Лінкі ўнівэрсальнага доступу

1993: Што было б без БНФ


Працягваем публікацыю фрагмэнтаў кнігі Сяргея Навумчыка «Дзевяноста трэці», якая выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе».

Замовіць кнігу можна тут

У інтэрвію для гэтай кнігі Вінцук Вячорка, гаворачы пра сабраныя актывістамі БНФ больш як 440 тысячаў подпісаў за рэфэрэндум у 1992-м, сказаў пра іх значнасьць незалежна ад адмоўнага рашэньня Вярхоўнага Савету. «Важна ўведаць, наколькі мацней пачуваліся палітыкі БНФ, маючы за плячыма такую відавочную падтрымку, і колькі ўдалося ім дзякуючы гэтаму зрабіць для замацаваньня яшчэ кволай незалежнасьці», — лічыць Вячорка.

Словы пра «замацаваньне кволай незалежнасьці», на маю думку, тычацца агульнай ацэнкі дзейнасьці Народнага Фронту ў пачатку 1990-х гадоў.

Дзясяткі мітынгаў, пікетаў ды іншых акцый у сталіцы і ў рэгіёнах з патрабаваньнем правядзеньня свабодных выбараў, стварэньня уласнага войска, адкрыцьця беларускіх школаў, імпрэзы ў гонар гадавінаў важных падзеяў і выбітных асобаў нацыянальнай гісторыі — не прайшлі бясплённа і ролю адыгралі надзвычай важную. Разам з асьветніцкімі высілкамі нацыянальнай інтэлігенцыі, палітычная і культурніцкая дзейнасьць БНФ узьняла грамадзтва на значна больш высокі ўзровень нацыянальнага самаасэнсаваньня, прысьпешыла фармаваньне грамадзянскай супольнасьці.

Калі пазьней будуць казаць пра адносную дэмакратызацыю пачатку 1990-х, дык варта разумець, што гарбачоўскай перабудовай «зьверху» быў дадзены толькі імпульс, хоць і вельмі важны — а дэмакратызацыі давялося дамагацца ў супрацьстаяньні з тымі, хто меў рэальную ўладу і ніякіх рэформаў не жадаў.

Каб зразумець ролю тых або іншых асобаў ці палітычных сілаў, варта ўявіць верагоднае разьвіцьцё гістарычнага працэсу бязь іх.

Уявіце сабе пачатак 90-х без рутыннай дзейнасьці актывістаў БНФ — і вы атрымаеце зусім іншае грамадзтва, якое, зусім магчыма, было б няздольнае супраціўляцца аўтарытарызму наступных дзесяцігодзьдзяў.

Прыбярыце з Авальнай залі дэпутатаў Апазыцыі БНФ у 1992–93-х — і вы, найхутчэй, убачыце ліквідацыю пракамуністычнымі дэпутатамі ўсяго, што было дасягнута ў 1991-м.

Вы атрымаеце імгненную адстаўку Шушкевіча, скасаваньне Дэклярацыі аб сувэрэнітэце, дэнансацыю Белавескіх пагадненьняў ды рашэньне аб аб’яднаньні з Расеяй (якое, несумненна, было б падтрыманае Вярхоўным Саветам Расеі і, зусім верагодна, Ельцыным).

Пра такія намеры мы чулі ад нашых апанэнтаў з парлямэнцкай большасьці ледзь не штодзённа — і толькі супраціў Апазыцыі БНФ перашкаджаў іх ажыцьцявіць.

У наступным Вярхоўным Савеце прадстаўнікоў БНФ ужо ня будзе — і парлямэнт ратыфікуе пагадненьні з Масквой, якія істотна аслабяць сувэрэнітэт краіны, але на той момант Беларусь ужо мела дзяржаўныя інстытуцыі, уласнае войска, уласную грашовую адзінку, больш сьпелую грамадзянскую супольнасьць — нічога такога не было ў самым пачатку 1990-х, і ліквідацыя незалежнасьці адбылася б хутка.

Без палітычнай «працы штодзённай, шэрай» тысячаў актывістаў БНФ беларускае грамадзтва было б іншым. Мы мелі б іншую Беларусь — а, магчыма, і ня мелі б яе зусім.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG