На суботу — штармавое папярэджаньне, аранжавы ўзровень небясьпекі.
Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі заклікала 10 лістапада абмежаваць вядзеньне паляваньняў праз умовы надвор’я.
У правілах паляваньня, адзначае Міністэрства, стральба ў тумане забароненая: нельга страляць «на шум, шоргат, па невыразна бачнай цэлі, у тумане, у моцны сьнегапад, у прыцемках, супраць сонца» і ў іншых умовах кепскай бачнасьці.
Такая стральба можа пагражаць у тым ліку людзям. Напрыклад, у траўні ў Мьсціслаўскім раёне паляўнічы думаў, што страляе па казулі ў кустах — аказалася, па чалавеку, які ішоў зь ім на паляваньне. Пацярпелы атрымаў раненьне ў галаву і загінуў на месцы.
Аб небясьпецы туману папярэджваюць і ў ДАІ і МНС: трэба быць пільнымі на дарогах, бо бачнасьць — усяго нейкіх 100 мэтраў. Аўтамабілістам раяць збавіць хуткасьць (разумным рашэньнем у пэўных умовах можа нават быць хуткасьць у 20 км/гдз), адмовіцца ад лішніх абгонаў і перастраеньняў, пазьбягаць раптоўных тармажэньняў, ехаць з уключанымі фарамі (але не карыстацца процітуманнымі там, дзе гэта можа асьляпіць іншых удельнікаў руху). Пешаходам, адпаведна, таксама раяць быць пільнымі, не перабягаць дарогі, пазначаць сябе сьветлаадбівальнымі элемэнтамі.
І нават фары ня ёсьць гарантыяй бясьпекі: кажуць, калі 9 лістапада ў Горадзенскай вобласьці школьны аўтобус сутыкнуўся з пагрузьнікам на сустрэчнай паласе, фары былі ўключаныя ў абодвух. Кіроўца аўтобуса быў шпіталізаваны з траўмамі, але выжыў. Дзеці сур’ёных траўмаў не атрымалі, але двух зьмясьцілі на агляд у лякарню.
Надзвычай шчыльныя туманы трымаюцца шмат дзе па Беларусі ўжо трэці дзень, на 9 і 10 лістапада абвешчанае штармавое папярэджаньне. Па асобных раёнах краіны туманы абяцаюць і 11-га. У той жа день на ўсходзе краіны можа пайсьці мокры сьнег.
Празь кепскую бачнасьць у тым ліку затрымліваюцца прылёты самалётаў у Нацыянальны аэрапорт. Паглядзець, калі які самалёт мае сесьці, можна на сайце аэрапорту.
Беларусы параўноўваюць свае фота даляглядаў з аповесьцю «Туман» Стывэна Кінга і фільмам паводле яе, савецкім мультфільмам «Вожык у тумане» і відэагульнямі сэрыі Silent Hill.