Праваслаўны паэт і выдавец Дзьмітры Строцаў арганізаваў збор подпісаў у падтрымку сьвятара менскага Сьвята-Міхайлаўскага праваслаўнага прыходу Аляксандра Шрамко. 14 кастрычніка Шрамко забаранілі служыць, бо ён «моцна закрануў» патрыярха Кірыла.
Пэтыцыю накіруюць у Менскае эпархіяльнае ўпраўленьне Беларускай праваслаўнай царквы.
У пэтыцыі сьцьвярджаецца, што Шрамко:
- набожны пастыр, таленавіты місіянэр і прапаведнік;
- ініцыяваў у сваім прыходзе беларускамоўную літургію;
- папулярны блогер.
Знаходжаньне ў БПЦ Маскоўскага патрыярхату сьвятароў, як Шрамко, сьведчыць аб шматнацыянальнасьці царквы, сьцьвярджаецца ў пэтыцыі.
Што важна ведаць пра візыт патрыярха Кірыла ў Беларусь
Патрыярх Кірыл прыляцеў у Менск 13 кастрычніка, каб правесьці 15 кастрычніка сынод Расейскай праваслаўнай царквы. Па выніках сыноду РПЦ спыніла эўхарыстычную лучнасьць з Канстантынопалем.
- Вернікам РПЦ забаронена маліцца ў турэцкіх Стамбуле і Анталіі, грэцкіх Крыце, Родасе, астравах архіпэлягу Дадэканэс, а таксама ў манастырах на грэцкім Афоне.
- «Раскол» тычыцца і беларускіх вернікаў РПЦ. Але, як тлумачыла Свабодзе тэоляг Натальля Васілевіч, кожны вернік сам можа вырашыць, як ставіцца да рашэньня РПЦ.
- За адмову трымацца рашэньня Сыноду РПЦ духавенству пагражае звальненьне з пасады, часовая або пажыцьцёвая забарона служыць, пазбаўленьне сану і адлучэньне ад царквы.
- 13 кастрычніка ля сабора Сьвятога Духа патрыярха Кірыла сустракалі хлебам з сольлю, але ён прайшоў міма. Звычайныя вернікі глядзелі набажэнства на экране.
- Гэта скрытыкаваў у сваім фэйсбуку сьвятар менскага прыходу Аляксандар Шрамко. 16 кастрычніка сьвятара звольнілі зь менскай эпархіі за крытыку патрыярха.
- Кірыл заявіў, што Беларусь — асаблівая частка Русі, а Белай яе назвалі, мабыць, таму, што яна ніколі не падпадала «пад залежнасьць іншаземных і іншаверных урадаў». Што трэба разумець пад словам «Русь», герарх не патлумачыў.
- На фоне візыту расейскі дыякан Андрэй Кураеў заўважыў, што скасаваньне Канстантынопалем патрыяршай граматы 1686 году аб пераходзе Кіеўскай мітраполіі пад Маскву тычыцца як Украіны, так і Беларусі. Бо тады, у XVII ст., да Кіеўскай мітраполіі належала і беларуская тэрыторыя.