Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гамяльчук, які напаў на жанчыну з сабакам, трапіў пад крымінальны перасьлед


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У дачыненьні да жыхара Гомля, які з крыкам: «Няма чаго тут з сабакамі гуляць!» — напаў на жанчыну са шнаўцэрам і моцна стукнуў яе, распачалі крымінальную справу. Як стала вядома Свабодзе, інцыдэнт кваліфікаваны як «хуліганства» (артыкул 339 КК).

Увечары 23 верасьня жыхарка Гомля Ала Іванаўна выгульвала сабаку на праспэкце Перамогі. Раптам жанчына адчула моцны ўдар у сьпіну. Калі яна азірнулася, пачула крык: «Няма чаго тут з сабакамі гуляць!».

Нападнік кінуўся наўцёкі. Па дарозе ён накінуўся на сабаку, які гуляў без гаспадара. Побач апынуліся карэспандэнты БелаПАН. Адзін зь іх кінуўся даганяць зламысьніка і выклікаў міліцыю. Праз сорак хвілінаў нападніка злавілі.

Мужчына 1983 году нараджэньня ня змог патлумачыць матывы свайго ўчынку. Свае дзеяньні патлумачыў «памутненьнем». Ён працуе на інжынэрнай пасадзе ў Гомельскім дзяржаўным унівэрсытэце імя Францішка Скарыны.

«На сьпіне засталася гематома. Я праходзіла экспэртызу паводле накіраваньня міліцыі. Лічу, што нармальны чалавек ня мог бы такое ўчыніць. Калі ён напаў на мяне, у яго былі шалёныя вочы, злосьць і агрэсія», — распавядала гамяльчанка.

Яе некалькі разоў апытвалі ў міліцыі. «Можа, шукалі прычыны такіх паводзінаў, бо ў мяне пыталіся ў міліцыі: а можа, ваш сабака апаражняўся? Для гэтага я заўсёды нашу з сабой мяшэчкі! Ва ўсіх кішэнях. Потым сабачнікі распавядалі, што гады два таму падобны паводле прыкметаў мужчына таксама напаў на жанчыну з сабакам на алеі праспэкту Перамогі. Ён падбег ззаду, але жанчына пасьпела зрэагаваць, азірнулася і толькі пачула: «Сабакам тут ня месца!», — дадала Ала Іванаўна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG