У Ленінскім судзе Берасьця адбыліся паседжаньні па справах чатырох затрыманых на мінулым тыдні пратэстоўцаў супраць акумулятарнага заводу.
Андрэй Шарэнда атрымаў 15 базавых штрафу (367,5 рублёў) за ўдзел у несанкцыянаванай масавай акцыі. Па 10 базавых (245 рублёў) атрымалі Валер Фамінскі і Алесь Абляк.
Абляк на працэсе заявіў хадайніцтва, каб яго судзілі на беларускай мове. Судзьдзя Аляксандар Семянчук адхіліў хадайніцтва, спаслаўшыся на тое, што ў Беларусі дзьве дзяржаўныя мовы.
Суд над адным зь лідэраў пратэстоўцаў Дзям’янам Лепясевічам перанесьлі па яго хадайніцтве на 26 кастрычніка. Лепясевіч сказаў, што блага пачуваецца пасьля затрыманьня, стаў горш бачыць і чуць. Ён заявіў, што расцэньвае як катаваньні тое, што ў камэры ізалятара была антысанітарыя, бляклае сьвятло, да яго падсялілі бруднага бадзягу, адключалі ваду, гудзеў вэнтылятар.
Лепясевіча, Абляка, Фамінскага і Шарэнду затрымалі напрыканцы мінулага тыдня за ўдзел у акцыі пратэсту супраць акумулятарнага заводу, якая прайшла 14 кастрычніка.
Праваабаронцы мяркуюць, што гэта былі прэвэнтыўныя затрыманьні, каб не дапусьціць іх удзелу ў пратэсьце 21 кастрычніка.
Акцыя 21 кастрычніка прайшла фактычна бязь лідэраў пратэсту. Блогеры Сяргей Пятрухін і Аляксандар Кабанаў адбывалі арышт, многіх пратэстоўцаў, а таксама журналістаў выклікалі позвамі ў міліцыю якраз на час правядзеньня акцыі ў нядзелю.
Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць
- Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
- Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
- Штонядзелі пратэстоўцы выходзілі на цэнтральную плошчу ў Берасьці. Блогераў і актывістаў затрымлівалі, выносілі ім папярэджаньні, штрафавалі і абавязвалі выбачыцца за відэа пра акумулятарны завод.
- Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
- У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
- У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
- У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
- 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
- У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
- 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
- 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
- 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.