Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьня Дзьмітрыя Паліенку выпусьцілі на волю


Зьміцер Паліенка (справа) прыехаў у Менск. 24 кастрычніка 2018 году
Зьміцер Паліенка (справа) прыехаў у Менск. 24 кастрычніка 2018 году

Пра гэта Свабодзе паведаміла сяброўка актывіста Марына Насенка. Паводле яе, Дзьмітры патэлефанаваў ёй з бабруйскага вакзалу а 7-й раніцы і сказаў, што праз 3 гадзіны будзе ў Менску.

Ля калёніі Дзьмітрыя зьбіраліся сустрэць родныя, сябры, паплечнікі.

Вязень сумленьня

За кратамі Дзьмітры прабыў больш за паўтара года. Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала яго вязьнем сумленьня. Дзьмітрыя асудзілі за «гвалт або пагрозу ўжываньня гвалту ў дачыненьні супрацоўніка органаў унутраных спраў» і «выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару». Сваёй віны ён не прызнаў.

Беларускія праваабаронцы патрабавалі вызваліць актывіста. Прысуд яму называлі палітычна матываваным.

За што быў пакараны

Дзьмітры Паліенка, архіўнае фота
Дзьмітры Паліенка, архіўнае фота

Дзьмітрыя Паліенку затрымалі ў Менску 29 красавіка 2016 году на акцыі раварыстаў «Крытычная маса». Ёю больш за дзясятак удзельнікаў акцыі хацелі прадэманстраваць уладам недахопы роварнага руху на вуліцах сталіцы. Намерам маладзёнаў перашкодзіла міліцыя. Большасьць зь іх арыштавалі, але неўзабаве вызвалілі. За кратамі пакінулі Дзьмітрыя Паліенку і Станіслава Канавалава. 2 траўня Станіслава выпусьцілі. Дзьмітры застаўся ў няволі.

Абодвум выставілі абвінавачваньне ў «гвалце або пагрозе ўжываньня гвалту ў дачыненьні супрацоўніка органаў унутраных спраў». Пазьней Дзьмітрыю інкрымінавалі таксама «выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару».

12 кастрычніка, пасьля амаль паўгадовага зьняволеньня, Цэнтральны суд Менску пакараў актывіста на 2 гады зьняволеньня з двухгадовай адтэрміноўкай і пастанавіў вызваліць у залі суду.

7 красавіка 2017 году за парушэньне ўмоваў адбыцьця пакараньня суд Заводзкага раёну Менску адмяніў Дзьмітрыю адтэрміноўку. З улікам зьняволеньня, праведзенага ў 2016 годзе пад вартай да суду, тэрмін пакараньня актывіста склаў паўтара года і 13 дзён.

Беларускія праваабронцы прызналі Дзьмітрыя Паліенку палітвязьнем і запатрабавалі яго тэрміновага вызваленьня Пазьней міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International заклікала беларускія ўлады «неадкладна і без умоваў вызваліць Зьмітра Паліенку, вязьня сумленьня, які быў зьняволены выключна за мірнае ажыцьцяўленьне сваіх правоў на свабоду слова і мірных сходаў». Зварот яны разьмясьцілі на сваім сайце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG