Расейскія перавозчыкі зьвярнулася ў суд з патрабаваньнем забараніць у Расеі францускі сэрвіс пошуку спадарожнікаў у аўтамабільных паездках BlaBlaCar.
У сваім пазове «Аб’яднаньне аўтапасажырскіх перавозчыкаў» сьцьвярджае, што існаваньне гэтага інтэрнэт-рэсурсу спрыяе арганізацыі незаконных перавозак.
Праз мабільны дадатак BlaBlaCar карыстальнік можа знайсьці кіроўцу, які прапануе танна падвезьці да пэўнага населенага пункта. Колькасьць карыстальнікаў BlaBlaCar у Расеі дасягае каля 15 мільёнаў (штогадовы прырост 50%), а па ўсім сьвеце каля 65 мільёнаў чалавек. Сэрвіс BlaBlaCar папулярны і ў Беларусі.
Пазоўнікамі выступілі таксама 28 кампаній і індывідуальных прадпрымальнікаў з некалькіх рэгіёнаў Расеі.
На іх думку, дзейнасьць BlaBlaCar нэгатыўна адбіваецца на рэнтабэльнасьці працы прадпрыемстваў, якія абслугоўваюць рэгулярныя аўтобусныя маршруты. Гэта можа прывесьці да закрыцьця аўтавакзалаў у рэгіёнах, бо яны стануць непатрэбнымі.
Цягам апошніх трох гадоў адток пасажыраў на сэрвіс спадарожнікаў склаў каля 20%, гаворыцца ў пазове.
Адказчыкамі па справе выступаюць расейскае прадстаўніцтва BlaBlaCar (кампанія «Камьюта Рус»), а таксама «Роскомнадзор», ад якога пазоўнікі патрабуюць заблякаваць на расейскай тэрыторыі сайт кампаніі.
Раней BlaBlaCar падазравалі ў арганізацыі незаконных камэрцыйных перавозак. Суд таксама забараніў распаўсюд зьвестак аб сумесных паездках, але іншая інстанцыя адмяніла гэтае рашэньне. З-за яго сэрвісу пагражала блякаваньне на тэрыторыі Расеі.