Прэзыдэнт Украіны Пётар Парашэнка і Сусьветны патрыярх Барталамей па выніках сустрэчы ў Стамбуле падпісалі пагадненьне аб супрацоўніцтве і ўзаемадзеяньні паміж Украінай і Канстантынопальскім патрыярхатам, паведамілі агенцтву «Інтэрфакс-Украіна» ў прэс-службе адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны.
Як заявіў па выніках сустрэчы 3 лістапада 2018 году Парашэнка, пагадненьне стварае ўмовы для таго, каб «працэс прадстаўленьня Томасу (аб аўтакефаліі) быў праведзены абсалютна ў дакладнай адпаведнасьці з канонамі праваслаўнай царквы».
Кіраўнік украінскай дзяржавы назваў гэты дзень, 3 лістапада, гістарычным. Ён падзякаваў Сусьветнаму патрыярху за цёплую і «поўную мудрасьці сустрэчу».
Патрыярх Барталамей пасьля падпісаньня пагадненьня сказаў:
«Я ўпэўнены, што рашэньне аб аўтакефаліі прывядзе да адзінства і аб’яднаньня ўсіх праваслаўных ва Ўкраіне».
17 красавіка сёлета прэзыдэнт Украіны паведаміў аб намеры зьвярнуцца да Канстантынопальскага патрыярха Барталамея з заклікам выдаць Томас (указ) аб стварэньні «адзінай памеснай царквы» Ўкраіны. Гэтая ідэя выклікала пратэст Маскоўскага патрыярхату і яго самакіравальнай часткі — УПЦ МП, якая аб аўтакефаліі не прасіла.
У верасьні патрыярх Варфаламей накіраваў у Кіеў двух экзархаў, якім трэба будзе падрыхтаваць глебу для стварэньня аўтакефальнай царквы, незалежнай ад Маскоўскага патрыярхату.
11 кастрычніка Сынод у Стамбуле пазбавіў юрыдычнай сілы свой указ ад 1686 года аб перадачы Кіеўскай мітраполіі Маскве, абвясьціў аб стварэньні свайго падвор’я ў Кіеве і рэабілітаваў лідэраў раней не прызнаваных праваслаўных цэркваў ва Ўкраіне.
У адказ Сынод Маскоўскага патрыярхату абвясьціў аб поўным разрыве адносінаў з Канстантынопальскай царквой.