Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Засакрэчаны дыягназ. Хто атруціў расейскага апазыцыянэра Кара-Мурзу


Уладзімір Кара-Мурза
Уладзімір Кара-Мурза

Федэральнае бюро расьсьледаваньняў ЗША правяло аналіз тканак, узятых у расейскага апазыцыянэра Ўладзіміра Кара-Мурзы, у якога ў лютым 2017 году быў паўторна выяўлены сымптомы атручваньня. Чальцы Кангрэсу пакуль беспасьпяхова патрабуюць ад ФБР зрабіць публічную заяву.

Кара-Мурза, які лябіяваў увядзеньне санкцый ЗША супраць расейскіх чыноўнікаў, кажа, што спрабуе атрымаць доступ да гэтых дадзеных, спасылаючыся на амэрыканскі закон аб свабодзе доступу да інфармацыі.

Дзьве лябараторыі ў ЗША, адна зь якіх зьвязаная з ФБР, правялі аналіз крыві, валасоў і іншых тканак, узятых у Кара-Мурзы пасьля таго, як ён быў шпіталізаваны ў Маскве ў лютым 2017 году і другі раз за два гады апынуўся ў рэанімацыі з сымптомамі атручваньня. Яшчэ дзьве лябараторыі — у Францыі і Ізраілі — таксама правялі аналізы, аднак яны аказаліся неадназначнымі.

Кара-Мурза кажа, што абодва разы яго атруцілі ў якасьці помсты за яго палітычную дзейнасьць, у тым ліку за лябіяваньне «закону Магніцкага», прынятага ў 2012 годзе. Гэты закон дазволіў увесьці санкцыі супраць расейцаў, якія, на думку Вашынгтону, парушаюць правы чалавека.

Расейскія лекары паставілі апазыцыянэру дыягназ «таксычнае дзеяньне неўдакладненых рэчываў».

Генадзь Гудкоў (зьлева) і Ўладзімір Кара-Мурза на жалобнай цырымоніі па забітаму Барысу Нямцову
Генадзь Гудкоў (зьлева) і Ўладзімір Кара-Мурза на жалобнай цырымоніі па забітаму Барысу Нямцову

Кара-Мурзе 37 гадоў, ён грамадзянін Расеі і рэзыдэнт ЗША, у яго ёсьць сувязі ў Кангрэсе. З дапамогай некалькі сэнатараў і як мінімум аднаго кангрэсмэна, якія зьвярнуліся да дырэктара ФБР Крыстафера Рэя, лябараторыя ФБР атрымала матэрыялы для аналізаў праз год пасьля шпіталізацыі Кара-Мурзы.

У размовах з чальцамі і супрацоўнікамі Кангрэса сёлета прадстаўнікі ФБР адзначалі, што разглядаюць магчымасьць частковага раскрыцьця вынікаў аналізаў. Пра гэта Радыё Свабода паведамілі крыніцы, непасрэдна знаёмыя з сытуацыяй. Яны казалі на ўмовах ананімнасьці, бо не былі ўпаўнаважаныя рабіць публічныя заявы.

Аднак па незразумелых прычынах ФБР затым паінфармавала іх, што раскрыцьця аналізаў ня будзе. Гэта выклікала незадаволенасьць сярод тых, хто лічыў гэтае пытаньне тэрміновым. Адзін з сэнатараў нават выказаў здагадку ў лісьце ў ФБР, што рэчыва, якім быў атручаны Кара-Мурза, магло быць засакрэчанае агенцтвам.

Сама Кара-Мурза распавёў Радыё Свабода, што ў ліпені падаў заяву ў ФБР паводле амэрыканскага закону аб свабодзе доступу да інфармацыі: ён хоча высьветліць, што агенцтва даведалася пра яго невытлумачальную хваробу

«За апошнія тры з паловай гады мяне двойчы спрабавалі забіць у Расеі, — распавёў Кара-Мурза. — Я толькі што вярнуўся ў Расею, каб працягнуць працу. Я разумею ўсе рызыкі, але мне здаецца, што тое, што мы робім, гэта важна. Калі нешта здольнае мяне хоць у нейкай ступені абараніць, гэта дакладнае і публічнае вызначэньне прычын таго, што адбылося ў 2015 і 2017 гадах».

«Публікацыя высноў гэтага расьсьледаваньня патрэбная не для цікаўнасьці, а зь меркаваньняў хоць бы малой ступені абароны ад паўтарэньня таго, што здарылася» — дадаў ён.

Складаныя таксыны

Спробы даведацца пра вынікі аналізаў Кара-Мурзы ў ФБР адбываецца на фоне паведамленьняў аб атручваньнях расейскіх актывістаў, бізнэсоўцаў, а таксама былога афіцэра расейскіх спэцслужбаў Сяргея Скрыпаля.

Скрыпаль і яго дачка Юлія былі шпіталізаваныя без прытомнасьці ў сакавіку 2018 году ў Солсбэры. Брытанскія ўлады вызначылі, што яны былі атручаныя «Навічком» — нэрвова-паралітычным рэчывам, распрацаваным у СССР.

Скрыпалі выжылі, а брытанскія ўлады абвінавацілі ў арганізацыі атручваньня двух супрацоўнікаў расейскай вайсковай выведкі. Празь некаторы час пасьля атручваньня Скрыпалёў брытанка Дон Стэрджес памерла пасьля таго, як выпадкова атруціліся «Навічком».

У верасьні расейскі апазыцыйны актывіст і выдавец Пётр Вярзілаў нечакана захварэў у Маскве. Лекары ў Нямеччыне, якія лячылі яго, сказалі, што атручэньне — «вельмі праўдападобная» вэрсія.

І Вярзілаў, і Кара-Мурза кажуць, што яны былі атручаныя складанымі таксынамі, доступ да якіх ёсьць толькі ў расейскіх спэцслужбаў.

Партрэт Аляксандра Літвіненкі на выставе ў Маскве, 2007 год.
Партрэт Аляксандра Літвіненкі на выставе ў Маскве, 2007 год.

Расея неаднаразова адхіляла абвінавачваньні ў датычнасьці да атручваньня апазыцыянэраў, у тым ліку былога супрацоўніка ФСБ Аляксандра Літвіненкі, які памёр у Лёндане ў 2006 годзе пасьля атручваньня радыяактыўным ізатопам палёніюм-210.

Адвакат Кара-Мурзы Вадзім Прохараў адмовіўся адказваць на пытаньне аб выніках аналізаў, атрыманых у ЗША.

Прохараў паведаміў, што расейскія сьледчыя распытвалі Кара-Мурзу і яго жонку Яўгенію ў красавіку, калі вывучалі абставіны магчымага атручваньня. Паколькі Ўладзімір і Яўгенія ў той момант знаходзілася ў ЗША, гутарка адбылася па скайпе.

Па словах адваката, улады яшчэ не паведамілі, ці заведзеная крымінальная справа. «Будзем далей разьбірацца» - заявіў Прохараў.

Раней Прохараў казаў, што, на яго думку, аднаўленьне праверкі Сьледчым Камітэтам было фармальнасьцю ў адказ на міжнародную рэакцыю на атручэньне Скрыпалёў.

Кара-Мурза адчуў сябе кепска 2 лютага 2017 году ў Маскве і трапіў у рэанімацыю. Жонка паведаміла, што ў яго адмовілі ныркі і ён уведзены ў штучную кому.

Сваякі кажуць, што сымптомы былі амаль ідэнтычныя сытуацыі 2015 году, калі Кара-Мурза таксама быў на мяжы сьмерці. Незалежны таксыкалягічны аналіз, праведзены ў францускай лябараторыі, адназначных вынікаў не даў.

Кара-Мурза працуе ў няўрадавай арганізацыі Міхаіла Хадаркоўскага «Адкрытая Расея» і быў блізкім сябрам Барыса Нямцова, якога застрэлілі каля Крамля ў лютым 2015 году, за тры месяцы да першага эпізоду загадкавай хваробы Кара-Мурзы.

Адразу пасьля другога эпізоду хваробы ў лютым 2017 году Яўгенія Кара-Мурза перадала ўзоры крыві, валасоў і пазногцяў мужа ў прыватныя лябараторыі ў Францыі і Ізраілі.

«Дамагчыся справядлівасьці»

Адным з самых уплывовых прыхільнікаў Кара-Мурзы ў Кангрэсе ЗША быў сэнатар ад Рэспубліканскай партыі Джон Макейн.

Пасьля сьмерці Макейна Кара-Мурза быў адным з тых, што нёс труну з целам.

У лісьце да дырэктара ФБР Рэя ад 22 верасьня 2017 году са пытаньнямі аб хадзе расьсьледаваньня Макейн скардзіцца на замаруджваньне і прасіў зрабіць яго прыярытэтным. Акрамя таго, Макейн пісаў, што лічыць абодва эпізоды наўмыснымі атручваньнямі, зьвязанымі з палітычнай дзейнасьцю Кара-Мурзы.

«Відавочна, што Ўладзімір стаў ахвярай бязьлітаснай кампаніі Пуціна супраць апазыцыі. Даведаўшыся, хто і як гэта зрабіў, мы дапаможам Уладзіміру дамагчыся справядлівасьці, якую ён заслугоўвае, і трохі абараніць яго ад паўторных замахаў на яго і іншых дысыдэнтаў» – пісаў Макейн.

Уладзімір Кара-Мурза (зьлева) і Джон Макейн падчас сустрэчы ў Сэнаце ЗША, сакавік 2017
Уладзімір Кара-Мурза (зьлева) і Джон Макейн падчас сустрэчы ў Сэнаце ЗША, сакавік 2017

Cэнатор Роджэр Уікер (рэспубліканец, штат Місісіпі) паведамляў у лісьце на імя Рэя ў сакавіку 2018 году, што жонка Кара-Мурза перадала «у вашую лябараторыю для далейшага аналізу ўзораў валасоў, крыві і пазногцяў 19 лютага 2017 году».

«Я прашу па гэтым афіцыйным запыце даць заключэньне аналізаў, а таксама рэкамэндацыі Кара-Мурзу адносна будучых паездак» – пісаў Уікер.

«Нават калі канкрэтная назва атрутнага рэчыва зьяўляецца закрытай інфармацыяй, я спадзяюся, што вы зможаце ясна назваць тып атручваньня і як яно было ўчыненае» – дадаў сэнатар Уікер.

Адказу пакуль не атрымана.

Карл Шрэк, Майк Экель

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG