Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка прызначыў новага кіраўніка «Белэнэрга» праз больш як паўгода


Павал Дрозд, генэральны дырэктар «Белэнэрга»
Павал Дрозд, генэральны дырэктар «Белэнэрга»

Павал Дрозд быў да таго намесьнікам кіраўніка канцэрну, пасьля звальненьня Яўгена Воранава выконваў абавязкі гендырэктара.

Аляксандар Лукашэнка ўзгадніў новых кіраўнікоў «Бабруйскаграмашу» і «Белэнэрга», піша БелТА. Бабруйскае прадпрыемства ўзначаліла Надзея Лазарэвіч.

Кіраўніком «Белэнэрга» быў прызначаны Павал Дрозд, які больш за паўгода выконваў абавязкі гендырэктара, а да таго быў намесьнікам гендырэктара.

Папярэдні кіраўнік «Белэнэрга» Яўген Воранаў быў звольнены ці то ў красавіку (калі гэта пацьвердзілі афіцыйна), ці то яшчэ ў сакавіку (калі пра гэта пайшлі чуткі). За пяць гадоў да таго прызначэньне Воранава кіраўніком «Белэнэрга» ініцыяваў сам Лукашэнка.

Але вясной 2018 году Лукашэнка абурыўся працай энэргетычнай галіны.

«Вы чулі, як працуе ў нас міністар энэргетыкі і міністэрства. Нават вялікія начальнікі невядома якіх там канцэрнаў, цяпер разьбіраюся з гэтай структурай, запілі настолькі, што забыліся хадзіць на працу, — сказаў Лукашэнка. — Як толькі выкінулі на вуліцу (даўно гэта трэба было зрабіць), абаронцы ад прэм’ер-міністра да хатніх гаспадынь пабеглі да прэзыдэнта абараняць, які ён добры, пакуль ня тыцнулі носам у тыя праблемы, якія там існуюць».

Сьледам за кіраўніком «Белэнэрга» быў звольнены і міністар энэргетыкі Ўладзімер Патупчык — як казаў старшыня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі, ён рабіў «сямейны бізнэс у пастаўках будматэрыялаў па завышаных цэнах». Новага міністра энэргетыкі прызначылі толькі праз чатыры месяцы.

Увосень Камітэт дзяржаўнага кантролю паведаміў, што Мінэнэрга магло б зэканоміць да 120 млн даляраў, але гэтаму сярод іншага замінала схема фінансаваньня «Белэнэрга» і вялікія выдаткі на будаўніцтва новага офісу «Белэнэрга» (туды ўжо ўклалі каля 2,9 млн даляраў, агулам праект ацэньваецца ў 9 млн). Грошы, казаў старшыня Дзяржкантролю, таксама ідуць «на набыцьцё дарагіх легкавых аўтамабіляў, у тым ліку праз заліковыя схемы з даўжнікамі за спажытыя энэргарэсурсы».

***

«Белэнэрга» падпарадкаванае Міністэрству энэргетыкі. У канцэрне працуюць больш за 65 тысяч чалавек, у яго склад уваходзяць апарат кіраваньня і 30 арганізацый, у тым ліку 6 рэспубліканскіх унітарных прадпрыемстваў электраэнэргетыкі, будаўнічыя арганізацыі, арганізацыі вытворчай інфраструктуры, рамонтна-наладачныя прадпрыемствы, праектныя арганізацыі і ўстановы адукацыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG