Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абвінавачаныя ў карупцыі гомельскія мытнікі спадзяюцца на Вярхоўны суд. Іх сваякі — на Лукашэнку


На працэсе гомельскіх мытнікаў, архіўнае фота
На працэсе гомельскіх мытнікаў, архіўнае фота

Гомельскі абласны суд перагледзеў гучную справу пра карупцыю на мытні. Па справе аб хабары на мяжы з Расеяй праходзілі 18 чалавек — мытнікі і прадпрымальнікі.

Суд другой інстанцыі скасаваў некаторыя эпізоды справы і зьменшыў тэрміны пазбаўленьня волі. Але ня ўсім.

За што судзілі мытнікаў?

За кратамі ў 2016 годзе апынуліся амаль два аддзелы гомельскай мытні. Паводле абвінавачаньня, на мяжы з Расеяй працавала арганізаваная злачынная група мытнікаў — бралі хабар за праезд. У большасьці эпізодаў грошы прымаліся «ад неўстаноўленых асоб, у неўстаноўленым месцы, у неўстаноўлены час, за праезд неўстаноўленага транспартнага сродку».

У справе былі сьведкі, у асноўным кантрабандысты, якія сьцьвярджалі, што давалі мытнікам хабар. Трое мытнікаў прызналі сваю віну. Астатнія на судзе адмовіліся ад сваіх «явак з павіннай». Яны заявілі пра фізычны і псыхалягічны гвалт, прымус і шантаж з боку КДБ.

22 траўня 2018 году суд першай інстанцыі агучыў выракі.

Мінімальныя тэрміны і абмежаваньне свабоды, так званую «хімію», атрымалі тыя, хто прызнаў віну і даваў паказаньні на калег.

На 11–13 гадоў зьняволеньня былі асуджаныя мытнікі, якіх суд прызнаў арганізатарамі злачыннай групы. Яшчэ адзін арганізатар атрымаў 5 гадоў, бо «актыўна супрацоўнічаў са сьледзтвам».

Астатнія падсудныя атрымалі ад 5 да 8 гадоў пазбаўленьня волі.

Асуджаныя аспрэчылі прысуд у судзе вышэйшай інстанцыі — абласным. Яны сьцьвярджалі, што іх віна не даказаная нічым, апроч словаў былых калег ды «явак з павіннай».

Адкуль узяліся «яўкі з павіннай»?

Былыя мытнікі заявілі на судзе, што абгаварылі сябе і калег пад ціскам, што іх зьбівалі і зь іх зьдзекаваліся. Паводле абвінавачаных, сьледчыя КДБ у абмен на патрэбныя паказаньні абяцалі

  • зьмяніць меру стрыманьня;
  • адпусьціць на свабоду пасьля паказаньняў на кіраўніцтва мытні;
  • даць мінімальныя тэрміны;
  • дазволіць спатканьні з блізкімі.

Паводле а​бвінавачаных, сьледчыя пагражалі ім

  • зьмяшчэньнем у камэру да вязьняў зь «нізкім сацыяльным статусам;
  • праблемамі ў жонак і дзяцей;
  • адабраньнем усёй маёмасьці;
  • фізычным гвалтам.

Простай мовай

— «Цябе пасадзім, а дзяцей забяруць у дзетдом, бо ў жонкі малы заробак» (маці Сяргея Савельева).

— «Створаць такія ўмовы, што мая жонка сама сыдзе ад мяне, зробяць невыносным жыцьцё маёй сямʼі» (Сяргей Баслык).

— «Калі не дасі паказаньні — зламаем нос, крывёй захлынесься» (Юры Якушын).

— «Пагражалі нанесьці шкоду майму трохгадоваму сыну» (Вячаслаў Якушаў).

— «Калі адмовіўся даваць паказаньні, абяцалі зрабіць арганізатарам групы» (Аляксандар Ісачанка).

На судзе мытнікі адмовіліся ад «явак з павіннай» і папрасілі прабачэньня ў калег, якіх абгаварылі.

Адвакаты даводзілі, што ў справе няма рэчавых доказаў, нікога не злавілі за руку, а сьледзтва і суд ня высьветлілі ні часу, ні месца, ні абставінаў злачынства.

Суд перагледзеў справу. Што зьмянілася?

Некаторыя артыкулы былі перакваліфікаваныя. Некаторыя эпізоды — скасаваныя. «Такія, дзе ўжо быў поўны абсурд», — пракамэнтаваў адзін з адвакатаў.

Скасавалі «прыняцьце хабару ў складзе злачыннай групы».
Гэта пацягнула за сабой зьмяншэньне тэрмінаў былым мытнікам на год-два. З прысуду вынікае, што злачынная група існавала, але толькі да 2014 году. Потым, калі звольніўся адзін з «кіраўнікоў» групы — яна развалілася. Але хабар працягвалі браць — кожны сам сабе.

Канкрэтныя прозьвішчы замянілі фармулёўкай «ад іншых асоб».
У матывіровачнай частцы прысуду прозьвішчы тых, хто даваў хабар, замянілі фармулёўкай «ад іншых асоб».

«Прыляцеў раптам чараўнік у блакітным верталёце, выходзіць, і даў хабар», — сказала пасьля прысуду жонка аднаго з мытнікаў.

Некаторым мытнікам прысуд пакінулі бязь зьменаў.
Не зьмянілі прысуд «арганізатару злачыннай групы» Аляксандру Ісачанку (11 з паловай гадоў) і былому мытніку Сяргею Савельеву (8 гадоў).

«Мы больш за ўсіх скардзіліся, больш за ўсіх актыўнічалі, пісалі звароты ва ўсе інстанцыі. Таму нам пакінулі такія вялікія тэрміны», — лічыць жонка Аляксандра Ісачанкі.

«Майму падабароннаму прысуд пакінулі такі, які і быў, — кажа адвакат Аляксандра Ісачанкі Павал Піваварчык. — Ён у прынцыпе не зьдзяйсьняў злачынстваў. Няма ніякіх абʼектыўных доказаў. Супраць яго ёсьць толькі паказаньні былых калег. Але яны ўскрай супярэчлівыя. Напрыклад, Пагарцаў зьмяняў паказаньні кожны допыт, ён прызнаваўся, што супрацоўнічаў з КДБ. Але, як бачым, яму гэта не дапамагло — атрымаў 11 гадоў».

Сваякі: «Хай бы Лукашэнка пачуў нас»

«Мы так прыгнечаныя гэтым беззаконьнем, што проста няма слоў. Сфабрыкавалі, намалявалі хабар у сорак рублёў майму сыну. Якое свавольства... Каб мы самі не сутыкнуліся — ніколі б не паверылі, што такое магчыма ў нашай дзяржаве!» (маці Валера Качкоўскага).

«У майго сына ні машыны, ні лецішча, ні грошай — нічога. Адна кватэра ў крэдыт ды двое дзяцей. Нічога не нажыў. Цяпер пасадзілі ні за што» (маці Сяргея Савельева).

«Наш суд быў паказальны ў пляне запалохваньня. На сьледзтве пагражалі: калі не прызнаеце віну — атрымаеце „арганізаваную злачынную групу“. Зрабілі зь іх групу. Зараз яна нібыта развалілася, але толькі пасьля 2014 году. Мужу пакінулі вялікі тэрмін, каб баяліся ня толькі іншыя абвінавачаныя, але і іх сваякі — сядзіце, не высоўвайцеся, ня скардзіцеся» (жонка Аляксандра Ісачанкі).

«Канечне, добра, што хоць два гады нашаму сыну скінулі. Але доказаў віны няма. Справядлівасьці тут абсалютна мала» (маці Вячаслава Якушава).

Сваякі спадзяюцца на Аляксандра Лукашэнку.

«Хутка ў Гомлі будзе яго сустрэча з Парашэнкам. Мы разумеем, што сам прэзыдэнт наўрад ці знойдзе для нас час. Але хай бы адправіў свайго памочніка, чалавека, якому ён давярае. Хай бы паглядзеў нашу справу, пачуў нас!».

Мытнікі будуць абскарджваць выракі ў Вярхоўным судзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG