Прычынай сьмерці двух мужчын і адной жанчыны ў Магілёве стала атручэньне мэтанолем. Пра гэта паведамілі ў Магілёўскім гарадзкім шпіталі, піша БелТА.
Мэтаноль, або мэтылевы сьпірт, — аднаатамны ядавіты сьпірт, прыём якога прыводзіць да атручэньня.
У іх крыві было некалькі праміле, паказалі дасьледаваньні.
Пацярпелых шпіталізавалі цягам 4–5 кастрычніка з папярэднім дыягназам «атручэньне невядомым рэчывам». 7 кастрычніка яны памерлі ў шпіталі.
Жанчына, якая пэўны час заставалася ў прытомнасьці, сказала лекарам, што знаёмыя мужчыны прапанавалі ёй выпіць сьпірту. Яна пагадзілася, пазьней ёй стала кепска, і яна зьвярнулася па мэдычную дапамогу.
Заведзена крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 144 КК «Прычыненьне сьмерці па неасьцярожнасьці». Гэта караецца абмежаваньнем ці пазбаўленьнем волі на тэрмін да 5 гадоў.