Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чытачка Данільчык: Раніцай чытаць няма калі, а вечарам няма сіл, але ўсё роўна чытаю


Аксана Данільчык
Аксана Данільчык

У рубрыцы «Варта» на выходных мы публікуем адказы на анкету пра чытацкія звычкі беларусаў. 20 пытаньняў пра тое, як файна чытаць файную літаратуру. Сёньня на нашу чытацкую апытанку адказвае паэтка і перакладчыца Аксана Данільчык.

Якія кнігі вы чытаеце цяпер?

Паколькі я ўваходжу ў журы прэміі імя К. Шэрмана, то апошнія некалькі месяцаў найперш чытаю кнігі намінантаў, то бок перакладную паэзію і прозу.

Якую выдатную кнігу вы прачыталі апошнім часам?

Успаміны Арыядны Эфрон «О Марине Цветаевой», кнігу Марыны Цьвятаевай «За всех — противу всех», «Калымскія апавяданьні» Варлама Шаламава, «Па Прыпяці па Нобэль» Ганны Кандрацюк, «Выбранае» Зоські Верас. Згадаю яшчэ кнігі літоўскага пісьменьніка Альвідаса Шляпікаса «Бог дажджу» і «Мое імя — Марітэ» (апошнюю давялося чытаць па-ўкраінску), І. Памяранцава «Радио С».

Што ўплывае на ваша рашэньне прачытаць кнігу: рэцэнзія, парада сяброў, атрыманьне прэміі кнігай, нешта іншае?

Атрыманьне кнігай прэміі вялікай ролі не адыгрывае, але сам працэс, сьпісы намінантаў і анатацыі ці рэцэнзіі дазваляюць зьвярнуць увагу на творы, якія па той ці іншай прычыне засталіся па-за ўвагай. Таму вельмі здорава, што зараз у беларускай літаратуры ёсьць некалькі прэмій, якія засяроджваюць увагу на тым ці іншым жанры, распавядаюць пра аўтараў і іх творчасьць.

У прынцыпе, я сачу за сытуацыяй у літаратуры і ня толькі ў беларускай, таму больш-менш арыентуюся самастойна. У майго чытаньня ёсьць некалькі мэтаў, адна зь іх — навуковая. Калі рыхтуюся да якой-небудзь канфэрэнцыі ці проста пішу артыкул, то чытаю шмат літаратуры, якая датычыцца абранай тэмы. Другая — калі выбіраю што-небудзь для перакладу. Ну і, безумоўна, чытаю для ўласнага разьвіцьця і проста каб мець уласнае меркаваньне.

Чытаю кнігі па гісторыі, па літаратуразнаўстве, па мастацтве. Люблю выбіраць кнігі ў бібліятэцы. Чытаю ў дзьвюх бібліятэках у залежнасьці ад пары году, бяру кнігі дадому. Працэс выбару кніг для мяне вельмі прыемны, бо можна знайсьці нешта нечаканае.

Часта здараецца, што мне трапляецца нейкая інфармацыя, якую я стараюся для сябе пашырыць, і тады пачынаю чытаць кнігі пэўнага аўтара. Напрыклад, паглядзела мастацкі фільм пра італьянскую журналістку Арыяну Фалячы і стала чытаць яе раман «Іншала» (на італьянскай мове) пра італьянскі вайсковы кантынгент у Лібане.

Прачытала кнігу Арыядны Эфрон пра Цьвятаеву (выпадкова натрапіла ў бібліятэцы ў Міры), дастала з шафы кнігу выбранай прозы М. Цьвятаевай, купленую можа пяць гадоў таму, пасьля ўзяла ўспаміны Анастасіі Цьвятаевай.

Неяк я сама за сабой іду.

Бывае, мае значэньне і парада бібліятэкара, але я люблю элемэнт выпадковасьці.

Чытаю таксама кнігі сяброў і калегаў літаратараў. Ну і ў працэсе падрыхтоўкі навуковых артыкулаў таксама чытаю як мастацкія тэксты, так і літаратурную крытыку, якая для мяне цікавая ня менш за мастацкія тэксты. Апошняя з такіх кніг — «Далёкія і блізкія» Яна Чыквіна.

Стараюся чытаць тое, што выдае Саюз беларускіх пісьменьнікаў, але ня толькі. Ну і літаратурныя пэрыядычныя выданьні, вядома, асабліва люблю чытаць «Нашу веру» і «Прайдзісьвет».

Час ад часу што-небудзь перакладаю з італьянскай літаратуры, а гэта, як вядома, найлепшы спосаб прачытаньня.

Самая цікавая рэч, пра якую вы даведаліся з кнігі апошнім часам…

Мне цікава было прачытаць кнігу Яна Булгака «Край дзіцячых гадоў». Зь яе даведалася, што ў 1928 г. у мірскім замку здымалі фільм «Пан Тадэвуш», фільм знайшла і паглядзела. Яшчэ адно адкрыцьцё, зьвязанае зь імем Освальда Руфайзэна і зь Міром, зрабіла дзякуючы кнізе Л. Уліцкай «Перакладчык» і ўласным палявым пошукам. Паколькі ў Менску я працую ў раёне былога гета, то з цікавасьцю прачытала кнігу Гірша Смоляра «Менскае гета».

Які клясычны раман вам давялося прачытаць апошнім часам упершыню?

«Бесы» Дастаеўскага. «Чайка па імені Лівінгстон» Рычарда Баха. Зноў жа кнігі В. Шаламава, думаю, можна ўжо лічыць клясычнымі. Яўгенія Гінзбург «Крутой маршрут».

Якіх сучасных аўтараў — раманістаў, паэтаў, драматургаў, крытыкаў, журналістаў — вы цэніце і любіце больш за іншых?

Я цаню і люблю тых, хто, не зважаючы ні на што, ідзе сваім шляхам, незалежным ад сацыяльнай і палітычнай каньюнктуры, хто мае ня толькі творчае крэда, але і нейкія маральныя арыенціры і адлюстроўвае іх у сваіх творах ці, прынамсі, адлюстроўвае іх пошук. Ну і пры гэтым не пазбаўляе чытача надзеі на тое, што чалавечае існаваньне мае нейкі сэнс. Мне цікавая творчасьць Дугласа Коўпленда, Фрэдэрыка Бэгбэдэра, Вівіян Лямарк і многіх іншых.

Якая кніга апошнім часам давяла вас да сьмеху?

Большасьць кніг, якія я чытала апошнім часам, так ці інакш зьвязана з пэрыядам 30-х гадоў. Сьмешнага там, як вядома, мала, але тым ня менш. У кнізе Барыса Мікуліча «Маё жыцьцё» ёсьць некалькі сьмешных момантаў, зьвязаных з амурнымі прыгодамі аўтара, ва ўспамінах Марыны Цьвятаевай аб маскоўскім жыцьці пэрыяду грамадзянскай вайны таксама прысутнічае пэўны гумар.

А ці плакалі вы над нейкай кнігай апошнім часам?

Апошнім — ня плакала. Але кожны раз (ад самага першага) плакала над «Маленькім прынцам» Экзюпэры.

Якая кніга вас раззлавала ці расчаравала?

Раней імкнулася любую кнігу дачытваць да канца, цяпер ужо не. Калі не чытаецца, то я і не чытаю.

Пасьля Шаламава я не змагла чытаць сучасную прозу

«Раззлавала», але, безумоўна, не з-за якасьці мастацкага зьместу, кніга Варлама Шаламава. У тым сэнсе, што ёсьць яшчэ нехта, хто да сёньняшняга дня ня хоча разумець, які жах адбываўся там, дзе быў Шаламаў і многія іншыя. Пасьля Шаламава я не змагла чытаць сучасную прозу, хоць менавіта пра тую канкрэтную кнігу чула шмат добрых водгукаў. Яна здалася мне легкаважнай.

Кнігі паэзіі я чытаю, як і кнігі прозы — ад пачатку да канца. Найчасьцей. Зноў жа — калі не ідзе, то я сябе не прымушаю.

Часта ў творах беларускіх аўтараў раздражняюць вобразы жанчын, асабліва калі пачынаюць пісаць пра «грудзі», «сьцёгны», і ўсё гэта так аднолькава…

Якія літаратурныя жанры вы не чытаеце?

Даволі рэдка апошнім часам мне трапляецца фантастыка. Ня вельмі люблю чытаць драматургію. Зусім не чытаю так званыя «жаночыя раманы».

Бліскавіцы фэмінізму

Як вы любіце чытаць — на паперы ці з электроннай чыталкі? Адну кнігу ці некалькі паралельна? Раніцай ці вечарам?

Электронную чыталку паспрабавала, але не палюбіла. Чытаю ў папяровым варыянце або на кампутары /смартфоне. Калі чытаць адначасова і ў тым, і ў другім выглядзе ў залежнасьці ад месцазнаходжаньня, то кніга прачытваецца значна хутчэй. Ёсьць яшчэ такі момант, як дробны шрыфт. На кампутары літары можна павялічыць да патрэбнага памеру.

Кнігі магу чытаць і паралельна, у тым сэнсе, што бывае адкладаю кнігу на няпэўны час, а ў гэты час чытаю якую-небудзь іншую. Але кнігі паэзіі звычайна не адкладаю надоўга, то бок, або чытаю, або не.

Наконт раніцы ці вечара — залежыць ад агульнага стану. Раніцай звычайна чытаць няма калі, а вечарам няма сіл, але ўсё роўна чытаю. Люблю чытаць у адпачынку, бо магу засяродзіцца на тэксьце.

Вы ведаеце, дзе якая кніга ў вас стаіць або ляжыць? Як вы ўпарадкоўваеце свае кнігі?

Бывае, што і ўласныя кнігі пасьля прачытаньня заношу ў бібліятэку

Прыкладна ведаю, але ўжо стараюся як мага менш кніг трымаць дома. У гэтым пляне бібліятэка вельмі зручная рэч — прачытаў і занёс назад. Бывае, што і ўласныя кнігі пасьля прачытаньня заношу ў бібліятэку. Акрамя таго, шмат кніг засталося ў бацькоўскай кватэры і яны пэрыядычна вандруюць туды-сюды. У мяне ёсьць кніжная шафа, але кнігі ляжаць і ў канапе, і яшчэ шмат дзе. Дарэчы, дзякуючы Вашай апытанцы натхнілася на чарговую спробу іх упарадкаваньня. Заадно і мэблю пераставіла.

Якія кніжныя знаходкі на вашых паліцах маглі б моцна зьдзівіць вашых знаёмых?

Ю. Нэсбё, можа быць. Дж. Фалеці.

Які найлепшы кніжны падарунак вы атрымалі?

Напэўна, дзьве кнігі вершаў Яна Твардоўскага ў перакладах Хрысьціны Лялько.

Ваш улюбёны кніжны герой/антыгерой або кніжная гераіня/антыгераіня?

Гераіня — «Піпі Доўгаяпанчоха», антыгераіня — Ганна Карэніна, хоць тут ня ўсё так проста.

Вы шмат чыталі ў дзяцінстве? Якія кніжкі зь дзяцінства засталіся ў вашай памяці назаўсёды?

Шмат. Я нарадзілася ў Менску, але так атрымалася, што пачала чытаць у вёсцы ў бабулі яшчэ да школы. Была зіма, дзед распальваў печку і, між іншым, паказаў мне, як складаць у словы літары, якія я ўжо і так ведала. Мая самая першая кніга называлася «Потому что они красивые» і распавядала пра матылёў. Зусім нядаўна я знайшла яе ў інтэрнэце і спампавала. Былі яшчэ кніга Галіны Васюковай «Золотые росы», кніга М. Носава «Весёлая семейка», пасьля якой мы зь сябрамі (а нам было па 6–7 гадоў) зьбіраліся рабіць інкубатар, саамскія казкі, дзьве кнігі беларускіх народных казак (чароўныя і побытавыя), кніга вершаў Авяр’яна Дзеружынскага, некаторыя з якіх памятаю да сёньня. Яшчэ чытала цікавы беларускамоўны часопіс «Работніца і сялянка», і зноў жа цалкам беларускамоўную газету Карэліцкага раёна «Полымя». Любіла «Чараўніка Смарагдавага гораду» і «Маленькага прынца» Экзюпэры. Адной з маіх улюбёных кніг быў буквар Клышкі, які я чытала дома, бо ў школу хадзіла ў Менску, а там, як вядома, першыя два гады беларускую мову нам не выкладалі. Потым была яшчэ такая кніжка «Галочка едет в Африку». У бібліятэку, якая знаходзілася ў суседнім доме, я хадзіла зь першай клясы.

Калі б вы маглі прымусіць прэзыдэнта Беларусі прачытаць нейкую кнігу, што гэта было б?

"Вянок" Багдановіча.

Каго з трох сучасных або памерлых пісьменьнікаў вы хацелі б запрасіць на прыватную літаратурную вечарыну?

Дантэ Аліг’еры. Мігель Анхель Астурыяс. Пабла Нэруда. То бок тых, хто мяне цікавіць як асоба і з кім бы я паразмаўляла пра жыцьцё, у тым ліку і прафэсійнае (я маю на ўвазе не літаратуру).

Але пісьменьнікаў усё ж такі трэба ў першую чаргу чытаць. Тэкст і асоба ня тоесныя.

З сучаснымі я і так бачуся і чуюся ў дастатковай ступені, але з задавальненьнем паслухала б у чарговы раз развагі пра сучасную літаратуру, у тым ліку і беларускую, Дзьмітры Плакса і літоўскага паэта Віктараса Руджанскаса.

Каго б вы хацелі мець як свайго біёграфа?

У сэнсе каго з пісьменьнікаў або крытыкаў? Можа быць, Аксану Бязьлепкіну. У рэцэнзіі на маю кнігу «Сон, які немагчыма забараніць» яна дакладна «прачытала» тое, што я, напэўна, імкнулася сказаць. Тое, што ёсьць кантэкстам напісанага.

Што вы перачытваеце?

Перачытваю ня тое, каб часта, але па колькасьці зваротаў па ўласнай унутранай патрэбе магу назваць М. Цьвятаеву, І. Бродзкага, Ч. Павэзэ… Як бачыце, у асноўным паэзію. Зь беларускіх — Галіну Булыку, хоць некаторыя яе вершы і так ведаю на памяць, як і вершы многіх іншых паэтаў, у тым ліку і тых, каго магу назваць сябрамі, гэтыя вершы «перачытваюцца» самі па сабе… Увогуле, бывае «зачэпісься» за якую-небудзь кніжку на паліцы, глядзіш, пару старонак і перачытаеш. А яшчэ кнігі па філязофіі ці па мастацтве.

Апошнім часам давялося перачытаць трактат Віторыё Альф’еры «Пра ўладара і літаратуру», які я ў свой час яшчэ і пераклала.

Што вы плянуеце прачытаць у бліжэйшым часе?

Прозу італьянскай пісьменьніцы-фэміністкі Сібілі Алерамы. Прачытаць і, хутчэй за ўсё, нешта перакласьці. Паўліну Мядзёлку. А таксама беларускіх аўтараў з Беласточчыны, якіх я працягваю для сябе адкрываць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG