У краінах Эўразійскага эканамічнага саюзу чарговы раз скарацілі ліміты на бязмытны ўвоз тавараў з-за саюзных межаў.
Ад 1 студзеня 2019 году жыхары краінаў Эўразійскага саюзу, куды ўваходзіць Беларусь, пры падарожжы наземным транспартам змогуць прывозіць тавары, якія не перавышаюць коштам або вагой:
- 500 эўра;
- 25 кіляграмаў.
Гэта тычыцца ўсіх краін Эўразійскага саюзу: Армэніі, Беларусі, Казахстану, Кыргызстану, Расеі.
У камэнтары Onliner.by Мытны камітэт Беларусі адзначыў, што зьніжэньне лімітаў — ініцыятыва расейскага боку. Нацыянальныя заканадаўства могуць толькі зьмяншаць нормы прынятыя Эўразійскай камісіяй.
Да канца 2018 году ліміты складаюць 1500 эўра і 50 кіляграмаў для тых, хто езьдзіць за мяжу не часьцей за адзін раз у тры месяцы. Калі часьцей — то 20 кіляграмаў і 300 эўра.
Пры авіяпералётах кошт тавараў не павінен перавышаць 10 000 эўра, а вага — 50 кіляграмаў.
Лімітаў 500 эўра і 25 кіляграмаў раней плянавалі паступова дасягнуць да 2021 году.
Ліміты на пасылкі прапануюць вярнуць да 200 эўра на месяц
У красавіку 2016 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ, паводле якога за пасылкі з таварамі, даражэйшымі за 22 эўра і цяжэйшымі за 10 кг, трэба плаціць дадатковы мытны збор.
У чэрвені 2017 году «Белпошта» прапаноўвала вярнуць ліміт на пасылкі з-за мяжы да 200 эўра ў месяц, матывуючы гэта стратамі ў даходах. Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю заявіла, што ня супраць павышэньня лімітаў, і дзяржаўныя органы на чале з Мытным камітэтам пачалі абмяркоўваць магчымыя зьмены.
У канцы 2017 году ў рамках ЭАЭС зацьвердзілі канцэпцыю паэтапнага зьніжэньня мытных лімітаў, у тым ліку на тавары, якія дастаўляюцца з-за мяжы з дапамогай міжнародных паштовых адпраўленьняў або перавозчыкам. У прыватнасьці, на працягу трох гадоў у краінах ЭАЭС павінны прыняць адзіныя ліміты максымальнага кошту і вагі пасылак з-за мяжы. Так, Расея і Казахстан зьнізяць свае ліміты з 1000 эўра да 200, а Беларусь можа павысіць з 22 да 200 эўра.