І аказалася на тым жа месцы, дзе была два гады таму.
У рэйтынгу Doing Business 2018 году, які складае Ўсясьветны банк, Беларусь паднялася на 37-ю пазыцыю зь леташняй 38-й. Цяпер паводле лёгкасьці вядзеньня бізнэсу краіна стаіць паміж Нідэрляндамі і Швайцарыяй, але ніжэй за Руанду.
Паказьнікі Беларусі палепшыліся што да лёгкасьці пачаць бізнэс, атрыманьня дазволаў на будаўніцтва, забесьпячэньня бізнэсу электрычнасьцю і банкруцтва, але крыху пагоршыліся што да сплаты падаткаў. Гэта вывела краіну на тое ж месца, дзе яна была два гады таму.
З суседзяў Беларусі толькі Ўкраіна на ніжэйшым месцы – на 71-м (але за год яна паднялася ў рэйтынгу на больш пунктаў, чым Беларусь).
Астатнія вышэй: Польшча на 33-м, Расея на 31-м, Латвія на 19-м і Літва на 14-м. З краінаў былога СССР Беларусь апераджаюць таксама Грузія (6-е месца), Эстонія (16-е) і Казахстан (17-е).
Па некаторых краінах ёсьць асобныя рэйтынгі гарадоў — у тым ліку па Польшчы і Расеі. Беласток, што недалёка ад мяжы Беларусі, займае ў Польшчы трэцяе месца паводле лёгкасьці вядзеньня бізнэсу, а расейскія Смаленск і Бранск ня трапілі ў топ-30.
Першыя месцы ў рэйтынгу займаюць Новая Зэляндыя, Сынгапур, Данія, Ганконг і Паўднёвая Карэя, апошнія (са 190 краінаў; некаторыя, як Паўночная Карэя, у рэйтынгу ня ўлічаны) займаюць Лібія, Емэн, Вэнэсуэла, Эрытрэя і Самалі.