Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнтам Бразыліі выбралі Жаіра Балсанару, праціўніка міграцыі і прыхільніка Трампа


Жаір Балсанару
Жаір Балсанару

Па выніках другога тура прэзыдэнцкіх выбараў у Бразыліі перамог правы кандыдат Жаір Балсанару. У другім туры ён набраў 55% галасоў выбарнікаў, ягоны сапернік, кандыдат ад левай Партыі працоўных Фэрнанду Адад — 45%, паведамляе ВВC.

Перадвыбарчая кампанія праходзіла ва ўмовах жорсткай канфрантацыі двух кандыдатаў. Яшчэ пасьля абвяшчэньня папярэдніх вынікаў галасаваньня Адад заявіў, што пойдзе ў апазыцыю.

Новы прэзыдэнт афіцыйна зойме пасаду 1 студзеня 2019 году, на чатырохгадовы тэрмін. Дзейны прэзыдэнт Бразыліі Мішэль Тэмер ужо павіншаваў Балсанару зь перамогай.

63-гадовы Жаір Балсанару — першы ультраправы палітык, які прыйшоў да ўлады пасьля 1985 году, калі скончылася панаваньне вайсковай дыктатуры.

Многіх Балсанару абурыў пагардлівымі выказваньнямі ў адрас абаронцаў правоў жанчын і сэксуальных меншасьцяў, а таксама абразамі мігрантаў. У прыватнасьці, у адным з інтэрвію ён заявіў, што жанчына павінна атрымліваць меншую, чым мужчына, зарплату, таму што можа зацяжарыць і пайсьці ў дэкрэт.

Балсанару выступае за адмену абмежаваньня на свабоднае валоданьне агнястрэльнай зброяй, а таксама неаднаразова настальгічна выказваўся ў абарону часоў вайсковай дыктатуры.

У першую чаргу ён прыцягнуў электарат абяцаньнямі весьці прынцыпова іншую палітыку, чым тая, якую шмат гадоў вяла, знаходзячыся ва ўладзе, левацэнтрысцкая Партыя працоўных на чале з адпраўленым у турму за карупцыю экс-прэзыдэнтам Лула да Сілва і адпраўленай у адстаўку ў выніку імпічмэнту Дзілмай Русэф. Ён заяўляў, што мае намер змагацца са злачыннасьцю, а таксама ачысьціць Бразылію ад карумпаваных палітыкаў.

Прыхільнікі Балсанару лічаць, што ён выступіць гарантам бясьпекі Бразыліі, падтрымае традыцыйныя каштоўнасьці, а таксама будзе выступаць супраць легалізацыі абортаў.

У ходзе перадвыбарчай кампаніі Балсанару неаднаразова заяўляў, што прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп зьяўляецца яго кумірам і прыкладам для перайманьня. За яго вельмі правыя погляды яго часам называюць «трапічным Трампам».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG