Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна адмаўляецца ад сынхранізаванай працы зь беларускай энэргасыстэмай. Што гэта значыць?


Кіеў працягвае эўраінтэграцыю, цяпер і ў электраэнэргетыцы.

Улады Ўкраіны вырашылі адмовіцца ад паралельнай працы з энэргасыстэмамі Беларусі і Расеі.

Паралельная праца энэргасыстэм Беларусі, Расеі і Ўкраіны была створаная яшчэ ў савецкія часы, гэта павялічвала магчымасьці рэзэрваваньня магутнасьцяў на выпадак аварый і адключэньняў у пэўных рэгіёнах.

У 2010 годзе Беларусь, Расея і Ўкраіна падпісалі трохбаковае тэхнічнае пагадненьне аб забесьпячэньні паралельнай працы энэргасыстэм трох краін. Яно прадугледжвала ўзгадненьне дзеяньняў па ператоку электрычнай энэргіі і эксплюатацыі міждзяржаўных ліній электраперадач.

«Поўная сынхранізацыя ўкраінскай энэргетычнай сыстэмы з эўрапейскай і яе аддзяленьне ад паралельнай працы з энэргетычнымі сыстэмамі Расеі і Беларусі зьяўляецца ключавым стратэгічным прыярытэтам для Ўкраіны», — заявіла намесьніца міністра энэргетыкі і вугальнай прамысловасьці Ўкраіны Натальля Бойка.

Паводле яе, Украіна «крок за крокам» ажыцьцяўляе ўсе неабходныя захады па выкананьні сваіх міжнародных абавязаньняў на эўраінтэграцыйным шляху, прытрымліваецца курсу на правядзеньне глыбокіх і сыстэмных рэформаў, накіраваных на павышэньне ўзроўню энэргетычнай бясьпекі, разьвіцьцё канкурэнцыі, абарону правоў спажыўцоў і рынкавую інтэграцыю.

Гэтую заяву Натальля Бойка зрабіла ў Кіеве на сэмінары па ацэнцы інфраструктуры і праектаў сумеснай цікавасьці Ўсходняга партнэрства, які адбыўся пад эгідай Энэргетычнай Супольнасьці ў рамках праекту EU4Energy. У ім бралі ўдзел прадстаўнікі рэгулятараў Украіны, Армэніі, Азэрбайджану, Грузіі і Беларусі.

Летась у ліпені, сустракаючыся ў Кіеве з Аляксандрам Лукашэнкам, прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што Ўкраіна гатовая аднавіць пастаўкі электраэнэргіі ў Беларусь, спыненыя ў 2014 годзе. Аднак пастаўкі так і не аднавіліся.

У межах паралельнай працы беларускай і ўкраінскай энэргасыстэм Украіна ў 2017 годзе імпартавала зь Беларусі 1,1 мільёна кіляват-гадзін электраэнэргіі. Гэты аб’ём быў закантрактаваны дзяржаўным украінскім прадпрыемствам «Энэргарынак» як «тэхналягічнае перамяшчэньне». За пяць месяцаў 2018 году паводле аналягічных кантрактаў зь Беларусі ва Ўкраіну было пастаўлена 0,596 мільёна кіляват-гадзінаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG