Пытаньне мадэрнізацыі саюзнай дамовы паміж Беларусьсю і Расеяй цяпер не разглядаецца. Пра гэта 3 кастрычніка заявіла журналістам старшыня заканадаўчай камісіі Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Ала Бодак.
«Мы лічым, што ёсьць дастаткова мэханізмаў, каб вырашаць розныя пытаньні. Іх трэба ўдасканальваць, даваць ім новы імпульс, нават перафарматаваць у рамках дзейнай дамовы», — заявіла яна, адказваючы на пытаньне, ці не насьпеў час мадэрнізаваць «Саюзную дзяржаву», паколькі значная частка палажэньняў аб яе стварэньні састарэла альбо не выконваецца.
У прыватнасьці, дамова прадугледжвае пасаду прэзыдэнта так званай «Саюзнай дзяржавы» і стварэньне паўнавартаснага саюзнага парлямэнту.
Карэспандэнт Свабоды спытаў, як у Савеце Рэспублікі ставяцца да таго, што так званая «Саюзная дзяржава» больш за 20 гадоў ня можа стаць суб’ектам міжнароднага права.
«Ёсьць розныя ступені і этапы стварэньня такой структуры, — адказаў старшыня міжнароднай камісіі Сяргей Рахманаў. — Калісьці Савецкі Саюз парвалі на часткі празь некампэтэнтнасьць ягоных лідэраў. Цяпер нам даводзіцца будаваць на доўгі час і на новых прынцыпах. І не ва ўсім мы знаходзім кансэнсус. Таму працэс стварэньня паўнавартаснай структуры, якая магла б быць прызнанай суб’ектам міжнароднага права, сапраўды зацягваецца».
Паводле яго, сучаснае міжнароднае становішча вымушае «інтэнсыфікаваць» гэты працэс.
Лукашэнка і Пуцін выступяць на форуме ў Магілёве
Старшыні пяці камісій Савету Рэспублікі сёньня правялі прэсавую канфэрэнцыю для журналістаў з нагоды 5-га форуму рэгіёнаў Беларусі і Расеі, які адбудзецца ў Магілёве з 10 па 12 кастрычніка.
Старшыня аграрнай камісіі Аляксандар Папкоў сказаў, што на гэтым форуме прагучаць завяршальныя адценьні тых перамоваў, якія вялі паміж сабой два прэзыдэнты, бо заплянаваныя выступы і Ўладзімера Пуціна, і Аляксандра Лукашэнкі.
Чатыры папярэднія форумы праводзіліся ў трох гарадах — Маскве, Менску і Сочы. На першым форуме не было наагул заключана ніякіх кантрактаў, на другім — на агульную суму 230 мільёнаў даляраў, на трэцім — на 300, на чацьвёртым — на 480, на пятым мяркуюцца кантракты на суму ня менш як 500 мільёнаў даляраў.
На сустрэчу ў Магілёў прыедуць губэрнатары з 21 рэгіёну Расейскай Фэдэрацыі.