«Страсянуць» сыстэму спажывецкай каапэрацыі загадаў Аляксандар Лукашэнка 24 верасьня падчас сустрэчы зь кіраўніком Белкаапсаюзу Валерам Івановым. Таксама кіраўнік дзяржавы ўхваліў пашырэньне ў рэгіёнах гандлёвых сетак «Эўраопту» і «Кароны».
Што сказаў Лукашэнка?
- Вызначыць кірунак разьвіцьця і росту эфэктыўнасьці Белкаапсаюзу.
- Правесьці ў лютым 2019 году нараду аб выніках сёлетняй дзейнасьці.
- «Трэба страсянуць усю сыстэму».
- Камітэт дзяржаўнага кантролю выявіў «інфармацыю нэгатыўнага пляну» аб дзейнасьці арганізацыі.
- Гандлёвыя сеткі «Эўраопт» і «Карона» — «харошыя» і «мабільныя», яны «ідуць на поле дзейнасьці» Белкаапсаюзу.
- Спажывецкай каапэрацыі трэба больш увагі надаваць закупкам садавіны і гародніны ў насельніцтва.
- Трэба зьвярнуць увагу на колькасьць супрацоўнікаў. Калі Белкаапсаюз ня будзе канкурэнтаздольным, няма сэнсу трымаць «нейкую арганізацыю».
- Падкрэсьліў, што выступае за захаваньне арганізацыі, але трэба «паглядзець на яе расплюшчанымі вачыма».
Пашырэньне «Эўрагандлю» як частка аршанскага экспэрымэнту
«Эўрагандаль» (кампанія — уладальніца брэндаў «Эўраопт», «Брусьнічка» і «Е-дастаўка») цяпер «упёрся» у абмежаваньні антыманапольнага заканадаўства: крамы кампаніі маюць амаль 20% ад усяго раздробнага тавараабарачэньня, адкрываць новыя будзе нельга пасьля перавышэньня ліміту. У найбліжэйшага канкурэнта — «Кароны» — доля ў 8 разоў меншая.
- У чэрвені «Эўрагандаль» ужо прасіў Міністэрства гандлю зьмяніць абмежаваньне долі рынку. У ліпені асобным указам Лукашэнка зьняў абмежаваньне ў Аршанскім раёне да 2022 году — указ зваўся «Аб правядзеньні экспэрымэнту».
- За год сетка крамаў «Эўрагандаль» вырасла на 25%. У Беларусі ўжо больш за 600 крамаў «Эўраопт» і «Брусьнічка».
- Рэклямныя навіны пра «Эўраопт» у дзяржаўных СМІ часта не пазначаюцца як рэкляма.
Летась у верасьні Лукашэнка ўхваліў прыход у сельскі гандаль сеткі гіпэрмаркетаў «Карона» — у размове з уладальнікам ААТ «Тытунь-інвэст» і «Кароны» Паўлам Тапузідзісам. Першы такі праект рэалізуецца ў Шклоўскім раёне на Магілёўшчыне.
Белкаапсаюз – найбуйнейшая гандлёвая сетка Беларусі
Сетка Белкаапсаюзу складаецца з абласных і раённых спажывецкіх таварыстваў («райпо»). Гэтую структуру называюць найбуйнейшым дзяржаўным рытэйлерам.
- Цяпер спажывецкая каапэрацыя перажывае крызіс: крамы і сталоўкі зачыняюцца, кіраўніцтва арганізацыі страсаюць карупцыйныя скандалы.
- Структуры Белкаапсаюзу займаюцца нарыхтоўкай і продажам сельгаспрадукцыі, разьвядзеньнем зьвяроў, скупляюць у насельніцтва ягады, грыбы, мёд, расьлінную сыравіну ды іншыя харчы.
- Кампанія мае ўласныя транспартныя і будаўнічыя падразьдзяленьні, навучальныя ўстановы, штат налічвае больш за 86 тысяч чалавек.
- Белкаапсаюз мае 8,1 тысячы крамаў, сярод іх 6,9 тысячы — харчовых і зьмяшанага асартымэнту. Амаль 70% іх — у сельскай мясцовасьці.
- 704 «аўталаўкі» дастаўляюць тавары жыхарам больш як 14,4 тысячы маланаселеных вёсак, дзе няма стацыянарных крамаў.
- Цяпер «Белкаапсаюзам» кіруе Валеры Іваноў. Яго папярэднік Сяргей Сідзько і першы намесьнік Дзьмітры Баранаў адбываюць пакараньне за хабары і злоўжываньне ўладай.