КХП-БНФ атрымала афіцыйны дазвол Менгарвыканкаму на акцыю ў Лошыцкім яры 4 лістапада ў памяць пра ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, паведаміў БелаПАН выконваючы абавязкі старшыні гэтай партыі ў Беларусі Юрась Беленькі.
Паводле яго, менскія ўлады задаволілі заяўку цалкам. Дазволеная колькасьць удзельнікаў акцыі — да 500 чалавек.
Удзельнікі зьбірацьмуцца з 12.00 да 12.30 на пляцоўцы каля будынку Менскага гарадзкога палацу культуры (вул. Маякоўскага, 129). З 12.30 да 13.00 адбудзецца дэманстрацыя ходнікамі вуліцы Маякоўскага да памятнага крыжа ў Лошыцкім яры. Час правядзеньня мітынгу — да 15.00.
Паводле гісторыкаў, у 1930-х гадах на так званай Белай дачы ў Лошыцкім яры разьмяшчалася спэцкаманда НКВД, куды дастаўлялі арыштаваных ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Тут жа іх расстрэльвалі.
Хаду і мітынг у Лошыцкім яры КХП-БНФ традыцыйна праводзяць праз тыдзень пасьля акцыі ў Курапатах. Сёлета яна адбылася 28 кастрычніка.