Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Парыжы адкрываецца Форум міру. Лукашэнка не прыехаў


Падрыхтоўка да Парыскага форуму міру
Падрыхтоўка да Парыскага форуму міру

Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон склікаў 11 лістапада Парыскі форум міру і запрасіў кіраўнікоў дзяржаваў, якія ўдзельнічалі ў Першай усясьветнай вайне, на сотыя ўгодкі яе завяршэньня.

Ад Беларусі афіцыйнае запрашэньне атрымаў Аляксандар Лукашэнка, але не паехаў. У францускую сталіцу накіравалі сьпікера Савету рэспублікі Міхаіла Мясьніковіча.

Форум міру ў Парыжы мае стаць новай штогадовай міжнароднай пляцоўкай, дзе будуць абмяркоўвацца праблемы міру, бясьпекі, навакольнага асяродзьдзя, глябальнага разьвіцьця і кіраваньня ў ХХІ стагодзьдзі.

Перамоваў Пуціна і Трампа ня будзе

На форум ужо прыбылі прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп, канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель, прэм’ер Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй, чакаецца прыезд прэзыдэнтаў Расеі Ўладзіміра Пуціна і Ўкраіны — Пятра Парашэнкі.

Перамовы прэзыдэнтаў Францыі і ЗША
Перамовы прэзыдэнтаў Францыі і ЗША

Прэзыдэнты Трамп і Макрон правялі двухбаковую сустрэчу 10 лістапада, абмеркавалі сытуацыю вакол Ірану, канфлікты ў Сырыі і Емэне, праблемы глябальнага гандлю і зьмены клімату.

У суботу ўвечары Эманюэль Макрон сустрэўся таксама з Ангелай Мэркель у горадзе Кампʼен на поўначы Францыі, дзе ў 1918 годзе было падпісана гістарычнае пагадненьне аб замірэньні паміж хаўрусьнікамі і Нямеччынай. Макрон і Мэркель пабывалі ў тым самым вагоне, дзе была падпісаная дамова аб фактычнай капітуляцыі Нямеччыны.

Пуцін і Трамп плянавалі правесьці 11 лістапада ў Парыжы свае двухбаковыя перамовы, але францускі МЗС папрасіў іх устрымацца ад сустрэчы, бо ў мэдыйным пляне яна магла б адсунуць у цень сам форум. Такім чынам, перамоваў ня будзе, але сустрэцца на палях форуму яны змогуць.

Лукашэнка не прыехаў

Яшчэ ў ліпені стала вядома пра запрашэньне на форум міру ад Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. У кастрычніку падчас візыту ў Менск намесьніка міністра замежных справаў Францыі Жана-Батыста Лемуана магчымы ўдзел Лукашэнкі абмяркоўваўся.

Фактычна ў апошні момант Аляксандар Лукашэнка ехаць адмовіўся. 8 лістапада стала вядома, што Беларусь прадставіць Міхаіл Мясьніковіч, якога прыме прэзыдэнт Сэнату Францыі Жэрар Ляршэ.

Паводле думак экспэртаў, прычынай адмовы Лукашэнкі стаў брак у прапанаваным пляне візыту сустрэчаў на высокім узроўні.
Міхаіл Мясьніковіч возьме ўдзел разам зь іншымі кіраўнікамі дэлегацыяў ва ўшанаваньні памяці ахвяраў Першай усясьветнай вайны на цырымоніі ля Трыюмфальнай аркі.

Эманюэль Макрон і Тэрэза Мэй наведваюць француска-брытанскі мэмарыял
Эманюэль Макрон і Тэрэза Мэй наведваюць француска-брытанскі мэмарыял

Усяго прыехалі больш за 100 высокіх дзяржаўных дзеячоў — лідэры дзяржаваў і ўрадаў былых ваюючых бакоў, кіраўнікі міжнародных арганізацый. Пасьля цырымоніі яны запрошаныя ў Элізейскі палац на абед ад імя прэзыдэнта Макрона.

Аб 11-й гадзіне па ўсёй Францыі загучаць званы так, як гэта было 100 гадоў таму ў дзень абвяшчэньня замірэньня.

Што такое Парыскі форум?

Форум міру будуць адкрываць прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон, канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель, генэральны сакратар ААН Антонію Ґутэрыш і дзяячка з Індыі Трыша Шэці, якая арганізавала маштабную кампанію барацьбы супраць сэксуальнага гвалту з адукацыйнай, мэдыцынскай, юрыдычнай і псыхалягічнай дапамогай.

Арганізатары настойваюць, што Парыскі форум — гэта ня саміт і не канфэрэнцыя. Яны пазыцыянуюць яго як новую штогадовую міжнародную сустрэчу для абмеркаваньня глябальных праблемаў і перакананыя, што міжнароднае супрацоўніцтва зьяўляецца галоўным у пераадоленьні сусьветных выклікаў і забесьпячэньні доўгатэрміновага міру.

Падрыхтоўка да мэмарыяльных імпрэзаў
Падрыхтоўка да мэмарыяльных імпрэзаў

У форуме бяруць удзел ня толькі палітыкі, але і прадстаўнікі органаў мясцовага самакіраваньня, грамадзянскай супольнасьці. Заплянавана шмат круглых сталоў і дыскусіяў.

Ужо вядома, што на форум прапанавалі 120 ініцыятыў і 850 праектаў у пяці тэматычных кірунках: мір і бясьпека, экалёгія, разьвіцьцё, лічбавыя тэхналёгіі, інклюзіўная эканоміка. Адборачны камітэт абярэ 10 праектаў, якія атрымаюць падтрымку цягам году, да наступнага Парыскага форуму ў лістападзе 2019 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG