У вялікім відэаінтэрвію старшыня Сынадальнага інфармацыйнага аддзелу Беларускага экзархату протаярэй Сергій Лепін заявіў, што Праваслаўная царква гатовая ўдзельнічаць у імпрэзах незалежна ад таго, хто іх ладзіць.
«Вы пазвалі мяне — я прыйшоў. Нас і БРСМ калі запрашае, мы прыходзім. І казакі запрашаюць. Зьявяцца беларускія каўбоі — мы да каўбояў таксама будзем прыходзіць. Завіце, каўбоі. Я звычайна нікому не адмаўляю», — сказаў сьвятар.
Ён пацьвердзіў, што атрымліваў запрашэньне і на «Ноч расстраляных паэтаў» — грамадзкую жалобную акцыю, якаю ладзілі ва ўрочышчы Курапаты ў ноч з 29 на 30 кастрычніка ў знак памяці пра забітых падчас сталінскіх рэпрэсій дзеячоў мастацтва. Аднак сярод выступоўцаў і наведнікаў Сергія Лепіна не было.
«Мяне звалі на Ноч расстраляных паэтаў. Я не прыйшоў, таму што мне не ўдалося атрымаць блаславеньне ад майго кіраўніцтва», — сказаў Лепін.
Разам з тым протаярэй запэўніў, што неаднаразова бываў у Курапатах. Ён лічыць, што «ў тым ці іншым пакаленьні рэпрэсаваныя сваякі ёсьць у кожнага беларуса», незалежна ад таго, ведае ён пра гэта ці не.
Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.