«Вы зразумейце, сьвінец можна есьці, як яблык», — супакойвае людзей галоўны інжэнэр кампаніі «АйПаўэр», якая будуе завод па вытворчасьці аўтамабільных акумулятараў. Свабода на месцы разьбіралася, што так турбуе берасьцейцаў.
«Мы тут проста галубоў кормім»
11 сакавіка на цэнтральнай плошчы Берасьця адбылася незвычайная акцыя. Больш за сотня чалавек сабраліся пакарміць птушак і паразмаўляць пра будаўніцтва акумулятарнага заводу, якое будуецца за чатыры кілямэтры ад гораду. Зьбіраліся ўжо трэці раз. Кажуць, што раней людзей прыходзіла менш.
«Мы тут проста галубоў кормім, не пратэстуем. Вядома, гутарым таксама і пра будаўніцтва заводу акумулятарнага, а што тут такога? Мы ня хочам, каб ён быў пабудаваны. Ня хочам, каб нас труцілі. Нас ніхто не папярэдзіў, што такое шкоднае прадпрыемства будзе пабудаванае настолькі блізка ад гораду», — тыповыя камэнтары ўдзельнікаў сустрэчы.
«Мы хочам увагу ўладаў прыцягнуць, — кажа актывіст і ўдзельнік вясновага кармленьня птушак на плошчы Аляксандар Кабанаў. — Каб нас пачулі, даведаліся пра подпісы, якія мы сабралі. Даведаліся, што мы ва ўсе магчымыя ўстановы пішам, і пачалі з намі размаўляць, пачалі неяк выпраўляць сытуацыю. Берасьцейцаў яна вельмі хвалюе. Ня трэба глядзець, колькі тут чалавек. Гэта актыўныя людзі. Іх можа быць і 10, і 15, і 20, але грамадзкая думка ў Берасьці супраць будаўніцтва».
Подпісаў супраць будаўніцтва заводу, пра якія гаворыць Кабанаў, на самой справе нямала — каля 37000. Гэта толькі тыя, якія 22 лютага адаслалі ў Адміністрацыю кіраўніка краіны. Значная колькасьць для гораду з насельніцтвам 350 тысяч. Мясцовы праваабаронца Раман Кісьляк кажа, што не прыгадае падобных маштабам кампаній.
Сустрэча на галоўнай плошчы гораду праходзіць мірна і без умяшаньня з боку праваахоўных органаў. Толькі адзін чалавек у цывільным на адлегласьці здымаў пратэстоўцаў на невялічкую камэру. Праз гадзіну кармленьня птушак людзі проста на плошчы склалі зварот да гарадзкіх уладаў з просьбай дазволіць правесьці адкрытую акцыю пратэсту супраць будаўніцтва заводу і паволі разышліся.
«Мы будзем зьяжджаць. Магчыма, і з краіны»
Завод па вытворчасьці аўтамабільных акумулятараў пад Берасьцем будуе кампанія «АйПаўэр». Кошт першага этапу — прыкладна 28 мільёнаў даляраў. Падрадчык — кітайская «Аньхонская замежнаэканамічная будаўнічая карпарацыя».
Раней такіх прадпрыемстваў у Беларусі не было. Гісторыя будаўніцтва пачалася яшчэ ў студзені 2016 году, калі берасьцейскія ўлады зарэгістравалі ТАА «АйПаўэр». Потым была распрацоўка перадпраектнай дакумэнтацыі, рэгістрацыя ў якасьці рэзыдэнта свабоднай эканамічнай зоны і іншыя працэдуры. З 8 сьнежня 2016 па 7 студзеня 2017 году прайшлі грамадзкія слуханьні і абмеркаваньне праекту. Прынамсі, так пазначана на сайце кампаніі.
У рэальнасьці грамадзкіх слуханьняў не было, бо зь мясцовых жыхароў туды ніхто не прыйшоў. Прадстаўнікі кампаніі настойваюць, што арганізавалі ўсё згодна з заканадаўствам — паінфармавалі мясцовыя ўлады, далі абвестку ў раённую газэту «Заря над Бугом», разьмясьцілі інфармацыю на сваім сайце. Жыхары вакольных вёсак у адказ сьцьвярджаюць, што «раёнку» ніхто не чытае, а пра тое, што зусім побач з іх дамамі будуюць акумулятарны завод, яны даведаліся толькі два месяцы таму, калі на агароджы будоўлі зьявілася адпаведная шыльда.
У канцы траўня 2017 году праект прайшоў дзяржаўную экалягічную экспэртызу. 18 лістапада быў атрыманы канчатковы дазвол на будаўніцтва, неўзабаве пасьля гэтага на пляцоўцы ля аэрапорту Брэст зьявілася будаўнічая тэхніка.
«Людзі абурыліся такім паўпадпольным будаўніцтвам, — расказвае жыхар вёскі Тэльмы-2 Маісей Сьцепановіч. — Ніхто ня ведаў, што адбываліся нейкія грамадзкія слуханьні, гэта ўсё паўпадпольна было. Пачалі подпісы зьбіраць супраць будаўніцтва, цікавіцца такімі ж заводамі, якія ёсьць у Расеі і ва Ўкраіне. І ў нас шок... Мы катэгарычна супраць гэтага будаўніцтва і прыкладзем усе намаганьні, каб ён ня быў пабудаваны. Людзі гатовыя на радыкальныя дзеяньні».
Мясцовыя жыхары сьцьвярджаюць, што на працягу двух месяцаў пасьля пачатку будаўніцтва не маглі дамагчыся сустрэчы з кіраўніцтвам кампаніі, якая будуе завод. Першая такая сустрэча адбылася толькі на пачатку сакавіка, на ёй сябрам ініцыятыўнай групы збору подпісаў супраць будаўніцтва паведамілі, што ўсе неабходныя экспэртызы былі пройдзеныя, дакумэнтацыя падрыхтаваная, а завод будзе пабудаваны менавіта там, дзе плянавалася ад пачатку.
«Ніхто гэтаму не верыць, гэта нейкае дзіцячае шчабятаньне», — кажа Маісей Сьцяпановіч.
Жыхары суседніх да будаўнічай пляцоўкі вёсак чакаюць адказу з Адміністрацыі кіраўніка краіны. «У нас цяпер надзея на прэзыдэнта, — гаворыць адзін з ініцыятараў збору подпісаў, Дзьмітры Бекалюк. — Наша асьцярога пацьвердзілася. У тых дакумэнтах, якія нам паказалі, мы бачым злачынную халатнасьць. Гэты завод будуецца не паводле закону. Там незразумелыя дакумэнты, нейкія ксэракопіі, на падставе якіх робяцца высновы. Асабіста я думаю, што менавіта таму так ціха ўсё і рабілі... Людзі турбуюцца за сваё жыцьцё. Ніхто ня супраць вытворчасьці, але мы турбуемся за здароўе. Сваё і сваіх дзяцей. У нас ёсьць поўная ўпэўненасьць, што гэты завод ня можа функцыянаваць у чыстым рэжыме».
Пра тое, што будзе, калі будаўніцтва акумулятарнага заводу побач з горадам спыніць ня ўдасца, жыхары вакольных вёсак гавораць неахвотна. Але некалькі сем’яў ужо вырашылі ў такім выпадку шукаць новае месца жыхарства.
«Мы будзем зьяжджаць. Магчыма, і з краіны. Толькі хто захоча купіць нашы дамы, якія тут застануцца?», — гавораць людзі.
«Ды я сам гатовы пасяліцца побач з нашым заводам»
«Мы ведаем, што людзі ходзяць на плошчу, што ў людзей зьбіраюць подпісы супраць будаўніцтва нашага заводу, але гэта ўсё выклікае пытаньні, — гаворыць галоўны інжынэр „АйПаўэр“ Сяргей Дубнавіцкі. — Я сам бачыў на YouTube, як адбываўся працэс збору подпісаў. Падыходзіць чалавек да жыхароў Берасьця на Савецкай вуліцы і кажа: „Вы хочаце, каб вас труцілі сьвінцом?“ Любы нармальны чалавек скажа, што ня хоча. Я таксама так бы сказаў... Такая форма падачы інфармацыі адразу сьцьвярджае, што наша прадпрыемства зьбіраецца некага труціць».
«АйПаўэр» спрабуе абараніцца з дапамогай прэс-канфэрэнцый і распаўсюдам інфармацыі. На сайце кампанія разьмясьціла вялікі блёк пытаньняў і адказаў на тэму будаўніцтва свайго заводу і ўзьдзеяньня сьвінцу на навакольнае асяродзьдзе.
«11 сакавіка мы ў горадзе правялі вялікую прэс-канфэрэнцыю, затым пагадзіліся выехаць у вёску Тэльмы (адзін з населеных пунктаў, разьмешчаных ля будаўнічай пляцоўкі), але там людзі проста не захацелі нас слухаць», — расказвае Дубнавіцкі.
Галоўны інжынэр «АйПаўэр» гаворыць, што пратэстоўцы атрымалі на свае запыты ў Акадэмію навук, МНС і іншыя інстанцыі больш за 20 адказаў, аднак не публікуюць тыя, дзе гаворыцца пра адпаведнасьць будаўніцтва ўсім нормам. Паводле Дубнавіцкага, 16 лютага кіраўніцтва «АйПаўэр» сустрэлася з прадстаўнікамі пратэстоўцаў і было гатовае паказаць ім усю праектную дакумэнтацыю заводу з умовай падпісаньня дамовы аб невыдаваньні канфідэнцыйнай інфармацыі.
«Мы за праект заводу заплацілі вялікія грошы, ня хочам раскрываць камэрцыйныя тайны, — кажа галоўны інжынэр. — Але яны катэгарычна адмовіліся падпісваць такую дамову і проста сышлі. Калі б гэтыя людзі мелі жаданьне разабрацца, а ня проста спыніць будаўніцтва, яны б даўно паглядзелі ўсе дакумэнты і ўсё гэта даўным-даўно б скончылася».
У «АйПаўэр» настойваюць, што грамадзкія слуханьні арганізоўвалі згодна зь беларускім заканадаўствам. У вызначаныя тэрміны зьвярнуліся ў органы мясцовай улады, разьмясьцілі абвесткі, выканалі ўсе працэдуры.
«Мясцовыя жыхары кажуць, што ўсё было падпольна, але гэта ня так, — кажа Дубнавіцкі. — Згодна з працэдурай, абвестка вывешваецца на сайт, разьмяшчаецца ў мясцовай газэце, адбываецца інфармаваньне насельніцтва, і той, хто хоча ўдзельнічаць у абмеркаваньні, можа зьвярнуцца за тэкстам заключэньня аб узьдзеяньні прадпрыемства на навакольнае асяродзьдзе, азнаёміцца зь ім, а пасьля прыйсьці, унесьці свае заўвагі і прапановы. Але ніхто зь мясцовых не прыйшоў».
Чаму завод будуюць настолькі блізка ад Берасьця? Адказаў у «АйПаўэр» на гэтае пытаньне некалькі. Прадстаўнік кампаніі гаворыць, што пляцоўку ў кампаніі не выбіралі, скарысталіся той, якую прапанавалі ў адміністрацыі свабоднай эканамічнай зоны. Ёсьць варыянты будаўніцтва заводу ў Белаазёрску, аднак там няма магчымасьці забясьпечыць вытворчасьць неабходным аб’ёмам электраэнэргіі.
Галоўны інжынэр «АйПаўэр» таксама кажа, што, паводле экалягічных нормаў, акумулятарны завод можна будаваць на адлегласьці 500 мэтраў ад населенай тэрыторыі, што ў гэтым выпадку было выканана.
«Я сам гатовы пасяліцца побач з нашым заводам, — сьцьвярджае галоўны інжынэр „АйПаўэр“. — Чаму мясцовыя жыхары так нэгатыўна рэагуюць на будаўніцтва, я ня ведаю. Упершыню з такой рэакцыяй сутыкаюся. Гэта мой восьмы аб’ект, і раней нічога падобнага не здаралася... Нагнятаньне сытуацыі вядзецца. Праз сацыяльныя сеткі, іншымі спосабамі. Я ня ведаю, каму гэта трэба і навошта. Мы спрабуем давесьці да людзей сваю пазыцыю, але нас ніхто ня слухае».
Што да сьвінцу, то ў кампаніі «АйПаўэр» перакананыя, што за год прадпрыемства выкіне ў навакольнае асяродзьдзе толькі каля 3,5 кіляграма. Усе іншыя адходы застануцца на тэрыторыі, пасьля чаго будуць утылізаваныя. Галоўны інжынэр пераконвае, што тэхналёгія ўтылізацыі абавязкова будзе выконвацца, фільтры будуць мяняць своечасова, а за станам навакольнага асяродзьдзя будуць пастаянна сачыць.
«Вы зразумейце, сьвінец можна есьці, як яблык. Ён не засвойваецца чалавечым арганізмам, — пераконвае галоўны інжынэр „АйПаўэр“. — Толькі нязначная частка можа застацца».
«Для дзяцей бясьпечных узроўняў канцэнтрацыі сьвінцу не існуе»
Дырэктар Цэнтру экалягічных рашэньняў Яўген Лабанаў у размове са Свабодай адзначыў, што пакуль рана ацэньваць узровень шкоды, якую можа нанесьці берасьцейскі акумулятарны завод навакольнаму асяродзьдзю. Прадпрыемства толькі будуецца, і застаецца шмат пытаньняў. У той жа час шкода сьвінцовых адходаў бясспрэчная.
«Сьвінец — гэта мэтал. Ён, з аднаго боку, мае шмат карысных функцый, выкарыстоўваецца ў прамысловасьці. А з другога боку, калі ён трапляе ў чалавечы арганізм, то здольны правакаваць шырокі спэктар захворваньняў, — гаворыць Лабанаў. — Асабліва гэта датычыць нэрвовай сыстэмы. Паводле Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, сьвінец асабліва небясьпечны для дзяцей, для арганізмаў, якія толькі разьвіваюцца. Гэта нэўратаксін. Пытаньне ў тым, у якой канцэнтрацыі ён можа трапіць у арганізм, у якім выглядзе. Але калі мы гаворым пра дзяцей, то бясьпечных узроўняў канцэнтрацыі сьвінцу ў прынцыпе не існуе. Пажадана, каб дзеці ўвогуле ня мелі кантакту са сьвінцом».
Эколяг адзначае, што для прадпрыемстваў у Беларусі існуюць санітарныя нормы (тыя самыя 500 мэтраў адлегласьці да найбліжэйшага населенага пункту, пра якія гаворыць галоўны інжынэр «АйПаўэр»). Аднак у любым выпадку адлегласьць, на якую могуць быць аднесеныя прадукты вытворчасьці, у тым ліку і сьвінец, моцна залежыць ад сілы і напрамку ветру.
«Гаворка можа быць зусім не пра адзін альбо пяць кілямэтраў, — кажа Лабанаў. — Сотні, а то і больш. Значная колькасьць шкодных рэчываў, якія распаўсюджаныя ў Беларусі, трапляюць да нас з-за мяжы. Тая ж ртуць, напрыклад».
Акрамя збору подпісаў супраць будаўніцтва і накіраваньня іх у адміністрацыю Лукашэнкі, мясцовыя жыхары зьвярнуліся ў суд. Яны настойваюць, што працэдура грамадзкага абмеркаваньня будаўніцтва была праведзеная з парушэньнямі і яе неабходна правесьці паўторна. У судзе актывісты хочуць таксама давесьці, што будаўніцтва мае шэраг іншых парушэньняў, і рыхтуюць альтэрнатыўную экалягічную экспэртызу праекту.
«Праблема ў якасьці працы мясцовых уладаў, — кажа юрыст Раман Кісьляк, які дапамагае актывістам складаць скаргі і запыты. — Іх газэту „Заря над Бугом“ ніхто не чытае. Інтэрнэт-старонка, дзе публікавалася абвестка аб слуханьнях, была фактычна глухой. Не было ніякай спасылкі на сайт райвыканкаму. Людзі ня ведалі, што будзе будавацца такое прадпрыемства. Так адбываецца ў большасьці выпадкаў, але іншыя прадпрыемствы не выклікаюць такой увагі і такіх пратэстаў».
Кісьляк гаворыць, што прадпрымальнікі часта не раскрываюць усіх аспэктаў свайго бізнэсу. «Група кампаній 1АК» (куды ўваходзіць «АйПауэр». — РС) першапачаткова заяўляла пра новую, інавацыйную вытворчасьць. Там не было гаворкі ні пра сьвінец, ні пра магчымую шкоду, — расказвае Кісьляк. — Толькі пра тое, што гэта сучасная вытворчасьць. І калі мы пачалі высьвятляць, што гэта за сучасная вытворчасьць, аказалася, што гэта звычайныя сьвінцовыя акумулятары для аўтамабіляў..."
Улады і бізнэс своечасова не далі людзям інфармацыю аб тым, што вытворчасьць не нанясе шкоды экалёгіі, сьцьвярджае праваабаронца. А гэта абавязкова трэба было зрабіць падчас грамадзкіх абмеркаваньняў.
«У дадатак дагэтуль невядома, якія будуць там стаяць фільтры, — працягвае Раман Кісьляк. — Ёсьць агульныя фразы экспэртаў аб тым, што вытворчасьць будзе бясшкоднай. Як юрыст я пасьля такіх словаў такім экспэртам не давяраю».
24 сакавіка жыхары Берасьця і найбліжэйшых да пляцоўкі будаўніцтва заводу вёсак атрымаюць адказ на зварот у адміністрацыю кіраўніка краіны. У залежнасьці ад яго зьместу будуць плянаваць свае далейшыя дзеяньні і формы пратэсту.