У Беларусі зьбіраюцца ўзмацніць пакараньне за кіраваньне аўта ў нецьвярозым стане. Пра гэта заявіў 20 верасьня генэральны пракурор Беларусі Аляксандар Канюк на паседжаньні кіраўнікоў пракуратураў краінаў СНД.
Што прапануюць зьмяніць?
- Вызначыць мінімальны і павялічыць максымальны тэрмін пазбаўленьня волі за «нецьвярозае» кіраваньне аўта зь цяжкімі наступствамі. Цяпер паводле частак 4 і 5 арт. 317 КК Беларусі за падобнае злачынства пагражае да 10 гадоў турмы.
- На 5 гадоў «безальтэрнатыўна» пазбаўляць нецьвярозых кіроўцаў правоў на кіраваньне машынай.
На момант публікацыі праект зьменаў не апублікаваны. У травеньскім законапраекце аб зьменах у Крымінальны кодэкс гэтых прапаноў няма.