Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Час зьбіраць камяні. Грамадзкасьць заклікае дапамагчы рэстаўратарам Крэўскага замка


Руины Крэўскага замка
Руины Крэўскага замка

Грамадзкі актывіст Глеб Лабадзенка зьвярнуўся да ўсіх, хто неабыякавы да гісторыі Беларусі.

Ён кажа, што гутарыў з рэстаўратарамі Крэўскага замка і тыя паскардзіліся, што ў іх... скончыліся камяні. Усё, што раней вываліліся з муроў, паднята зь зямлі і ахайна ўстаўлена на месца. Запасу фактычна няма.

«Зразумела, што за столькі гадоў разбурэньня шмат што расьцягалі па ўласных і дзяржаўных будоўлях, — адзначае ён. — Цяпер шукаецца нейкае комплекснае рашэньне праблемы. Але ў той жа час рэстаўратары будуць удзячныя кожнаму, хто прывязе ў Крэва хоць колькі камянёў дыямэтрам 30-50 см. Можна і меншыя, ад 15 см — пойдуць у забутоўку. Нікому адмыслова паведамляць ня трэба — проста кладзіце каля галоўнага ўваходу».

Аднаўленчыя працы ў Крэве
Аднаўленчыя працы ў Крэве

Як нагадвае Глеб Лабадзенка, у свой час існаваў праклён: каб ты ўсё жыцьцё цягаў камяні на Крэўскі замак! Тады людзей прымушалі рабіць гэта сілком. Але цяпер кожны беларус мае шанец добраахвотна зрабіць унёсак у справу аднаўленьня легандарнага замка з 700-гадовай гісторыяй.

Як паведамляла Свабода, працягваюцца аднаўленчыя работы на руінах Крэўскага замка XIV стагодзьдзя. Сёлета на ўратаваньне аднаго з самых вядомых гістарычных помнікаў на тэрыторыі Беларусі выдзелена амаль паўмільёна даляраў з прэзыдэнцкага фонду падтрымкі культуры і мастацтва.

Княская вежа і частка муроў
Княская вежа і частка муроў

Пасьля кансэрвацыі Княскай вежы будаўнікі ўзяліся за паўночна-заходнюю сьцяну. Яна мае амаль 100 мэтраў даўжыні і на асобных участках сягае да 10 мэтраў у вышыню. Гэтая частка захавалася лепш за іншыя, якія моцна пацярпелі ад расейскіх абстрэлаў у часе Першай сусьветнай вайны.

У старажытныя муры вярнулі аўтэнтычныя камяні, «вышчарбленыя» фрагмэнты закладаюцца чырвонай цэглай. Як і ў выпадку зь вежай, сьцяну мяркуецца накрыць дахам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG