Палкоўнік Галоўнага ўпраўленьня Генштабу Ўзброеных сіл Расеі (больш вядомага пад папярэдняй назвай ГРУ) Анатоль Чапіга, якога Вялікабрытанія падазрае ў атручэньні сям’і Скрыпалёў, атрымаў званьне «Героя Расеі» за ўдзел у захопе Крыму.
Пра гэта гаворыцца ў расьсьледаваньні расейскай «Новай газеты», якая знайшла таварышаў Чапігі па вайсковай службе.
У прыватнасьці, як сказаў газэце неназваны выпускнік Далёкаўсходняга вышэйшага агульнавайсковага каманднага вучылішча, якое скончыў і Анатоль Чапіга, менавіта «за Крым» было прысвоенае званьне «Героя Расеі» адным закрытым указам прэзыдэнта Расеі Чапігу, у той час яшчэ падпалкоўніку, і яшчэ аднаму выпускніку вучылішча, палкоўніку Аляксандру Папову.
Суразмоўцы газэты ня ведаюць напэўна, за што менавіта Чапіга атрымаў найвышэйшую расейскую ўзнагароду, але называюць тры вырашальныя спэцапэрацыі расейскіх войскаў пры акупацыі Крыму ў лютым 2014 году: захоп будынка Рады міністраў АРК, захоп вайсковага аэрадрому Бельбек і раззбраеньне брыгады марской пяхоты Ўзброеных сілаў Украіны ў Феадосіі. «Усе тры апэрацыі былі ажыцьцёўлены без праліцьця крыві, за што Папоў і Чапіга і былі ўдастоеныя званьняў «Герой Расеі»», — піша газэта са спасылкай на таварышаў Анатоля Чапігі па службе.
Практычна адначасова з гэтым расьсьледаваньнем вечарам 1 кастрычніка было апублікаванае яшчэ адно, якое прапануе іншую вэрсію ўзнагароджаньня Чапігі. Анатоль Чапіга атрымаў званьне «Героя Расеі» за тое, што ўзначальваў апэрацыю вывазу ў Расею былога прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча, сьцьвярджае расейскі журналіст-дасьледчык Сяргей Канеў.