Лінкі ўнівэрсальнага доступу

52% беларусаў за сьмяротнае пакараньне, — дэпутат Варанецкі ў Радзе Эўропы


Турэмная роба асуджанага на сьмяротнае пакараньне, ілюстрацыйнае фота
Турэмная роба асуджанага на сьмяротнае пакараньне, ілюстрацыйнае фота

На паседжаньні камітэту прававых пытаньняў і правоў чалавека Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы ў Страсбуры 10 кастрычніка выступілі намесьнік старшыні незалежнага беларускага праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валер Варанецкі.

Валянцін Стэфановіч, архіўнае фота
Валянцін Стэфановіч, архіўнае фота

Як піша «Вясна», Валянцін Стэфановіч заклікаў да мараторыю на сьмяротнае пакараньне ў Беларусі, расказваў пра нядаўнія сьмяротны прысуды. Ён адзначыў сакрэтнасьць вакол выкананьня сьмяротных выракаў, немагчымасьць абскарджаньня іх у парадку апэляцыі і хуткае выкананьне прысудаў (у сярэднім цягам году, часам і трох месяцаў), нявыдачу целаў расстраляных іхным сваякам.

Валер Варанецкі, архіўнае фота
Валер Варанецкі, архіўнае фота

Валер Варанецкі, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў у міжнародных справах, як звычайна, адзначыў «складанасьць пытаньня» скасаваньня сьмяротнага пакараньня ў Беларусі, казаў, што Беларусь «паступова прыйдзе» да яе.

Ён адзначыў, што ідзе паступовая зьмена грамадзкай думкі: цяпер 52% грамадзянаў выказваюцца за сьмяротнае пакараньне, а на рэфэрэндуме 1996 году за яго ўжываньне прагаласавалі 80% (з улікам яўкі гэта 70% электарату; рэфэрэндум ладзіўся і праводзіўся з парушэньнямі законаў, вынікі падводзіліся непаўнамоцным складам ЦВК; на знак пратэсту ў адстаўку падалі 7 судзьдзяў Канстытуцыйнага суду).

На паседжаньні былі прадстаўленыя даклады праваабаронцаў «Вясны» і Міжнароднай фэдэрацыі за правы чалавека (FIDH) «Сьмяротнае пакараньне ў Беларусі: забойствы на (не)законных падставах» і «Беларусь: кантроль над адвакатамі – пагроза правам чалавека».

Паводле Камітэту прававых пытаньняў і правоў чалавека ПАРЭ, летась у сьвеце выканалі больш за 1000 сьмяротных прысудаў у 23 краінах сьвету. Беларусь застаецца апошняй краінай Эўропы, дзе выносяць і выконваюць сьмяротныя выракі. Усяго за гады незалежнасьці ў Беларусі вынесьлі больш за 300 сьмяротных прысудаў, выкананьне іх працягвалася і ў 2018 годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG