ЗША абверглі сьцьвярджэньне расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна ў тым, што тэрарыстычная групоўка «Ісламская дзяржава» пачала пакараць сьмерцю закладнікаў у Сырыі, у тым ліку амэрыканскіх і эўрапейскіх грамадзян, паведамляе «Голас Амэрыкі».
Выступаючы ў чацьвер на форуме «Валдай» у Сочы, Пуцін сказаў, што баевікі «Ісламскай дзяржавы» захапілі 700 чалавек зь лягеру ўцекачоў у раёне Дэйр аз-Зур, які знаходзіцца пад кантролем сілаў, што карыстаюцца падтрымкай ЗША.
«Яны выставілі ўльтыматумы, патрабаваньні пэўныя і папярэдзілі, што калі гэтыя ўльтыматумы ня будуць выконвацца, то яны будуць кожны дзень расстрэльваць па дзесяць чалавек, — заявіў Уладзімір Пуцін, не ўдакладніўшы, пра якія менавіта патрабаваньні ідзе гаворка. — Пазаўчора расстралялі дзесяць чалавек, пакаралі сьмерцю».
Улады ЗША ў чацьвер казалі, што, хоць атака на лягер сапраўды мела месца, астатнія сьцьвярджэньні расейскага лідэра, якія паўтараюць паведамленьне агенцтва ТАСС, ня маюць пад сабой доказаў.
«Мы сумняваемся ў дакладнасьці гэтых зьвестак», — заявіў прадстаўнік Пэнтагону Шон Робэртсан.
«У нас няма інфармацыі, якая пацьвярджае вялікую колькасьць закладнікаў, пра якую кажа прэзыдэнт Пуцін, — дадаў ён. — Нам таксама невядома пра тое, каб у гэтым лягеры знаходзіліся амэрыканскія грамадзяне».
Пэнтагон таксама аспрэчвае сьцьвярджэньні Расеі пра тое, што ЗША і іх саюзьнікам па кааліцыі не ўдаецца стрымліваць пагрозу з боку «ІД».
«Кааліцыя вызваліла больш за 99 % тэрыторый, раней занятых „Ісламскай дзяржавай“», — падкрэсьліў Робэртсан.
«Расея, са свайго боку, сфакусавала свае намаганьні выключна на аказаньні дапамогі сырыйскаму рэжыму, робячы толькі некаторыя крокі для барацьбы з пагрозай з боку „ІД“, прычым без уліку законаў узброенага канфлікту, ігнаруючы ахвяры сярод мірнага насельніцтва і факты прымяненьня хімічнай зброі з боку рэжыму», — дадаў ён.
У сваім выступе ў Сочы Пуцін таксама сказаў, што сілы, якія падтрымліваюцца ЗША, «недапрацавалі».
«Там у некалькіх населеных пунктах засталіся прадстаўнікі „Ісламскай дзяржавы“. І яны пачалі апошнім часам пашыраць зону сваёй прысутнасьці», — сказаў расейскі лідэр.