2018
Аляксандар Лукашэнка і Нікол Пашыньян, травень 2018

Тых адносінаў з Армэніяй, якія яны прызвычаіліся бачыць, больш ня будзе. Пра гэта заявіў сёньня выканаўца абавязкаў прэм’ера Армэніі Нікол Пашыньян, кажучы пра стасункі з Беларусьсю.

«Складваецца ўражаньне, што вельмі многія па інэрцыі хочуць, спрабуюць ці будуць спрабаваць ставіцца да нас, як да маленькай краіны, маленькага народу. Але я дакладна кажу: гэта не пройдзе. Можа мы і малалікі народ, але мы — вялікі народ, таму што мы — народ, якія мае тысячагадовую гісторыю, мы народ культуры, народ генэралаў» — заявіў Пашыньян.

Ён нагадаў, што маршал Баграмян адыграў вялікую ролю ў справе вызваленьня Беларусі.

Армянскі лідэр таксама падкрэсьліў: «У красавіку-траўні мы зьдзейсьнілі такое, што не мае прэцэдэнтаў у гісторыі чалавецтва». Ён запэўніў, што з гэтага часу з Армэніяй будуць лічыцца. «Будзьце ўпэўненыя, што наш народ і наш урад у стане абараніць інтарэсы рэспублікі і з гэтым павінныя лічыцца ўсе. Абяцаю, што так і будзе» — сказаў Нікол Пашыньян.

Пасьля рэвалюцыі ў Армэніі новы лідэр краіны Нікол Пашыньян адклікаў Юрыя Хачатурава, грамадзяніна Армэніі, з пасады генэральнага сакратара АДКБ і выказаў намер прызначыць на гэтую пасаду іншага прадстаўніка Армэніі. Гэтаму запярэчылі кіраўнікі Беларусі і Казахстану Аляксандар Лукашэнка і Нурсултан Назарбаеў. На іх думку, калі Ерэван адклікае свайго прадстаўніка з пасады генэральнага сакратара АДКБ, то гэтая пасада павінная перайсьці да краіны, якая па расейскім альфабэце ідзе за Армэніяй, гэта значыць, да Беларусі.

Канчатковае рашэньне па гэтым пытаньні будзе прынятае на чарговым саміце АДКБ 6 сьнежня.

На мінулым тыдні кіраўнік Беларусі сустрэўся з паслом Азэрбайджану Лаціфам Гандзілавым і падчас размовы публічна распавёў пра дэталі спрэчкі аб прызначэньні новага генэральнага сакратара АДКБ.

Гэта выклікала рэзкую рэакцыю кіраўніка Армэніі. У адказ МЗС Беларусі назваў заяву Пашыньяна «вулічнай дэмакратыяй»

Сёньняшняя заява Нікола Пашыньяна – працяг гэтага канфлікту.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG