Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністар фінансаў: замежны доўг Беларусі сёлета складзе 40% ад ВУП


Міністар фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч
Міністар фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч

Замежны доўг Беларусі сёлета складзе 40% ад валавога ўнутранага прадукту, паведаміў 12 лістапада ў перапынку паседжаньня Палаты прадстаўнікоў міністар фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч.

Паводле міністра, небясьпечнай рысай лічыцца паказьнік, калі вонкавая пазыка перавышае 45% ВУП.

«У найбліжэйшыя гады мы гэтую мяжу не пяройдзем», — заявіў Максім Ермаловіч.

Пра нафтавы манэўр

Міністар фінансаў расказаў, як ідуць перамовы з расейскім бокам наконт таго, каб Беларусь атрымала кампэнсацыю за страты, якія яна нясе ад падатковага манэўру расейцаў у нафтаздабыўнай галіне.

«Перамовы гэтыя ідуць амаль штодня, фактычна не спыняюцца. Пакуль актыўна працуюць экспэрты. Мы спадзяёмся на станоўчае рашэньне, але якім яно будзе канчаткова, лепш запытацца ў расейскага боку, бо мы выступаем у ролі хадайнікаў, а канчатковае рашэньне будзе за Масквой», — сказаў Ермаловіч.

Бюджэтнікам у 2019 годзе будзе лепей

Міністар фінансаў Беларусі сказаў, што ў 2019 годзе плянуецца падняць узровень заробкаў бюджэтнікаў да 80% ад сярэдняга па краіне.

«Мы спадзяёмся, што ўрад здолее вырашыць гэтую амбіцыйную задачу», — сказаў Максім Ермаловіч.

Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр

Нафтавы падатковы манэўр у Расеі — паступовая замена спагнаньня экспартнага мыта падаткам на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.

  • Расея пачала рэалізацыю падатковага манэўра зь 2019 году.
  • Да канца 2018 году экспарт сырой нафты ў Расеі абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны. Мыта не спаганялася з паставак на ўнутрырасейскі рынак і ў межах квоты ў Беларусь.
  • У 2017-2018 гадах квота на пастаўкі бязмытнай расейскай нафты для Беларусі складала 24 млн тон (18 млн тон перапрацоўвалі беларускаія НПЗ, 6 млн тон ішлі на рээкспарт).
  • Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.

Страты і кампэнсацыя

  • У сьнежні 2018 г. у адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала $3,6 млрд, а за наступныя 4 гады недаатрымае $11 млрд пры найгоршым разьвіцьці падзей.
  • Паводле падлікаў рэйтынгавага агенцтва Fitch, наўпроставыя страты беларускай эканомікі складуць $10,6 млрд цягам 2019–2024 гг.
  • Дырэктар дасьледніцкага цэнтру ІПМ Аляксандар Чубрык падлічыў, што страты для бюджэту Беларусі ў 2019 годзе склалі $272,3 млн. ​
  • У кастрычніку 2018 Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля $405 млн у якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.
  • 18 сьнежня 2019 расейскі партал РБК паведаміў са спасылкай на свае крыніцы, што Расея кампэнсуе Беларусі страты ад манэўра праз зваротны акцыз для беларускіх НПЗ. Суму субсыдыяў ацанілі ў $1,5 млрд. Афіцыйнага пацьвярджэньня гэтай інфармацыі не было.

Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG