Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У гадавіну «чорнай ночы» 1937-га паставілі помнік на магіле дасьледніка рэпрэсій Леаніда Маракова. ФОТА


Магіла Леаніда Маракова
Магіла Леаніда Маракова

На Заходніх могілках Менска (36-ы сэктар, 24-ы шэраг, 14-ы ўчастак) адбылося адкрыцьцё помніка на магіле Леаніда Маракова — пісьменьніка, гісторыка, дасьледніка сталінскіх рэпрэсій.

Леанід Маракоў памёр летась 17 сьнежня, маючы 58 гадоў. У яго была пухліна галаўнога мозгу, акрамя таго, ён перанёс інсульт.

Леанід Маракоў, архіўнае фота
Леанід Маракоў, архіўнае фота


Сёлета быў абвешчаны збор ахвяраваньняў на помнік, які вырабіў менскі скульптар Ігар Засімовіч. Арганізацыю і правядзеньне работ мантажу ўзяў на сябе Саюз беларускіх пісьменьнікаў.

29 кастрычніка 1937 году на працягу адной ночы ў менскай турме НКВД расстралялі больш за 100 грамадзкіх і культурных дзеячаў Беларусі. Сярод забітых быў і паэт Валеры Маракоў, вучань Янкі Купалы, дзядзька Леаніда Маракова.

На магіле Леаніда Маракова
На магіле Леаніда Маракова

Леанід Маракоў нарадзіўся 15 красавіка 1958 году. Паводле прафэсіі інжынэр-радыёэлектронік. Працаваў па спэцыяльнасьці на розных пардпрыемствах і ў Акадэміі навук, пазьней заняўся прадпрымальніцтвам.

У 1990-я стаў вывучаць біяграфію свайго дзядзькі, расстралянага 29 кастрычніка 1937-га. А пасьля на працягу дзесяцігодзьдзя зьбіраў зьвесткі пра іншых ахвяраў сталінскага рэжыму.

Вынікам стала маштабнае дасьледаваньне сталінскіх рэпрэсій у Беларусі — ім быў падрыхтаваны і часткова выдадзены 10-томны энцыкляпэдычны даведнік «Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асьветы, грамадзкія і культурныя дзеячы. 1794–1991». Агулам сабраныя зьвесткі пра 20 тысяч ахвяраў.

Паралельна Маракоў спрабаваў сыстэматызаваць зьвесткі пра тых, хто катавалі і забівалі; падрыхтаваў і выдаў кнігу-дасьледаваньне «Ахвяры і карнікі».

На магіле Леаніда Маракова
На магіле Леаніда Маракова

Асобна выйшла кніга, дзе сабраная інфармацыя пра рэпрэсаваных у Беларусі праваслаўных сьвятароў.

Леанід Маракоў вядомы і сваімі літаратурнымі творамі. Адной жа з апошніх у 2014 годзе выйшла яго манаграфія «Галоўная вуліца Менску. 1880–1940».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG