За забойства славацкага журналіста Яна Куцьяка замоўнік заплаціў 70 тысячаў эўра, піша выданьне Aktuality са спасылкай на пракуратуру Славаччыны. Зь іх 20 тысячаў — прабачэньне старой пазыкі, 50 тысячаў — грашовая ўзнагарода.
У забойстве абвінавачваюць чатырох чалавек, затрыманых 27 верасьня: страляў, як мяркуецца, Томаш Саба (Tomáš Szabó), меркаванай замоўніцай называюць Алену Жужаву (Alena Zsuzsová), яшчэ двух мужчынаў абвінавачваюць у пасярэдніцтве і перадачы грошай. У абвінавачаных канфіскаваная зброя, тры машыны і тэлефон, выкарыстаны ў плянаваньні забойства.
25 лютага целы 27-гадовага журналіста Яна Куцьяка і ягонай нявесты паліцыя знайшла ў іхным доме. Куцьяк супрацоўнічаў з Цэнтрам дасьледаваньня карупцыі і арганізаванай злачыннасьці (OCCRP), вывучаў магчымыя сувязі прэм’ера Славаччыны Робэрта Фіцо з італьянскай мафіяй.
Забойства стала адным з самых гучных злачынстваў Славаччыны, прывяло да адстаўкі прэм’ера, міністраў культуры і ўнутраных справаў і шэрагу іншых чыноўнікаў.
Сьледчыя мяркуюць, што замова на забойства тычылася толькі журналіста, а ягоная нявеста стала выпадковай ахвярай.