Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Масква праводзіць працу па ўзмацненьні «русского мира» ў Беларусі, — палітоляг


Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін і Патрыярх РПЦ Кірыл
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін і Патрыярх РПЦ Кірыл

Чарговы госьць «Інтэрвію тыдня» — палітоляг Аркадзі Мошэс, дырэктар дасьледчых праграмаў Усходняга суседзтва Эўразьвязу і Расеі ў Фінскім інстытуце міжнародных дачыненьняў.

Мошэс тлумачыць, у чым выяўляецца новы курс Крамля ў дачыненьні да Беларусі, заяўляе, што Аляксандар Лукашэнка, з гледзішча Масквы, не прайшоў тэст на саюзьніцтва, і лічыць, што на канфлікт з Расеяй нідзе, за выключэньнем Украіны, Захад ісьці не зьбіраецца.

Масква ўзяла курс на прамы зварот да прарасейскіх людзей у Беларусі, у абыход палітычных эліт

— 21 верасьня адбудзецца сустрэча кіраўніцтва Беларусі і Расеі ў пашыраным фармаце. Апошнія месяцы аглядальнікі ўсё часьцей кажуць пра прыкметы і знакі новага курсу Расеі ў дачыненьні да Беларусі. Расейская прэса ўсё актыўней нападае на беларускае кіраўніцтва, і гэтым ужо займаюцца «статусныя» СМІ. Разам з тым стратэгічныя праблемы адносінаў у эканамічнай сфэры не вырашаюцца. Ці можна казаць, што Расея праводзіць новы стратэгічны курс у дачыненьні да Беларусі?

— Я лічу, што Расея ўжо сапраўды праводзіць пэўны новы курс. Наколькі ён стратэгічны — трэба абмяркоўваць асобна. Праводзіцца ён ужо ня месяцы, а нават некалькі гадоў.

У чым ён палягае? Па-першае, безумоўна, праводзіцца палітыка зьніжэньня ўзроўню расейскіх эканамічных субсыдый на адрас Беларусі. Мы бачым, як неахвотна даюцца крэдыты, як вынаходзяцца нейкія новыя рэчы па нафце.

Аркадзі Мошэс
Аркадзі Мошэс

Другое — праводзіцца палітыка па зьніжэньні ўзроўню расейскай залежнасьці ад Беларусі ў вайскова-стратэгічным пляне. Мы бачым, як Расея стварае ці ўжо стварыла новую вайсковую інфраструктуру на сваёй заходняй мяжы, каб Менск больш ніколі ня мог прымяніць свой аргумэнт «у вас жа на захадзе нічога, акрамя беларускага войска, няма».

Па-трэцяе, сапраўды адбыліся зьмены ў сфэры СМІ. І рэч ня толькі ў тым, што людзі проста пішуць пра нейкія складанасьці ў адносінах. Рэч у тым, што праводзіцца праца па ўзмацненьні таго самага «русского мира», які ў Беларусі, безумоўна, існуе і, магчыма, прадстаўлены ярчэй, чым у любой іншай краіне постсавецкай прасторы. Узяты курс на прамы зварот да людзей, да прарасейска настроеных масаў, якія падзяляюць расейскі погляд на тое, што адбылося ва Ўкраіне. І, адпаведна, адбываецца адмова ад працы зь Беларусьсю толькі празь беларускія эліты. На што гэта стратэгічна накіравана? Пакуль рана рабіць высновы. Але гэтыя зьмены заўважныя. І гэта трэба канстатаваць.

Аляксандар Лукашэнка не прайшоў тэст на саюзьніцтва

— Ці лічыце вы, што гэты новы курс прадугледжвае і пэўны канфлікт з уладнымі элітамі Беларусі, калі яны, са зразумелых прычын, ня маюць вялікай радасьці ад гэтага курсу? Наколькі далёка выкліканы гэтым курсам канфлікт Масквы з Лукашэнкам можа зайсьці?

— Гэта, безумоўна, сродак ціску. Я думаю, што непасрэдна з гэтай нагоды канфлікту не павінна быць. Бо значная частка гэтых людзей, да якіх зьвяртаецца Расея, і прадстаўляе базавы электарат Лукашэнкі. Нацыянальна-дэмакратычныя слаі насельніцтва ў меншай ступені паддатныя на гэтую прапаганду, але яны традыцыйна болей апазыцыйна настроеныя да беларускіх уладаў. Таму такім чынам Менску даюць зразумець, што калі канфлікт будзе абвастрацца ў іншых галінах, то гэты рэсурс будзе задзейнічаны, і на гэты электарат можна ўплываць.

Захад сёньня падыходзіць да постсавецкай прасторы з палітыкай «ані пугі, ані перніка»

— Чаму ўвогуле гэты паварот у расейскай палітыцы адбываецца? Лукашэнку больш не ўдаецца «прадаваць сяброўства» па ранейшай формуле «газ у абмен на пацалункі»? Альбо такое сяброўства Расеі ўжо ня так патрэбнае, пра што вы ўжо сказалі? Ці проста Масква верыць, што Беларусь нікуды ня дзенецца, Лукашэнка ні на які Захад ня пойдзе?

— Абодва вашыя тлумачэньні слушныя. З аднаго боку, Масква існуе ва ўмовах жорсткага канфлікту са значнай часткай сьвету. За канфлікт трэба плаціць зьніжэньнем узроўню жыцьця. Калі за яго плацяць расейцы, то чаму б беларусам, як самым блізкім саюзьнікам Расеі, таксама не плаціць за гэта?

Падчас гэтага канфлікту Аляксандар Лукашэнка не прайшоў тэст на саюзьніцтва. Ён не прызнаў анэксіі Крыму, наадварот, паспрабаваў выбудаваць нейкую сваю стратэгію адносінаў з Захадам. Публічны тэст быў праілюстраваны гісторыяй з расейскай базай у Беларусі, якая Расеі асабліва не была і патрэбная. Але высьветлілася, што Менск не гатовы пацьвярджаць справай лёзунгі аб супрацоўніцтве. То бок, як лічыць Масква, настаў час вызначацца, адыходзіць ад пазыцыі «і нашым, і вашым».

Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін сустрэліся ў Сочы 23 жніўня 2018 году
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін сустрэліся ў Сочы 23 жніўня 2018 году

Другое, што мне падаецца больш важным. Незалежна ад жаданьня беларускага кіраўніцтва ісьці ці не ісьці на Захад — скончылася гістарычныя эпоха ў палітыцы Захаду. Захад сёньня падыходзіць да постсавецкай прасторы з палітыкай «ані пугі, ані перніка». З аднаго боку, Менску выдадзены фактычна карт-блянш на ўнутрыпалітычныя паводзіны. Але, зь іншага боку, грошай ужо не прапануецца. Калі вам не хапае грошай — ідзіце ў МВФ. Будуць нейкія тэхнічныя праекты. Але тых мільярдаў, пра якія казалі 10 гадоў таму, больш няма і не прадбачыцца.

На канфлікт з Расеяй нідзе, за выключэньнем Украіны, Захад ісьці не зьбіраецца. Таму рэч нават ня ў тым, хто куды хоча ісьці, а ў тым, што ісьці, па сутнасьці, няма куды. Захад скончыў палітыку заахвочваньня сыстэмнай трансфармацыі на сваіх заходніх межах. І гэта адчыняе для Масквы іншае поле для манэўру, яна сёньня можа сабе дазволіць значна больш жорсткі тон.

— Але калі Беларусь апынецца ў такой сытуацыі, як Украіна — няўжо Захад нават зь нейкіх прагматычных меркаваньняў не працягне Беларусі руку?

— У нас ёсьць прыклад Малдовы, якая яшчэ нядаўна была «дзіцём з карцінкі», якой прапаноўвалі грошы, усяляк заахвочвалі. Але сёньня, калі Захад расчараваўся ў выніках сваёй палітыкі адносна Малдовы — цяпер ад Малдовы чакаюць прарыву, але ў адказ нічога не прапануюць.

Украіна — гэта выключэньне. Ніводная іншая дзяржава ня можа граць такую геапалітычную ролю, проста ў сілу сваіх парамэтраў.

У выпадку зь Беларусьсю гаворка ідзе пра канкрэтную сытуацыю. Калі размова пойдзе пра збройную агрэсію, анэксію — тады Захаду давядзецца перабудоўваць сваё ваенна-палітычнае плянаваньне. А калі размова ідзе пра нешта ўмоўна мірнае, напрыклад, перафарматаваньне «саюзнай дзяржавы» ў нешта іншае, што, дарэчы, магло б дазволіць Пуціну вырашыць ягоную праблему 2024 году. Калі гэта адбудзецца мірна, на паперы, без асаблівых пратэстаў, грунтуючыся на волі значнай часткі таго самага «русского мира» ў Беларусі і сэрвільнай бюракратыі, якая існуе ў Беларусі — то ў Захаду і магчымасьцяў умяшацца асабліва ня будзе.

Крэмль гуляе ўдоўгую, ён мае час, каб гуляць на сярэднетэрміновую пэрспэктыву. Тое, што сёньня ці некалькі гадоў таму было б сцэнарам, зьвязаным зь вялікімі выдаткамі, фінансавымі і палітычнымі, у пэрспэктыве... Напрыклад, калі пачне пагаршацца эканамічнае становішча ў Беларусі — то палітычныя настроі ў Беларусі могуць памяняцца. Мы ведаем, наколькі валятыльная беларуская грамадзкая думка, наколькі яна можа хістацца ад эўрапейскага да расейскага вэктару. І праца з грамадзкай думкай можа даць свой плён празь некалькі гадоў — такі, пра які цяпер гаварыць было б заўчасна.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG