Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь Беларусі дэпартавалі вядомага ва Ўкраіне бізнэсоўца, якога Расея лічыць тэрарыстам


Мікола Латанскі
Мікола Латанскі

У Менску затрымалі і дэпартавалі з тэрыторыі Беларусі вядомага ва Ўкраіне бізнэсоўца Міколу Латанскага.

Яго затрымалі позна ўвечары 23 кастрычніка ў гатэлі «Славянскі», што побач зь Менск-Арэнай. «Па дарозе ў РУУС я падазраваў, што менавіта мая публічная пазыцыя, накіраваная супраць палітыкі Расеі ва Ўкраіне, і можа быць прычынай, але я ня мог сабе нават уявіць, каб абвінавачаньне было сфармулявана такім чынам: „Латанскі Мікола Вітальевіч належыць да тэрарыстычнай экстрэмісцкай узброенай арганізацыі, якая ажыцьцяўляе падрыўную дзейнасьць на тэрыторыі Расеі“», — напісаў на сваёй старонцы ў Facebook украінскі бізнэсовец.

​Паводле яго, супрацоўнікі менскай міліцыі ставіліся да яго ветліва і з павагай, але вельмі доўга высьвятлялі тэлефонам у розных ведамствах, што зь ім рабіць: «І тут я выразна чую, як супрацоўнік, які атрымлівае па тэлефоне распараджэньне, паўтарае ўголас тое, што чуе на іншым канцы дрота: «Выпісаць „непажаданы“ і адпусьціць?».

Міколу Латанскага адпусьцілі з загадам да 24 кастрычніка пакінуць тэрыторыю Беларусі. Ва Ўкраіну ён вяртаўся аўтамабілем разам са сваёй жонкай Тацянай. «Ніколі я так моцна не імкнуўся на бацькаўшчыну. Украіна — свабодная краіна. Чарговы раз я ўсім сэрцам адчуў, што кірунак, у якім рухаецца мая радзіма, якім бы складаным ні быў гэты рух, — адзіна правільны. І я шчасьлівы, што жыву ва Ўкраіне», — прызнаўся бізнэсовец.

Мікола Латанскі таксама паведаміў, што пры дапамозе расейскага адваката Марка Фэйгана плянуе пачаць судовы працэс у справе аднаўленьня сваіх правоў. «Хоць дагэтуль справа застаецца вельмі няпростай. А, дакладней, яшчэ ніхто ня выйграў суд супраць ФСБ дзяржавы Расея», — дадаў ён.

Перад сваёй паездкай у Менск ён анансаваў шэраг сустрэч — у Алімпійскім камітэце Беларусі і зь «людзьмі, якія рыхтуюць беларускіх спартоўцаў да Алімпіяды ў Токіё ў 2020 годзе».

Мікола Латанскі лічыцца заснавальнікам індустрыі коўчынгу у лідэрстве. Ён стварыў рух «Сапраўдны посьпех» і ўласную акадэмію. За ўвесь час дзейнасьці ён выступаў у 23 краінах сьвету, зьбіраючы залі да тысячы асобаў. Ён адзін зь першых вучняў і сяброў амэрыканскага пісьменьніка Джэка Кэнфілда, вядомага матывацыйнага сьпікера і карпаратыўнага трэнэра, які сфармуляваў асноўныя законы дасягненьня посьпеху.

Мікола Латанскі сьцьвярджае, што ў сваю адукацыю ён інвэставаў больш за 750 тысяч даляраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG