Удзень 12 лістапада ў менскім гандлёвым цэнтры «Арэна-Сіці» абвалілася падвесная столь з гіпсакардону.
Як паведаміў карэспандэнт Свабоды, увесь гандлёвы цэнтар па стане на 21.30 закрыты для наведваньня. Звычайна крамы і фудкорт зачыняюцца а 22-й гадзіне. Але цяпер трапіць можна толькі ў харчовую краму Prostore. Усе ўваходы і пераходы да гандлёвых кропак і фудкорту перакрытыя. Таксама забаронены уезд на двухузроўневую паркоўку пад гандлёвым цэнтрам. Па словах супрацоўнікаў Арэна-Сіці, яна працуе толькі на выезд.
Раней быў абмежаваны доступ толькі да левага крыла гандлёвага цэнтру, дзе абвалілася столь.
Абвал столі ў менскім гандлёвым цэнтры «Арэна-Сіці». Што важна ведаць?
Удзень 12 лістапада ў менскім гандлёвым цэнтры «Арэна-Сіці» абвалілася падвесная столь з гіпсакардону на плошчы 150 квадратных мэтраў.
- У выніку здарэньня пацярпелі дзьве дзяўчыны.
- Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу.
- МНС праверыць столі ў гандлёвых цэнтрах Менску.
- Гандлёва-забаўляльны цэнтар «Арэна-Сіці» на праспэкце Пераможцаў у Менску працуе з красавіка 2013 году. Агульная плошча — амаль 88 тысяч квадратных мэтраў.
- «Арэна-Сіці» праз кампанію «Прастор-Трэйд» належаў бізнэсоўцу Юрыю Чыжу. Забудоўшчыкам цэнтру выступала іншая кампанія набліжанага да Аляксандра Лукашэнкі бізнэсоўца — ТАА «Трайпл». Пасьля затрыманьня Чыжа ў 2016 годзе мэдыя паведамлялі, што гандлёвы цэнтар быў прададзены «Белаграпрамбанку» за 75 мільёнаў даляраў. Топ-мэнэджэры «Прастор-Трэйда» тады абверглі гэтую інфармацыю.