Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Крэмль ушаноўвае антыкрамлёўскага паэта


Аляксандар Галіч, архіўнае фота
Аляксандар Галіч, архіўнае фота

Яшчэ адзін яскравы і цэльны вобраз зь цяперашняй сюррэалістычнай, постмадэрнісцкай і перадапакаліптычнай Расеі: канцэрт у гонар 100-годзьдзя Аляксандра Галіча па цэнтральным канале расейскай тэлевізіі.

Галіч, ужо ня надта вядомы для майго пакаленьня — гэта найбольш востры, злы і таленавіты антысавецкі паэт-дысыдэнт шасьцідзясятых і сямідзясятых гадоў. На фоне Высоцкага і Акуджавы ён глядзіцца прыкладна так, як, з папраўкай на жанравыя асаблівасьці, Міхалок часоў Brutto на фоне Міхалка часоў Ляпіса-Трубяцкога. Высоцкі і Акуджава былі проста несыстэмнымі, а Галіч быў ярка, люта антысыстэмны. Распаўсюд ягоных падпольных запісаў прыраўноўваўся да антысавецкай прапаганды і каштаваў злоўленым гадоў за кратамі.

Сам Галіч калісь быў пасьпяховым савецкім мэйнстрымавым рэжысэрам і сцэнарыстам, але потым пачаў пісаць антысавецкія песьні і вершы, быў звольнены і пазбаўлены ўсіх прывілеяў, жыў у беднасьці. У 1974 годзе ён выехаў за мяжу, дзе адзін час працаваў на Радыё Свабода ў Мюнхене, потым пераехаў у Парыж. 15 сьнежня 1977 году, на 60-м годзе жыцьця, Галіч трагічна загінуў: паводле афіцыйнай вэрсіі, у выніку няшчаснага выпадку, калі падключаў антэну да тэлевізара.

Аляксандар Галіч у Навасібірску, 1968 год
Аляксандар Галіч у Навасібірску, 1968 год

А ў 2018 годзе ягоныя злыя, адчайныя антысавецкія вольналюбныя песьні ў эфіры аўтарытарнай расейскай тэлевізіі выконваюць прагныя да грошай цынікі з поп-сцэны, прыдворныя артысты ў дарагіх кашулях і ляяльныя вялікадзяржаўнікі-нацыяналісты, якія сьпяваюць у ДНР ці на адкрыцьцях крымскіх мастоў. Вядзе канцэрт былы голас ангельскамоўнай савецкай міжнароднай прапаганды, а ў залі камэра час ад часу паказвае высокапастаўленую пуцінскую намэнклятуру.

Не зусім зразумела, ці гэта мелася быць вялікай тонкай абразай Галічу. Або наадварот, тонкай антырэжымнай дывэрсіяй. Ці гэта проста звычайнае глупства і неразуменьне, хто, што, дзе і ў які час вось тут зараз сьпявае і якія песьні пра ўсіх гэтых людзей напісаў бы сам Галіч, калі б апынуўся ў цяперашнім часе.

Песьні ягоныя, пяцідзесяці- і саракагадовай даўніны, раптам зрабіліся да жаху актуальнымі тут і цяпер. А праз гадоў дваццаць-трыццаць гэты канцэрт зможа ўвайсьці прыгожай сцэнай у дакумэнтальны фільм пра цяперашні час. Гэта сапраўды пакідае моцнае ўражаньне.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG