Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нічога сьвятога ў мацярынстве


Ёсьць такі афарызм: «Калі дзяржава ад цябе нечага хоча, яна называе сябе радзімай». Я б дадала яшчэ: «А тое, чаго менавіта хоча, называе сьвятыняй». Кожны раз, калі я слухаю ці чытаю разважаньні чынавенства пра сьвятасьць мацярынства, я разумею, што жанчынамі проста зноў маніпулююць.

Правядзеньне такога мерапрыемства ў Менску — гэта не геаграфічнае, а ідэалягічнае нахабства

14 лістапада ў Менску адкрыўся шосты форум усерасейскай праграмы «Сьвятасьць мацярынства». Так, вы ўсё правільна прачыталі: Менск і ўсерасейскі форум. Расея нярэдка паказвае, што ставіцца да нас як да сваёй філіі альбо часткі. Але правядзеньне такога мерапрыемства ў Менску — гэта не геаграфічнае, а ідэалягічнае нахабства.

Не заўжды можна з лёгкасьцю прасачыць, якія тэндэнцыі ў жаночай палітыцы пераймае Беларусь у Расеі, а якія — наадварот. Адно відавочна: свабоды ў жанчын болей не становіцца. Дзяржава, заручыўшыся царкоўнай падтрымкай (ці зноў наадварот?) павольна пазбаўляе нас рэпрадукцыйных свабодаў, прымушае верыць, што нашая чалавечая вартасьць вызначаецца найперш праз пасьпяховае замужжа і мацярынства.

Але дакладных крытэраў пасьпяховасьці няма, і заўжды знаходзіцца нешта, чым нас можна папракнуць. Жанчыны трапляюць у кола віны, сораму і страху, вырвацца зь якога досыць цяжка.

Мацярынства ў Беларусі — гэта вельмі нэўратызаваная справа, і ідэалягічнае збліжэньне з Расеяй тут дакладна не дапаможа

Мацярынства ў Беларусі — гэта вельмі нэўратызаваная справа, і ідэалягічнае збліжэньне з Расеяй тут дакладна не дапаможа. Што нам дасьць гэтае збліжэньне? Будзем змагацца за лепшыя паказчыкі па скарачэньні колькасьці абортаў? Ці будзем выхваляцца, як актыўна дзяржава цікавіцца шматдзетнымі сем’ямі?

Але ад яе зацікаўленасьці і цяпер задыхнуцца можна. Мая маці (яна працуе мэдсястрой) нядаўна зьдзіўлялася, чаму бацькі з абсалютна ўсіх шматдзетных сем’яў у школе вырашылі прышчапіць дзяцей ад грыпу. Адказ просты: шматдзетным сем’ям нельга «высоўвацца».

У самой імунізацыі няма нічога кепскага, але шматдзетныя сем’і часта вымушаны быццам граць у кошкі-мышкі з дзяржавай, «прыкрываючы тылы» і робячы так, каб дзяржаўным органам проста не было да чаго дачапіцца. Шматдзетнасьць часта атаесамляецца з маргінальнасцю, і калі ў нечым правініцца, шматдзетнасьць становіцца абцяжарвальным фактарам.

Шматдзетнасьць часта атаесамляецца з маргінальнасцю

Жанчыны ў Расеі пасьля нараджэньня дзіцяці атрымліваюць выплаты толькі першыя паўтары года. Пры гэтым сытуацыя зь дзіцячымі садкамі там прыблізна такая ж, як і ў нас. Простыя падлікі наводзяць мяне на думку, што расейскія маці ў два разы сьвяцейшыя за беларускіх, але гэта дакладна ня той паказчык, якім варта ганарыцца.

Асноўная праблема ідэалягічнага збліжэньня Беларусі і Расеі ў пытаньнях мацярынства — гэта царкоўны аспэкт. Аб’яднаньне праходзіць акурат па гэтай лініі: у нас нібыта адна вера, адны ідэалы і адны каштоўнасьці. Але бяда ў тым, што гэтая царква хоча навязаць (і пэрыядычна атрымлівае такую магчымасьць) свае ідэалы і каштоўнасьці ўсяму грамадзтву.

Няма там аніякай сьвятасьці, а ёсьць безьліч неацэненай і незаўважанай працы, стомы, адказнасьці і, калі пашанцуе, любові.

Няхай жанчыны рана выходзяць замуж і рана нараджаюць, калі яны сапраўды гэтага хочуць. Няхай жывуць у манагаміі і адмаўляюцца ад сродкаў кантрацэпцыі, калі ім так кажа іх вера. Хай ня робяць абортаў, ды на здароўе! Толькі хай гэтая ідэалёгія будзе на ўзроўні субкультуры, а дзяржава (у тым ліку праз школу) хай паклапоціцца пра тое, каб у дзяцей і дарослых быў доступ да сучасных навуковых дадзеных і разнастайнай статыстыкі.

І тады ўсё больш людзей зможа даведвацца, што мацярынства цяжкае фізычна і маральна, і павінна быць вынікам сьвядомага выбару, а не сьляпой веры ў сьвятасьць статусу «маці». Няма там аніякай сьвятасьці, а ёсьць безьліч неацэненай і незаўважанай працы, стомы, адказнасьці і, калі пашанцуе, любові.

А дзяржава хай лепш грошай дасьць і спавівальныя столікі ў грамадзкіх прыбіральнях арганізуе — хоць нейкая карысьць будзе.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG