Каля ўезду ў скандальна вядомы рэстаран «Паедзем паядзім» каля Курапатаў увечары 13 кастрычніка ўзьнік канфлікт паміж футбалістам Вячаславам Глебам (малодшы брат больш пасьпяховага Аляксандра Глеба) і абаронцамі ўрочышча, якія нясуць вахту з 31 траўня, паведамляе БелаПан.
Гулец выехаў з тэрыторыі рэстарана і спыніўся даведацца, на якой падставе яго здымаюць на відэакамеру. Пачуўшы, што гэта робіцца на законных падставах, ён пачаў здымаць у адказ.
Актывістка Ганна Шапуцька, якая разьмясьціла ў «Фэйсбуку» відэазапіс інцыдэнту, спытала ў футбаліста, хто яму даў права «сюды езьдзіць» і «парушаць закон», і назвала яго «проста злачынцам», у якога «не засталося сумленьня».
Затым жонка гульца выкінула з акна машыны бутэльку і паказала сярэдні палец. Пасьля гэтага пара зьехала.