Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра нечаканы Ізраіль, творчасьць і сына Сьцёпу, — як жыве ў эміграцыі акторка Ганна Хітрык


Ганна Хітрык у сваім тэатры кніг для дзяцей «Дом чорнай савы» ў Раанане
Ганна Хітрык у сваім тэатры кніг для дзяцей «Дом чорнай савы» ў Раанане

Ганна Хітрык, беларуская акторка і сьпявачка, у 2017 годзе пераехала зь сям’ёй жыць у Ізраіль — дзеля сына Сьцёпы. У хлопчыка аўтызм, а дзецям з асаблівасьцямі ў гэтай краіне створаны добрыя ўмовы для камфортнага і пасьпяховага жыцьця.

Хто такая Ганна Хітрык. Адной карцінкай
Хто такая Ганна Хітрык. Адной карцінкай

​Свабода пагутарыла з Ганнай пра тое, як склалася яе жыцьцё ў эміграцыі.

Тут цэняць самыя простыя рэчы

— Вы пераехалі ў Ізраіль год таму. Якія самыя моцныя ўражаньні ад новай краіны і людзей за гэты час?

Кожны дзень нехта абавязкова дапамагае. І не таму, што мы просім, калі просім — дапамогуць яшчэ ў пяцьсот разоў больш.

— Гэта надзвычай цудоўныя, добрыя людзі! Мы не чакалі такога. Кожны дзень нехта абавязкова дапамагае. І не таму, што мы просім (а калі просім — дапамогуць яшчэ ў пяцьсот разоў больш).

Напрыклад, часам прыходзім дахаты, а на ручцы нашых дзьвярэй вісіць пакет, і ў ім — сьвежыя круасаны з шакалядам, булачкі — гэта наша суседка насупраць. Яна ня ведае ні слова па-расейску, я ж не размаўляю на іўрыце і, калі сустракаю яе, адно ўсьміхаюся «ва ўсе трыццаць колькі ёсьць» і кажу: «Тада́ раба́!» («вялікі дзякуй» на іўрыце), бо пакуль ня ўмею сказаць больш.

Калі ёсьць праблема аплаціць электрычнасьць, газ (тут свае правілы, цэлая «камунальная гісторыя»), я дакладна ведаю, што магу зьвярнуцца да абсалютна любога незнаёмага чалавека, які гаворыць па-расейску, — і ён знойдзе час і пойдзе са мной за ручку, і яшчэ будзе там крычаць: «Яна новенькая, зараз жа зрабіце ёй зьніжку!» Гэта ўнікальна.

Ганна Хітрык
Ганна Хітрык

— Калі параўноўваць: што ў Ізраілі ня так, як у Беларусі?

— Ведаеце, як тут зробленыя кватэры? Гэта адразу кідаецца ў вочы пры пераезьдзе. Тут няма шпалераў, дарагой тынкоўкі — тут ва ўсіх звычайныя сьцены, пафарбаваныя ў белы ці іншы колер. Калі ў цябе шмат грошай — магчыма, ты будзеш жыць у кватэры ці доме большага памеру, але ў цябе застануцца тыя ж простыя сьцены.

Я тут не пабачыла ніводнага забулдыгі. Можна ўначы спакойна хадзіць па вуліцах, і будзе страшна толькі «па звычцы».

Тут старых даглядаюць спэцыяльныя людзі, выводзяць іх гуляць. Часьцей за ўсё грошы на гэта выдаткоўвае дзяржава. І неістотна — інсульт, інфаркт, што заўгодна, чалавек можа нават ня рухаць нічым — яго будуць вывозіць на вазку на прагулку.

Сын Ганны Сьцёпа падчас габрэйскага сьвята Шавуот
Сын Ганны Сьцёпа падчас габрэйскага сьвята Шавуот

Тут нават у парк для адпачынку, дзе дазволена рабіць шашлыкі, прыяжджаюць усялякія службы, выдаюць пакеты, каб ты не пакідаў пасьля сябе ніякага сьмецьця. І раптам разумееш, наколькі ты ў параўнаньні зь імі недасканалы.

Тут зусім іншыя каштоўнасьці. Тут цэняць проста тое, што жывуць. Бо ніхто ня ведае, калі што можа здарыцца і колькі таго жыцьця застанецца. Тут у новых дамах, у больш дарагіх кватэрах ёсьць пакой-бамбасховішча, і калі раптам сырэна, дык уся сям’я ідзе ў гэты пакой. Дзіця 14-гадовае мне тлумачыла: «Ты, галоўнае, ня бойся. Калі будзе сырэна, трэба легчы вось так (паказвае), і з табой нічога ня здарыцца. А калі будзеш баяцца, тады табе нельга тут жыць, бо можа абавязкова нешта здарыцца. Зразумела?» Тут цэняць самыя простыя рэчы. Пайдзі на рынак, купі памідораў і будзь шчасьлівы, у чым праблема?

А ўвогуле я б не хацела, каб расповед пра Ізраіль выглядаў як «тут усё крута, а Беларусь дрэнная». Вядома, не, тут таксама шмат сваіх цяжкасьцяў, але кожны сюды прыяжджае па нешта канкрэтнае.

Мы прыехалі, ведаючы, што тут ёсьць умовы для дзяцей з асаблівасьцямі, і мы іх атрымалі. А як нам цяжка, ці хапае нам на ежу — гэта іншае. Гэта наш асабісты выбар, і мы зь ім згодныя.

Пра цэны ў Ізраілі

— Ці дорага жыць у Ізраілі?

Я ня бачыла краіны даражэйшай.

— Цэны тут, папраўдзе, шалёныя. Шчыра кажучы, я ня бачыла краіны даражэйшай. Я не магу сказаць, што я ўвесь сьвет аб’ехала, але паезьдзілі мы шмат, і ў параўнаньні зь іншымі краінамі тут вельмі дорага.

Напрыклад, мы здымаем невялікую сьціплую кватэру ў старым доме бязь ліфта і плоцім каля 1700 даляраў за месяц (з камунальнымі). Можаце сабе ўявіць, як цяжка было, калі мы толькі пераехалі...

Цяпер, зразумела, хапаесься за любую працу. Яно, зрэшты, так было і ў Менску, але калі прыяжджаеш з краіны, дзе даход у 5-10 разоў меншы, і трэба заплаціць адразу вялікую суму за арэнду кватэры (тут дамова і аплата на год наперад) — ты проста ў шоку.

Ганна Хітрык з мужам Сяргеем і сынам Сьцёпам
Ганна Хітрык з мужам Сяргеем і сынам Сьцёпам

Дапамога рэпатрыянтам

— У Ізраілі ёсьць спэцыяльнае міністэрства, якое адказвае за рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі ў галіне іміграцыі і рэпатрыяцыі ў Ізраіль. Новым рэпатрыянтам даюць пэўныя льготы. А што зрабіла для вас дзяржава?

— Тое самае, што яна робіць для ўсіх рэпатрыянтаў. Мы атрымалі «кошык абсорбцыі», як усе (матэрыяльная дапамога тым, хто вяртаецца ў Ізраіль па праграме рэпатрыяцыі: частка грошай даецца ў аэрапорце па прыбыцьці ў краіну, рэшту выплочваюць штомесяц на працягу паўгода. — РС.). Гэта грошы, якія, безумоўна, нам вельмі дапамагалі, бо калі ты ходзіш ва ўльпан (адукацыйная ўстанова, дзе вучаць іўрыт. — РС.) і ў цябе дзіця, ты ня можаш яшчэ і працаваць.

У нас дзіця з асаблівасьцямі разьвіцьця, і ніводная праграма ў сябе гэта не ўключала. Таму мы проста ехалі кудысьці, у нікуды.

Мы, на жаль, ня трапілі ні пад якую праграму — гэта быў мінус, бо там і ўльпан, і нейкая праца, і дзіця адразу кудысьці ўладкаванае. Але ў нас дзіця з асаблівасьцямі разьвіцьця, і ніводная праграма ў сябе гэта не ўключала. Таму мы проста ехалі кудысьці, у нікуды... Зрэшты, як вельмі многія.

Прыехалі ў горад Раанана (20 км на поўнач ад Тэль-Авіву), бо тут у нас былі знаёмыя і мы ведалі, што нам са Сьцёпам дапамогуць прайсьці ўсе камісіі. Як прайшлі камісіі і атрымалі інваліднасьць, цяпер дзяржава Сьцёпу нават дапамагае. Грошы невялікія, але гэта дапамагае.

У працаўладкаваньні нам ніхто дапамагчы ня можа, бо мы акторы. Калі б мы мелі іншыя, больш запатрабаваныя прафэсіі, можа, і дапамаглі б. Тут ёсьць сацыяльныя работнікі, яны нам тэлефанавалі, распытвалі аб прафэсіі, дыплёмах, ці хочам мы працаваць акторамі. Мы, вядома, сказалі «так», але ў які тэатар нас могуць уладкаваць? Ды і мы з мужам вырашылі, што ня вельмі хочам у тэатар.


Пра творчасьць

Ганна Хітрык на сцэне Купалаўскага, спэктакль па п'есе Чэхава «Чайка»
Ганна Хітрык на сцэне Купалаўскага, спэктакль па п'есе Чэхава «Чайка»

— Але ў Беларусі вы з мужам ня толькі зараблялі, але і жылі творчасьцю: тэатрам, музыкай. «Бяз творчасьці зусім ніяк» — гэта вашы словы. А як цяпер?

Я лічу, што дзіцяці патрэбныя бацькі. Мы пераехалі дзеля Сьцёпкі і будзем рабіць усё дзеля яго.

— Калі яшчэ толькі плянавалі пераезд, мы думалі пайсьці паспрабавацца ў вядомы мясцовы тэатар «Гешар», які шмат год таму адкрылі ў Тэль-Авіве расейскія імігранты. Але вырашылі, што не — калі пачнём граць, зноўку вечарамі нас ня будзе дома, а гэта тое, пра што я так шкадавала ў Менску. Я лічу, што дзіцяці патрэбныя бацькі. Мы пераехалі дзеля Сьцёпкі і будзем рабіць усё дзеля яго. Так яно ўсё і замялася.

— Але ў вас цяпер таксама творчая праца: 14 верасьня вы адкрылі ў Раанане тэатар кніг для дзяцей «Дом чорнай савы». Раскажыце, што за тэатар кніг такі і хто яго наведвае?

— Гэта 22 квадратныя мэтры шчасьця! Мы з мужам рызыкнулі і за тое, што ў нас было, зьнялі маленькае памяшканьне ў цэнтры нашага гарадка. Назвалі яго «Дом чорнай савы». Пакуль там ёсьць толькі маленькая бібліятэка і тэатральная студыя. Цяпер мы рэпэтуем спэктакль, які хочам зрабіць.

Заняткі ў «Доме чорнай савы»
Заняткі ў «Доме чорнай савы»

У мяне 7 тэатральных групаў, іх наведваюць дзеткі ад 4 да 9 гадоў. Групы малыя, максымум па 5 чалавек, каб улічваць індывідуальнасьць кожнага — дзеткі ж розныя, ва ўсіх свая энэргетыка, свой рытм.

Мы чытаем зь імі кнігі, шмат размаўляем, фантазіруем, вельмі шмат абмяркоўваем унутраны стан дзіцяці. Калі дзіця табе гатовае расказаць самае дрэннае і самае добрае, прынесьці табе кожны свой новы сіняк — гэта ступень даверу. Як толькі дзіця табе давярае, зь яго можна ляпіць вельмі шмат. Не гвалтоўным чынам — «ручку ўгору, ножку ўніз», а менавіта каб зь яго гэта «ішло».

Заняткі ў «Доме чорнай савы»
Заняткі ў «Доме чорнай савы»

— Гэта праца, якая прыносіць добры заробак, хобі для душы альбо ідэальнае спалучэньне першага і другога?

— Пакуль пра заробак гаворкі няма, пакуль гаворка пра раскрутку чагосьці новага. Я цяпер імкнуся да таго, каб адбіць арэнду (бо арэнда страшэнна дарагая) і каб хаця б нешта ўвогуле засталося. А мой муж, пакуль я тут мару, вымушаны «пахаць» на ўсю сям’ю і падпрацоўваць, дзе толькі можа. Увогуле, ён сапраўдны малайчына, наш тата.

У Ізраілі ў мяне зьявілася надзвычай велізарнае захапленьне сваім мужам.

У Ізраілі ў мяне зьявілася велізарнае захапленьне сваім мужам. Зразумела, я заўжды яго кахала і, як любы чалавек, для блізкага зраблю ўсё. Але цяпер бачу ў ім ня проста каханага мужа, рознага, усялякага — а таксама вялікую апору.

— У Беларусі вас ведаюць ня толькі як акторку, але і як сьпявачку, лідэра музычных гуртоў «Детидетей» і «S°unduk». Вы днямі напісалі ў сацсетках «Я зноўку ў музыцы». Пра што гэта? Мо нечым парадуеце прыхільнікаў?

— Гэты пэрыяд адаптацыі і стрэсу быў зацяжны і вельмі складаны. Я нават не магу сказаць, што ён цалкам закончыўся. Пасьля пераезду я больш за паўгода нічога не пісала, і для мяне гэта катастрофа. Мне здавалася, што «я як я» скончылася. Што тут пачалося новае жыцьцё і новая я — і яно пачалося бяз музыкі. Я вельмі бедавала з гэтай нагоды.

Адзін з канцэртаў гурту «S°unduk» у Беларусі
Адзін з канцэртаў гурту «S°unduk» у Беларусі
Гэта мая мара: прыехаць і ў родным тэатры зрабіць канцэрт. І я прыеду абавязкова.​

А нядаўна нейкія штукі сталі паціху ўсплываць у галаве, і я так загарэлася... Я вельмі хачу прыехаць, але разумею, што цяпер кінуць сям’ю хаця б на тыдзень — каб парэпэтаваць з гуртом, зрабіць усё прыгожа і правільна — я ня маю права. Бо мы тут зусім адны, у нас няма грошай на ўсялякіх нянек (ды і не патрэбны яны, мама — гэта мама). Але я не бяру сваіх словаў назад. Гэта мая мара: прыехаць і ў родным тэатры зрабіць канцэрт.

​А пакуль... Вось з мужам нядаўна запісалі маленькую песеньку «Гімн чорнай савы» — да адкрыцьця нашага тэатру кніг. Гэта наш першы запіс у Ізраілі, натуральна, у хатніх умовах, без прафэсійных інструмэнтаў. Цяпер у Ізраіль пераехаў вядомы музыка Аляксандар Хаўкін (беларускі гукарэжысэр, былы скрыпач гурту «Крамбамбуля». — РС.), і мы зьбіраемся зь ім сустрэцца — можа, што-небудзь прыдумаем цікавае разам.

Ганна падчас запісу «Гімну чорнай савы»
Ганна падчас запісу «Гімну чорнай савы»

Пра сына Сьцёпу і дзяцей з асаблівасьцямі

— Вы пераехалі дзеля сына. Але яшчэ ў 2015-м казалі ў інтэрвію, што «за год адбыліся велізарныя зьмены: людзі, якія ня ведаюць пра Сьцёпаў дыягназ, у тым ліку і лекары, бачаць звычайнага хлопчыка». Мо і ў Беларусі Сьцёпу дапамаглі б?

— Адна справа — знайсьці добрых пэдагогаў, бачыць самой, як выдатна Сьцёпа разьвіваецца (і прагрэс сапраўды вельмі вялікі). Але праблемы ёсьць, яны нікуды ня зьнікнуць — у любым выпадку нейкія зь іх застануцца. І тут гаворка пра стаўленьне да гэтага з боку іншых людзей...

Ганна з сынам
Ганна з сынам

Кожны раз, як мы ў Менску выходзілі пагуляць у двор, бацькі, калі бачылі Сьцёпавы асаблівасьці, проста забіралі дзяцей і сыходзілі. Пры тым, што Сьцёпа ніколі ня быў агрэсіўным, ня бегаў голым, ня кідаў камусьці ў твар пяску ці яшчэ нешта такое. Ён упадаў у гістэрыкі, мог проста сядзець і сыпаць перад сабой пясок ці катаць машынку туды-сюды, не гуляў у гульні, калі яму было тры гады. І ўсе бацькі забіралі сваіх дзяцей — была пустая горка. Быў аншляг — і раптам стала пуста.

Калі бачыла ў Беларусі агрэсію і злосьць у дачыненьні да свайго дзіцяці ці іншых дзяцей з асаблівасьцямі — я ў гэтыя моманты крыху памірала.

Я штодня атрымлівала нейкую дозу такога «пазытыву». І кожны раз, калі бачыла, як ад Сьцёпкі шугаюцца, назірала агрэсію і злосьць у дачыненьні да свайго дзіцяці ці іншых дзяцей з асаблівасьцямі — я ў гэтыя моманты крыху памірала. Я страчвала веру ў людзей.

Гучыць банальна і вельмі патасна — «вера ў людзей». Але я сапраўды той чалавек, які не разумее гэтага сьвету, калі ты ня любіш людзей. Навошта тады гэты сьвет патрэбен? Для чаго? Для сябе любімага? Не разумею. І не хачу разумець. Я ведаю дакладна, што людзей любіць трэба, але часам я... траціла такую магчымасьць.

— У Ізраілі такога стаўленьня да дзяцей з аўтызмам няма?

— Не, у Ізраілі ўвогуле гэтага няма. Дзеці тут — самыя галоўныя чалавекі.

Калі прыходжу на нейкую праверку са Сьцёпкам, магу спакойна сказаць, што ў мяне сын з асаблівасьцямі — і там усьміхаюцца, гладзяць яго па макушцы і кажуць: «Гэй, усё выдатна, усе мы асаблівыя!» Тут дактары цябе супакойваюць, зьвяртаюць увагу на добрае, і ты сам пачынаеш думаць станоўча: «Так, мой сын малайчына, ён умее!» У цябе распытваюць пра яго сяброў, улюбёныя цацкі, гульні, пра ўсё-ўсё — і здаецца, што яны сапраўды вельмі хочуць ведаць усё пра тваё дзіця, сябраваць зь ім, гатовыя горы для яго зьвярнуць.

— Сьцёпа пайшоў у звычайную ці спэцыялізаваную школу?

Сьцёпа ідзе ў школу
Сьцёпа ідзе ў школу

— Сьцёпка вучыцца ў звычайнай школе, у якой ёсьць інтэграваная кляса. Выглядае гэта так: ёсьць галоўны будынак школы і каля яго, справа і зьлева, асобныя маленькія. Звонку яны даволі сьціплыя, але ўсярэдзіне ўсё ўтульненька, у кожнага асобная дошка, свая парта. Навучаньне ў школе бясплатнае.

У клясе 8 дзетак і чацьвёра дарослых — два пэдагогі і два выхавальнікі. Т’ютараў і суправаджэньня ў нас няма, бо кляса маленькая. Але калі б я сказала: «Хачу, каб ён вучыўся зь іншымі дзецьмі» — тут гэта абсалютна не праблема, ён пайшоў бы ў звычайную клясу, і там у яго быў бы асабісты т’ютар, які б суправаджаў і дапамагаў. Але кідаць дзіця ў настолькі стрэсавыя ўмовы толькі таму, што я мару, каб ён вучыўся ў звычайнай клясе — я яшчэ не звар’яцела.

— Як Сьцёпа пачуваецца сярод іншых дзетак?

— У яго была вельмі складаная адаптацыя. Ён прыйшоў у клясу, дзе ўсе гавораць на іўрыце, і ў яго першы час проста «сарвала дах». Былі гістэрыкі, ён штурхаў настаўнікаў, не хацеў увогуле нічога. Было цяжка, я казала: «Навошта мы сюды прыехалі? Тут усё яшчэ горш, паехалі дахаты». Але паціху, паволі, як тут кажуць... Цяпер у яго зьявіўся найлепшы сябра, мы ходзім да іх у госьці, яны таксама да нас прыходзяць. Усе Стэфана любяць. Ён, праўда, пакуль кепска размаўляе на іўрыце, але ж яшчэ не прайшло і году.

Пра адаптацыю і сум па радзіме

— А для вас кінуць звыклае жыцьцё, пачаць усё з нуля ў чужой краіне было вялікім стрэсам?

Ізраіль быццам узяў і паказаў усе мае слабыя месцы.

— Я заўжды думала, што я чалавек цярплівы, што калі трэба пакорліва «вытрываць нейкі боль», я ўмею гэта рабіць, але Ізраіль быццам узяў і паказаў усе мае слабыя месцы. Тут трэба было ўвогуле жыць па-новаму. Усё-ўсё па-новаму. Было вельмі цяжка.

Мне страшэнна цяжка даецца іўрыт: часам здаецца, што ніколі не зразумею ніводнага чалавека. І ўвогуле: гэта не мая кватэра, гэта не маё, тут няма нічога, што я люблю — улюбёных мясьцінаў, маіх сяброў, нічога няма. Хочацца ў тэатар, на сцэну, мару пра канцэрт «S°unduk» — я пэрыядычна зрываюся, плачу. Толькі пры Сьцёпу нацягваю на твар усьмешку, нават калі абсалютна ня хочацца гэтага рабіць.

Першы Новы год у Ізраілі
Першы Новы год у Ізраілі

— Сумуеце па Беларусі? Каго і чаго найбольш не хапае?

— Я вельмі сумую па людзях. Для мяне краіна — гэта людзі. Любімыя людзі; людзі, якія цябе разумеюць. І гэтая любоў застанецца са мной назаўжды. А вось так сказаць «Я сумую па Беларусі» не магу. Я, відаць, не патрыётка.

Краіна — гэта проста вялікая колькасьць людзей, якія або любяць адзін аднаго і робяць краіну моцнай, або зьнішчаюць адзін аднаго — і робяць краіну слабой. А зьнішчаць адзін аднаго можна неабавязкова фізычным гвалтам, можна і маральна. Што такое краіна? Гэта і тыя людзі, якія крычалі, што мой сын вылюдак. Можа быць так, што ты горача любіш сваіх людзей, сваю працу — але зьбярэш клункі і зваліш з гэтай краіны. І я лічу, што гэта ня слабасьць.

— Ізраіль — гэта назаўжды? Ці думаеце пра тое, каб вярнуцца?

— Магчыма, здарыцца так, што мы вернемся — я ня ведаю, ніхто ня ведае. Мне цяжка тут, Ізраіль пакуль ня мой дом, і ня ведаю, ці стане калісьці ім. Тут мільярд праблем, якія я пакуль нават ня ведаю, як вырашыць. Я жудасна ссумавалася па сям’і (па сястры, матулі, брату), па родных, блізкіх і добрых беларускіх людзях, па беларускай мове, па сцэне. Па ўсіх, каго я сустрэла і знайшла за свае 38 год.

Але я буду чапляцца за гэтую краіну. Я хачу, каб маё дзіця жыло ў такім грамадзтве, бо ня ведаю, калі гэты вопыт пяройдзе да краінаў постсавецкай прасторы. Пастараюся застацца тут і проста прыяжджаць і прывозіць вам нейкія цікавыя гісторыі. Будзем бачыцца і абдымацца.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG