На галоўнай плошчы Берасьця адбыўся чарговы пратэст супраць пабудовы акумулятарнага заводу. Гэтым разам — без затрыманьняў, але блогер Сяргей Пятрухін адбывае арышт.
Паводле ацэнкі праваабаронцы Ўладзімера Вялічкіна, сёньня на плошчу прыйшло каля 200 пратэстоўцаў, болей, чым мінулыя разы.
Людзі традыцыйна кармілі галубоў, ды гутарылі на розныя тэмы. Шмат было людзей зь дзецьмі, прыйшлі і пэнсіянэры. Міліцыянты патрулявалі плошчу, але да людзей не падыходзілі і прэтэнзій не выказвалі.
Пастаяўшы гадзіну людзі разышліся.
28 кастрычніка блогера Сяргея Пятрухіна выклікалі ў міліцыю. З пастарунку ён так і ня выйшаў, верагодна ў панядзелак яго павязуць зь ізалятару ў суд. Таксама, у міліцыю выклікалі блогера Аляксандра Кабанава і праваабаронцу Рамана Кісьляка, аднак яны туды не зьявіліся.
Акцыі праціўнікаў акумулятарнага заводу ў Берасьці адбываюцца некалькі месяцаў. Напачатку людзі выходзілі на плошчу, каб «пакарміць галубоў і такім чынам паказаць, што ёсьць тыя, хто незадаволены заводам». Таму гэтыя маўклівыя пратэсты часам называюць «акцыямі кармленьня галубоў».
Аднак у кастрычніку пратэст перастаў быць маўклівым. 7 кастрычніка, калі міліцыянты затрымлівалі некалькіх пратэстоўцаў, людзі сталі перад службовай машынай. Каб вырашыць сытуацыю, спатрэбілася ўмяшаньне АМАПу.
14 кастрычніка на акцыя прыехаў палітык Мікола Статкевіч. Блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандар Кабанаў прыйшлі з транспарантам супраць акумулятарнага заводу. Іх і яшчэ некалькі чалавек затрымалі.
Пратэст супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці ўзьнік напачатку 2018 году, калі стала вядома пра яго будаўніцтва. Людзі баяцца, што завод нанясе шкоду іх здароў’ю і навакольнаму асяродзьдзю.