Ахвяраў палітычных рэпрэсіяў памянулі 3 лістапада ў Магілёве на ўскрайку пясчанага кар’еру, што на праспэкце Дзімітрава. Тут усталяваны Крыж у памяць пра забітых у часы бальшавіцкага і сталінскага тэрору.
Ля яго на заклік праваабаронцаў з цэнтру «Вясна» сабраліся тры дзясяткі актывістаў зь мясцовых грамадзкіх і палітычных арганізацыяў.
Традыцыйна да Крыжа памянуць рэпрэсаваных прыходзяць на Дзьмітраўскія дзяды. Ля яго запальваюць сьвечкі і кладуць кветкі.
Гісторыя сталінскіх рэпрэсіяў забываецца, а «замест яе навязваюцца ідэалёгіі таталітарнай дзяржавы, якой быў СССР і ў якім масава забівалі людзей», — казаў ля Крыжа журналіст і праваабаронца Аляксандр Буракоў
«Маладзейшае пакаленьне ўжо ня ведае, што ёсьць гэтае месца і гэтыя крыжы, — прамаўляў актывіст. — І гэта дужа кепска. Дзяржава, якая пачынае забіваць ня можа спыніцца, і калі мы забудзем пра гэта, яна пачне забіваць зноў».
«Я перакананы, — адзначыў гісторык Аляксандр Агееў, — што многія і дагэтуль ня ведаюць, што ў іх сем’ях, як і ў маёй, ёсьць расстраляныя».
Што вядома пра месца, дзе стаіць крыж
— У 1980 гады з кар’еру выбіралі пясок на будаўніцтва і наткнуліся на чалавечыя парэшткі. Паводле аднаго з заснавальнікаў магілёўскай філіі «Мартыралёг Беларусі» Міхася Булавацкага, тут было адшукана блізу сотні шкілетаў. Працы ў кар’еры спынілі;
— У 1987 годзе Кастрычніцкі райвыканкам стварыў адмысловую камісію, якую ачоліў намесьнік старшыні Мартыненка. Вынікі працы, як сьцьвярджае Булавацкі, засакрэцілі. Звароты ў КДБ не далі плёну;
— Сьведкі тых падзеяў пазьней расказалі, што на месцы кар’еру быў калгасны могільнік жывёл. Яго агарадзілі, паставілі вартаўніка. Начамі пад’яжджалі крытыя машыны і зь пляцоўкі чуліся стрэлы;
— Жыхары прылеглых дамоў таксама гаварылі, што знаходзілі чалавечыя парэшткі з характэрнымі адтулінамі ў чарапах. Некаторыя іх забіралі дамоў і захоўвалі іх;
— У 1989 годзе на ўскрайку кар’еру паставілі Крыж. Ля яго зьбіраюцца ня толькі актывісты апазыцыі, але і сваякі забітых. Каля крыжа пакідаюць копіі даведак, у якіх пазначана месца расстрэлу «Магілёў»;
— Урочышча, якое стала кар’ерам, лічыцца адным зь месцаў расстрэлу ў 1918 годзе бальшавікамі каталіцкага сьвятара Яўгена Сьветаполк-Мірскага. Вядома, што яго пасьля хуткага суда вывезьлі за тагачаснае магілёўскае прадмесьце Лупалава і забілі. Лупалава знаходзіцца недалёка ад Крыжа памяці;
— У 2008 годзе пытаньне пра ўсталяваньне памятнага знаку на месцы масавых расстрэлаў адной зь першых узьняла кіраўніца мясцовай суполкі «Асацыяцыі ахвяраў палітычных рэпрэсіяў» Ларыса Шукайла. Па дазвол яна зьвярталася ў Магілёўскі гарвыканкам. Зь яе слоў, чыноўнікі далі ёй зразумець, што на памятны знак у іх няма сродкаў.