Трэці камітэт Генэральнай асамблеі ААН прыняў абноўленую вэрсію ўкраінскай рэзалюцыі па правах чалавека ў анэксаваным Расеяй Крыме. Пра гэта паведаміў у Twitter пастаянны прадстаўнік Украіны ў ААН Уладзімір Ельчанка. «Ну вось. Самая моцная рэзалюцыя ААН аб сытуацыі з правамі чалавека ў Крыме прайшла 3-ці камітэт Генэральнай асамблеі», напісаў ён.
Украінская рэзалюцыя называецца «Сытуацыя з правамі чалавека ў Аўтаномнай Рэспубліцы Крым і горадзе Севастопаль, Украіна». У дакумэнце сярод іншага гаворыцца, што Расея павінна пацьвердзіць недапушчальнасьць захопу тэрыторыі Крыму, даць абавязаньне вярнуць акупаваныя тэрыторыі і прызнаць палітвязьнямі Алега Сянцова, Уладзіміра Балуха і Эміра-Усеіна Куку.
Паводле ўкраінскага пастаяннага прадстаўніка, у падтрымку гэтага дакумэнта прагаласавалі 67 краін, 26 выступілі супраць і 82 устрымаліся. На старонцы прадстаўніцтва Ўкраіны ў ААН у Twitter гаворыцца супраць рэзалюцыі, разам з Расеяй, выступілі Армэнія, Балівія, Беларусь, Бурундзі, Вэнэсуэла, Зымбабвэ, Індыя, Іран, Казахстан, Камбоджа, Кітай, Куба, Кыргызстан, М’янма, Нікарагуа, Паўднёваафрыканская Рэспубліка, Паўднёвы Судан, Паўночная Карэя, Судан, Сырыя, Сэрбія, Таджыкістан, Уганда, Узбэкістан і Эрытрэя.
Трэці камітэт — адзін з шасьці спэцыялізаваных камітэтаў Генэральнай асамблеі ААН. У яго кампэтэнцыю ўваходзіць разгляд сацыяльных і гуманітарных пытаньняў, а таксама пытаньняў правоў чалавека.