Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што гавораць у чарзе да беларускамоўнага доктара


Калідор шараговай раённай паліклінікі Менску. Звыклая для сёньняшняй беларускай мэдыцыны доўгая і нудная чарга да лекара. Голас з-за дзьвярэй кабінэта:

— Наступны!

Чарга напружваецца, спрабуючы зразумець пачутае. Справа ў тым, што дазвол заходзіць прагучаў па-беларуску: менавіта «Наступны», а ня «Следующий».

Першы ў чарзе пажылы мужчына няўцямна абводзіць позіркам чаргу, шукаючы дапамогі:

— Что он сказал?

Сусед падказвае:

— Кажется, «доступный», можно заходить.

Яшчэ адна пацыентка, якая, відаць, ня першы раз тут:

— Это по-белорусски, заходите. Тут врач такой, он только на «мове» разговаривает. Правда, специалист неплохой, внимательный.

​Чарговы пацыент зьнік за дзьвярыма кабінэта, а ў чарзе размова пра незвычайнага доктара працягваецца.

Цётка перадпэнсійнага веку з выразным клецкім пранонсам уголас разважае:

«Я тожа беларуска, но па-беларускі ўжэ ні аднаво слова не помню...»

​Паток пацыентаў да доктара шчыльны: адны на прыём, другія на перавязку, трэція зь «лісткамі непрацаздольнасьці»... Некаторыя трапляюць у кабінэт адначасова. Затрымаўшыся ў пакоі для перавязкі, праз адчыненыя дзьверы станаўлюся міжвольным сьведкам размоў некаторых маіх выпадковых знаёмых з чаргі. Мужчына, які некалькімі хвілінамі раней блытаў словы «наступны» і «даступны», вітаецца і дзякуе па-беларуску. Жанчына, якая прызналася, што ня памятае ніводнага беларускага слова, не бяз посьпеху стараецца па-беларуску тлумачыць, што ёй далягае. Прычым абое робяць гэта зь ніякаватай усьмешкай, нібы ўспамінаючы нешта з напаўзабытага дзяцінства.

А вось мэдсястра, якая працуе з доктарам, у размове і зь ім, і з пацыентамі карыстаецца выключна расейскай мовай. Як і ўсе іншыя ягоныя калегі, якія зрэдзь часу зазіраюць кабінэт па розных справах. Прычым такое ўражаньне, што робяць яны гэта знарок, падкрэсьлена. Зрэшты, магчыма, так толькі здалося.

Мая размова з доктарам зацягваецца. Мэдсястра нейкі час з круглымі ад зьдзіўленьня вачыма слухае, як мы шчабечам, нібы беларускамоўныя шпакі, сустрэўшыся ў выраі. Размаўляем і пра хваробу, і пра лекі, і ня толькі. Урэшце мэдсястра не вытрымлівае, умешваецца:

— Дмитрий Владимирович, у нас там очередь в коридоре.

Разьвітваемся зь ім амаль як сябры, з поціскам рук і з узаемнай сымпатыяй.

... А доктар сапраўды добры: уважлівы, энэргічны, далікатны. Такі сваім стаўленьнем да прафэсіі і да мовы робіць для беларускай справы куды больш, чым іншыя інстытуцыі зь іхнымі бюджэтамі і кадрамі.

Здаецца, упершыню ў жыцьці шкадую, што больш няма падстаў зайсьці ў гэты кабінэт сваёй участковай паліклінікі.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG