Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Бел-чырвона-белы сьцяг — гэта сымбаль маёй першай перамогі»,— сьвятар Беларускага экзархату


Сергій Лепін
Сергій Лепін

Старшыня Сынадальнага інфармацыйнага аддзелу Беларускага экзархату протаярэй Сергій Лепін у вялікім відэаінтэрвію расказаў, што падчас выступу на канцэрце ў гонар 100-годзьдзя БНР згадваў школьныя гады.

Прычынай гэтаму сталі бел-чырвона-белыя сьцягі, мноства якіх прынесьлі наведнікі канцэрту. Сьвятар расказаў, што ў старэйшых клясах насіў на каўняры бел-чырвона-белы значок і праз гэта канфліктаваў з настаўніцай хіміі.

«Годзе ў 90-м у мяне зьявіўся БЧБ-значок. Аднойчы я яго павесіў на лацкан пінжака і пайшоў у школу», — расказаў сьвятар, дадаўшы, што падзеі адбываліся ў Бабруйску, дзе ён жыў.

Клясная кіраўніца Лепіна, пабачыўшы значок, пачала лямантаваць — на яе погляд, бел-чырвона-белы сьцяг зьяўляецца сымбалем бандэраўцаў ды калябарацыяністаў.



«Я насьцярожыўся: усякія бандэраўцы, калябарацыяністы. Пачаў вывучаць гэтае пытаньне і высьветліў для сябе, што так, калябарацыяністы выкарыстоўвалі гэтую сымболіку, але яна існавала задоўга да іх, і ці мала чаго яны выкарыстоўвалі», — прыгадвае Лепін.

Ён сказаў, што прынцыпова не здымаў значка. Скандалы з кляснай кіраўніцай працягваліся яшчэ доўга, пакуль у 1991 годзе ня здарыўся адзін выпадак.


«Стаім мы зь ёй на тралейбусным прыпынку. Звычайны хмуры, шэры беларускі дзень. Сонца няма, усе стаяць, сумна чакаюць тралейбуса, калі ж ён там прыедзе. І раптам адбываецца нешта, падобнае да галівудзкага кіно. Аблокі разыходзяцца, зьяўляецца яркі сонечны прамень, ён бяжыць праз усю плошчу на дах гарвыканкаму і спыняецца там. Я паглядзеў і заўважыў, што там бела-чырвона-белы сьцяг. І я заўважыў, што мая клясная кіраўніца таксама заўважыла яго. І яна заўважыла, што я гэта заўважыў. І таксама прыкмеціла, што я заўважыў, што яна гэта заўважыла. І я ганарыста, з адчуваньнем асабістай перамогі паглядзеў на яе. А яна стушавалася, адвярнулася ад мяне і працягвала чакаць тралейбус.

Гэта была мая першая асабістая перамога, вынікі якой, з майго пункту гледжаньня, адносіліся да сапраўднага дарослага жыцьця. Таму для мяне гэты сьцяг ні ў якім разе не бандэраўскі. Гэта ня толькі сьцяг маёй дзяржавы на пэўным гістарычным этапе, але і сымбаль маёй перамогі».

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG