«У любым чалавеку варта бачыць асобу, а не дыягназ» — рэпартаж Свабоды з клюбнага дому «Крылы надзеі» ў Віцебску, які дапамагае вырашаць праблемы сацыяльнай адаптацыі людзей з псыхічнымі захворваньнямі, змагаецца са стыгмай і рыхтуе ў горадзе маленькую рэвалюцыю.
Віцебскі клюбны дом — першы ў вобласьці, чацьвёрты ў краіне. Амаль за два гады працы празь яго прайшло каля 60 чалавек, якія зазналі псыхічныя захворваньні. Пяцёра ўладкаваліся на працу, яшчэ двое — пасьпяхова прайшлі рэабілітацыю. І хоць фінансаваньне клюбнага дому як праекту спынілася, праца працягваецца на энтузіязьме супрацоўнікаў.
Як стваралі клюбны дом
Напрыканцы 2016-га Беларуская асацыяцыя сацыяльных работнікаў падала абвестку: шукалі кіраўніка новага клюбнага дому, які меўся адкрыцца ў Віцебску. Сярод прэтэндэнтаў, якія прыйшлі на гутарку, была псыхоляг Алена Барыла. У лютым наступнага году яна ўзначаліла «Крылы Надзеі» — першую на Віцебшчыне сацыяльную службу падтрымкі людзей з досьведам псыхічных захворваньняў. Такая служба дапамагае пераадолець наступствы хваробы і вярнуцца да паўнавартаснага жыцьця ў грамадзтве.
«Я шмат гадоў у псыхалёгіі, — кажа Алена, за плячыма якой праца з асаблівымі дзецьмі ва ўстановах адукацыі і Цэнтры карэкцыйна-разьвівальнага навучаньня і рэабілітацыі ў Віцебску. — Для мяне гэта быў падрыхтоўчы этап для працы з дарослымі, бо чальцамі клюбнага дому могуць стаць людзі, старэйшыя за 18 гадоў. З уласнага досьведу — мой родны пляменьнік быў інвалідам і патрабаваў сур’ёзнага догляду — я адчувала, што змагу перавярнуць сьвядомасьць людзей, скіраваць яе ў пазытыўнае рэчышча. Хвароба — ня толькі гора, але і моцная сіла, якая прымушае рухацца наперад».
Усё давялося пачынаць з нуля — у памяшканьні тэрытарыяльнага цэнтру сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва Першамайскага раёну, якое ў карыстаньне атрымаў клюбны дом, стаялі толькі стол і крэсла. За кароткі тэрмін Алене ўдалося наладзіць працу сацыяльнай службы і зрабіць яе цэнтрам прыцягненьня ўвагі да праблемаў псыхічнага здароўя ў межах гораду і нават краіны.
Першыя чальцы «Крылаў надзеі» прыйшлі па рэкамэндацыях клінічнага цэнтру псыхіятрыі і наркалёгіі ды псыханэўралягічнага дыспансэру — менавіта з гэтымі ўстановамі ў клюбнага дому склаўся найбольш цесны кантакт.
«Адбываецца лягічная пасьлядоўнасьць, — кажа Алена. — Чалавек выйшаў са шпіталя — і куды яму ісьці на рэабілітацыю? Сацыяльная служба дыспансэру штомесяц дасылае нам зьвесткі пра тых, каго можа прыняць клюбны дом. У праектах клінічнага цэнтру мы прысутнічаем як ступень рэабілітацыі пасьля стацыянару».
За паўтары года праз клюбны дом прайшло каля 60 чалавек рознага ўзросту, якія церпяць на дэпрэсіі, нэўрозы, жывуць з аўтызмам, змагаюцца з шызафрэніяй. Зь іх стала займаюцца 36. І за кожным з гэтых людзей — асобная гісторыя.
Гісторыя Яны
Яна стала чальцом клюбнага дому ў чэрвені 2017-га. Ёй 28. Яну любяць усе, а Яна любіць прыбіраць — сваякі кажуць, што зь яе атрымалася б выдатная пакаёўка.
Адхіленьні ў яе псыхічным разьвіцьці бацькі заўважылі яшчэ ў раньнім дзяцінстве — яны пачаліся з сутаргаў на фоне высокай тэмпэратуры, так званых фэбрыльных. Дзяўчынку забіралі ў бальніцу і пасьля прыступаў адпускалі дадому. «Дактары вельмі доўга не маглі паставіць дыягназ, — кажа мама Яны Натальля. — У мэдычнай карце цяпер ён пазначаны кодам F70 — гэта дыягназ, пры якім бацькам жадаюць перадусім цярпеньня».
Яна атрымала сярэднюю адукацыю паводле інтэграванай праграмы і паступіла ў віцебскі тэхнічны каледж на спэцыяльнасьць апэратара ЭВМ і зборшчыка абутку. Практыку праходзіла ў адной з абутковых кампаній, але пасьля двух тыдняў заціраньня скуры ў працаўладкаваньні Яне адмовілі — празь яе прадпрыемства не выконвала плян. У пэнсійным пасьведчаньні Яны пазначана інваліднасьць зь дзяцінства, але толькі ў 23 гады ёй далі трэцюю групу. Два гады таму — другую, непрацоўную. Бацькі ўжо шукалі ня працу, а хоць бы пачуцьцё занятасьці. Яго дзяўчыне забясьпечыла прыватная кавярня ў цэнтры гораду, куды Яне дазволілі прыходзіць і дапамагаць.
«Нам гэтага было дастаткова, — працягвае Натальля. — Мы бачылі, што дачцэ падабаецца — яна дакладна ведала свае абавязкі. Тры гады кожны дзень зь дзесяці да трох Яна дапамагала на кухні, націрала посуд, раскладала сталовыя прыборы, рэзала сурвэткі».
Калі пачаліся заняткі ў «Крылах надзеі», Яна пакінула працу ў кавярні. Цяпер штодзень зь дзесяці да пяці яна бавіла час сярод новых сяброў. Бацькі заўважылі, што за апошні год Яна моцна зьмянілася, а на камісіі, якую дзяўчына мусіць праходзіць штогод, адзначаюць значныя паляпшэньні. Ідзе нават гаворка пра тое, каб зьмяніць групу на трэцюю — ільготаў меней, затое ня выключана магчымасьць афіцыйнага працаўладкаваньня.
З «Крыламі надзеі» зьмяніліся і бацькі. Прынамсі, іх стаўленьне да сытуацыі. Праца з роднымі чальцоў клюбнага дому адбываецца падчас «Бацькоўскай кавярні» — на сустрэчах са спэцыялістамі ў галіне псыхалёгіі. Цяжка даводзіцца хворым людзям, але іх блізкія маюць ня меншую патрэбу ў падтрымцы. «Усе бачылі Яну і цудоўна разумелі, што адбываецца, — прызнаецца Натальля. — Я рабіла выгляд, што ў нашай сям’і ўсё добра. Цяпер я адкрытая і не хаваю гэтага, бо ў нас цудоўныя дзеці, асаблівыя».
Нямецкая дапамога беларускім хворым
Першы год клюбнага дому прайшоў у супрацы з парытэтным псыхіятрычным цэнтрам Мюнхэна і мюнхэнскім клюбным домам «Гняздо ластаўкі» пры падтрымцы нямецкага фонду «Акцыя-чалавек». І хоць фінансаваньне «Крылаў надзеі» як праекту спынілася, праца працягваецца на ўласным энтузіязьме супрацоўнікаў, якія шукаюць для службы новыя гарызонты.
Так, у жніўні для клюбнага дому пачаўся новы этап — удзел у праекце «Абарона правоў людзей, якія маюць вопыт псыхічных захворваньняў». Апроч чальцоў «Крылаў надзеі», праект адрасаваны і іншым жыхарам Віцебску, якім — упэўненыя спэцыялісты — варта пашыраць веды ў галіне псыхічнага здароўя.
«Большасьць пачынаньняў трымаецца на асабістых кантактах, — кажуць супрацоўнікі службы. — За гэты час у нас зьявілася шмат сяброў, якім неабыякава тое, што мы робім».
У сакавіку клюбны дом застаўся без памяшканьня, і цяпер заняткі і сустрэчы часова адбываюцца на розных гарадзкіх пляцоўках.
Адзін дзень з жыцьця Яны
У катэдральны касьцёл, дзе ў памяшканьні парафіяльнай кавярні адбываюцца заняткі па сацыяльна-бытавой адаптацыі, Яна едзе на грамадзкім транспарце. У 9.15 яна выходзіць з кватэры і ідзе на прыпынак, дзе ў 9.35 сядае на чацьвёрты тралейбус.
Праз 13 прыпынкаў, якія ведае дасканала, робіць перасадку і яшчэ некалькі хвілін едзе на дзясятым аўтобусе. Яна ня ўмее вызначаць час — гадзіньнік на яе тэлефоне сьпяшаецца на шэсьцьдзесят хвілін. Бацькі кажуць, яе вядуць памяць ды інтуіцыя — Яна ніколі ня позьніцца.
Пасьля дзясятай пачынаецца вучоба. Сёлета ў клюбным доме займаюцца паводле праграмы, распрацаванай у межах новага сацыяльнага праекту. Па раскладзе адбываюцца трэнінгі асабовага росту, разьвіцьця творчых здольнасьцяў, курс прававых ведаў, трэнінг псыхалягічнай дапамогі перад уладкаваньнем на працу, курс сацыяльна-бытавой адаптацыі, практыкуецца эргатэрапія.
Заняткі для Яны і яе сяброў
«Нягледзячы на тое, што гэта дарослыя людзі, шмат зь якімі паняцьцямі яны сутыкаюцца ўпершыню, — кажа Алена. — Я будую заняткі, арыентуючыся на дзяцей 1–4 клясаў. Заўсёды вітаюцца гульні і інтэрактыў, праз кожныя 10 хвілін — зьмена дзейнасьці, чаргаваньне інтэлектуальнай і фізычнай працы». Вядома, ёсьць час для адпачынку.
Творчыя заняткі — адны з найцікавейшых. «Мы шыем, робім дэкупаж, малюем», — пералічвае псыхоляг «Крылаў надзеі» Вера Лабейка. Яна прыходзіла ў клюбны дом спачатку як валянтэр, але неўзабаве засталася ў камандзе. Прыход Веры супаў зь літаратурна-мастацкім праектам «Казка праз сэрца», які падтрымала кампанія «Будзьма беларусамі». У яго аснове ляжыць беларускі фальклёр. На працягу году чальцы сацыяльна-псыхалягічнай службы рабілі ілюстрацыі да беларускіх казак. Малюнкі ўвайшлі ў арт-альбом, разышліся на паштоўкі, арыгіналы выстаўляліся ў гарадзкім арт-цэнтры VZAP і бібліятэцы імя Петруся Броўкі.
«Усё заняткі скіраваныя на тое, каб разьвіваць унутраны патэнцыял, — працягвае Вера. — Калі чалавек сутыкаецца з захворваньнем і непаразуменьнем у грамадзтве, яму здаецца, што абрынулася ўсё ягонае жыцьцё і сябе трэба зьбіраць па крупінках. Таму ў кожным занятку ёсьць пасыл — ты асоба, ты важны, ты патрэбны».
Большасьць дысцыплін выкладаюць Алена і Вера. Часта клюбны дом наведваюць экспэрты і валянтэры. «Сёлета мы аднесьлі заяву рэктару ўнівэрсытэту імя Машэрава, — дзеліцца навіной Алена. — Будзе цудоўна супрацоўнічаць з катэдрай псыхалёгіі, каб да нас маглі прыходзіць студэнты і напрацоўваць з намі досьвед».
Дзень народзінаў Яны
Агульная радасьць прыходзіць з пачаткам кулінарных заняткаў. Магчымасьць гатаваць была ў папярэднім памяшканьні, асобная кухня зь неабходным рыштункам ёсьць і ў касьцельнай кавярні. Вольга адказвае за збор грошай: прадукты — адзінае, за што мусяць плаціць чальцы клюбнага дому.
Сёньня замест гатаваньня — падзея ня менш прыемная. Свой дзень народзінаў Яна сьвяткуе зь сябрамі ў клюбным доме, сям’я павіншуе імяніньніцу за сьвяточнай вячэрай.
Усе занятыя прыемнымі клопатамі — кавярню трэба ўпрыгожыць балёнікамі, накрыць на стол. Сябры падрыхтавалі для Яны віншаваньні, Яна — пачастункі.
Яна ў прыгожай сукенцы і новых чаравічках марыць аб машыне і кватэры, але сваім галоўным багацьцем называе клюбны дом, сям’ю і сяброў.
Салодкаму сталу папярэднічаюць сур’ёзныя заняткі — першая лекцыя з курсу па прававых ведах. «Каб пашырыць свае магчымасьці, ім важна ведаць свае правы і законныя льготы», — упэўненая Алена. Складаныя прававыя заняткі яна плянуе будаваць на прыкладзе казак, каб базавыя паняцьці лепш адклаліся ў памяці вучняў.
Пасьля сьвята кухню трэба пакінуць у парадку. У чальцоў клюбнага дому ёсьць абавязкі прыбіраць і мыць посуд — гэта таксама частка курсу сацыяльна-бытавой адаптацыі. Яна — адказная за чысьціню, стыль ды этыкет.
Разьвітваючыся, Яна запрашае ахвочых на заўтрашнюю прагулку. Некалькі разоў на тыдзень чальцы клюбнага дому разам наведваюць тэатар, музэі, мастацкія галерэі, творчыя сустрэчы — у межах праграмы сацыяльнай адаптацыі. Яны становяцца больш самастойнымі, і прага зносін штурхае сяброў часьцей зьбірацца разам. Такія сустрэчы адбываюцца без кіраўнікоў, але самім сваім фактам сьведчаць пра эфэктыўнасьць іхнай працы. Па аўторках, серадах і пятніцах сустракаюцца каля Трох штыкоў на плошчы Перамогі і некалькі гадзін гуляюць па горадзе. Прагулкі ініцыюе Яна, яна ж абірае маршрут, адчуваючы адказнасьць, вядзе кожнага да патрэбнага прыпынку і толькі потым едзе дадому сама. Пра тое, што заўтра выходны, Яна нагадае ўвечары — «УКантакце».
У пошуку працоўных вакансій
«Мы шукаем вакансіі, даступныя людзям з абмежаванымі магчымасьцямі, — тлумачыць Алена. — І ўсе прапановы спраўджваем».
За два гады Алена і Вера дапамаглі напісаць дзясяткі рэзюмэ. Пяць чалавек з клюбнага дому ўладкаваліся на працу. Хтосьці знайшоў месца на фабрыцы, хтосьці — на рынку і на будоўлі. Барыс таксама хоча працаваць, але мае непрацоўную групу. Ён рэгулярна прымае лекі, даўно не ляжаў у шпіталі і гатовы пайсьці на камісію, прызначаную на лістапад, і перагледзець групу.
«І мы пойдзем разам зь ім і будзем падтрымліваць!», — рашуча настроеныя Алена і Вера.
«Мы рыхтуем у горадзе маленькую рэвалюцыю»
Кожны крок і любы праект клюбнага дому накіраваны на барацьбу са стыгмай, якая моцна прыжылася ў беларускім грамадзтве.
«Мне не даюць веры, калі я кажу пра сваю працу, — прызнаецца Алена, якая свае публічныя выступы, каб было больш пераканаўча, пачынае са статыстыкі. Лічбы ня радасныя: кожны восьмы ў краіне сутыкаўся з праблемай псыхічных захворваньняў. Віцебскія лічбы засмучаюць яшчэ больш: кожны пяты гараджанін меў такі досьвед. Зьвесткі не дакладныя, бо, па словах мэдыкаў, далёка ня ўсе, хто мае псыхічныя праблемы, зьвяртаюцца па дапамогу да прафэсіяналаў. — У нас не прынята пра гэта казаць. Тэма закрытая. Штампы ПНД, празь якія не даюць правы ці не выпускаюць за мяжу, ставяць яе пад яшчэ большае табу».
Памер гораду ўзмацняе страх быць іншым псыхалягічна, выходзіць у сьвет і разьлічваць на роўнае стаўленьне да сябе. Каманда «Крылаў надзеі» ўдзельнічае ў творчых праектах, здымае ярлыкі і кажа пра свае праблемы зь вялікай сцэны, трансьлюючы ідэю, што ў чалавеку трэба бачыць асобу, а не дыягназ — і гэта людзі, якія гадамі не выходзілі з дому. За апошні час стан многіх зьмяніўся — людзі, у якіх бывала 5–6 вострых зрываў за год, ніводнага разу за паўтара года, што наведваюць клюбны дом, не ляжалі ў стацыянары.
Алена і Вера шмат працуюць і ня трацяць энтузіязму, спадзеючыся захаваць клюбны дом, які ўжо шмат даў і яшчэ больш можа прапанаваць гораду. Яны мараць стварыць у Віцебску прастору, дзе будуць адкрыта гаварыць аб псыхічным здароўі. І разгарнулі ў горадзе маштабную кампанію ў падтрымку гэтай справы.
«Давайце размаўляць, зруйнуем сьцены і ня будзем рабіць выгляд, што гэтага няма. Яно ёсьць. Яно сярод нас, і яго шмат. Мы можам называць гэта як заўгодна — выгараньне на працы, стрэсы, дэпрэсіі. Мэта праекту — ня толькі дапамагчы тым, хто мае праблемы, але і пераканаць звычайных людзей, што трымаць эмацыянальную раўнавагу настолькі ж важна, як сачыць за зьнешнасьцю і фізычным станам. Мы хочам, каб як мага больш людзей даведалася, якім чынам гэта рабіць, куды і да каго зьвяртацца ў выпадку неабходнасьці», — кажа Алена.
Ініцыятыву падтрымалі спэцыялісты ў розных галінах псыхатэрапіі і ўстановы, гатовыя аб’яднацца ў клопаце аб псыхічным здароўі. У межах адной сацыяльнай ідэі ў Віцебску адбудзецца шэраг бясплатных сустрэч, майстар-клясаў і кансультацый.
«Мы рыхтуем у горадзе маленькую рэвалюцыю, — усьміхаецца Алена і дадае: — Вядома, адносна зьмены стаўленьня да псыхічнага здароўя і да людзей, якім давялося яго страціць. Дбаць аб здароўі прасьцей, чым змагацца з наступствамі хваробы».