Дзяржаўны сакратар Рады бясьпекі Беларусі Станіслаў Зась перад пачаткам міжнароднай канфэрэнцыі высокага ўзроўню па барацьбе з тэрарызмам у лічбавую эпоху адказаў на пытаньні журналістаў, зьвязаныя з абсталяваньнем беларуска-ўкраінскай мяжы.
Раней Аляксандар Лукашэнка ня раз абураўся фактамі кантрабанды зброі ў Беларусь праз украінска-беларускую мяжу.
У прыватнасьці, Станіслаў Зась сказаў, што сёньня робяцца неабходныя захады, каб зрабіць бясьпечнымі паездкі для грамадзянаў абедзьвюх краін, якім бы нішто не перашкаджала.
«Мы хочам камфортных умоваў для нашых людзей, такое ж жаданьне ёсьць і ва ўкраінскага боку», — падкрэсьліў ён.
Што тычыцца нібыта затрыманьня на мяжы грамадзяніна Ўкраіны з 28 патронамі, Станіслаў Зась удакладніў, што такі факт не адзінкавы, проста ведамства не агучвае кожнае затрыманьне.
На пытаньне журналістаў, празь якую частку мяжы звычайна перавозяць зброю з Украіны ў Беларусь — тую, якую кантралююць украінскія памежнікі, ці, магчыма, прадстаўнікі самаабвешчаных «ДНР-ЛНР», — Станіслаў Зась адказу ня даў.