Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былога палітвязьня Сьвятаслава Барановіча зноў судзяць. Цяпер за парушэньні ў калёніі


Сьвятаслаў Барановіч, архіўнае фота
Сьвятаслаў Барановіч, архіўнае фота

У Наваполацкай калёніі адбылося паседжаньне закрытага суду па новай справе супроць Сьвятаслава Барановіча, былога палітвязьня Плошчы, якога ў 2018 годзе ўжо асудзілі на 3 гады зьняволеньня за гвалт супроць міліцыянта падчас леташняга «маршу недармаедаў». Цяпер Барановічу пагражае перавод з калёніі на турэмны рэжым паводле абвінавачаньня ў шматлікіх парушэньнях парадку.

«Суд пачаўся 12 кастрычніка і неўзабаве прыпыніўся, а другое паседжаньне яшчэ не прызначана. Перапынак абвешчаны з той прычыны, што адвакатка хадайнічала аб правядзеньні шэрагу экспэртыз, у тым ліку стану здароўя Сьвятаслава», — перадала Свабодзе апошнюю інфармацыю пра вязьня ягоная сястра Натальля.

Паводле зьвестак, якія мае Натальля ад адвакаткі, Барановіч «выглядае вельмі схуднелым».

«Што вы хочаце, яго ўвесь час трымаюць у карцэры і сказалі, што будуць трымаць там да сьнежня», — сказала сястра Барановіча.

На пачатку чэрвеня Сьвятаслаў Барановіч трапіў у Наваполацкую калёнію, і ўжо праз 4 дні яго зьмясьцілі ў карцэр.

«Не пасьпеў падшыць турэмную бірку, нібыта за гэта. Яшчэ саджалі за тое, што не пагаліўся, ды іншыя праступкі тыпу „не зашпіліў гузік“. Ён мяркуе, што яго „прэсуюць“ адмыслова, а як там насамрэч, хто ж ведае? Я атрымала ад яго ўсяго адзін ліст за гэтыя ўжо амаль 5 месяцаў. У ліпені напісаў, што ўсё добра, але з таго часу ўвогуле лісты ад яго не даходзяць. І перадач ён пазбаўлены, і спатканьня не даюць. Вось такі рэжым у калёніі, які ўжо нічым не адрозьніваецца ад турэмнага», — кажа сястра Барановіча Натальля.

Паводле яе зьвестак, калі суд пагодзіцца з адміністрацыяй Наваполацкай калёніі, брата перавядуць у гарадзенскую ці жодзінскую турму.

«Марш недармаедаў», на якім Сьвятаслаў Барановіч пабіўся зь міліцыянтам у цывільным, праходзіў у сакавіку 2017 году. МІліцыянты вылічылі Сьвятаслава Барановіча па відэа і затрымалі ў кастрычніку таго ж году, а ў сакавіку 2018 году яго асудзілі за гвалт супраць міліцыянта на 3 гады зьняволеньня.

Гэта другая судзімасьць Барановіча. Першую ён атрымаў за ўдзел у мітынгу супраць фальшаваньня прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году — 3 гады без накіраваньня ў месцы зьняволеньня.

Тады праваабаронцы, пакуль Сьвятаслаў Барановіч быў пад вартай, прызналі яго палітвязьнем. Цяпер думкі праваабаронцаў адносна таго, ці лічыць Барановіча палітзьняволеным, падзяліліся. «Вясна», БХК ды некаторыя іншыя праваабарончыя арганізацыі такога рашэньня адносна Барановіча не прымалі. Сёлета ўвесну форум «Свабоду палітвязьням», які аб’ядноўвае шэраг грамадзкіх ініцыятываў і актывістаў, пастанавіў, што Сьвятаслава Барановіча беларускія ўлады перасьледавалі і працягваюць перасьледаваць з палітычных прычын.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG