Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША анансавалі новыя «суровыя» санкцыі супраць Расеі


Солсбэры, 5 ліпеня 2018
Солсбэры, 5 ліпеня 2018

Дзярждэпартамэнт ЗША паабяцаў, што Злучаныя Штаты увядуць супраць Расеі ў лістападзе «суровыя» санкцыі за ўжываньне нэрвова-паралітычнага рэчыва «Навічок» у ангельскім Солсбэры. Пра гэта паведамляе Bloomberg.

Прадстаўніца ведамства Маніша Сынг заявіла, што новыя абмежавальныя меры ўвядуць, калі Масква адмовіцца цягам месяца выканаць раней вылучаныя ёй ўмовы. ЗША патрабавалі ад Расеі гарантаваць неўжываньне хімічнай зброі і дапусьціць замежных назіральнікаў у свае лябараторыі. Сынг сказала, што «сусьветная супольнасьць не павінна мірыцца з паводзінамі Расеі, асабліва ў выпадках атручэньня і забойстваў яе ўласных грамадзян».

Санкцыі ўводзяцца ў адпаведнасьці з амэрыканскім законам ад 1991 году, які загадвае ўводзіць меры супраць краін, якія выкарыстоўваюць хімічную і біялягічную зброю. Падобныя санкцыі былі раней уведзеныя супраць сырыйскага ўраду за меркаваныя хімічныя атакі супраць мірнага насельніцтва.

У гэты ж дзень, 13 верасьня, рэспубліканец Эд Ройс, які ўзначальвае Камітэт па замежных справах Палаты прадстаўнікоў, заявіў, што замежным бізнэсоўцам давядзецца «заплаціць цану» за супрацоўніцтва з Расеяй. Пра гэта паведамляе Reuters. Паводле Ройса, амэрыканскія ўлады «не павінны спадзявацца, што Ўладзімір Пуцін і яго карумпаваныя паплечнікі зьменяць свае паводзіны ў Сырыі, Украіне» і іншых рэгіёнах. Ройса падтрымаў кангрэсмэн-дэмакрат Эліят Энгель, які пагадзіўся, што Вашынгтон павінен узмацніць ціск на Маскву.

У мінулым месяцы адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа ўвяла першы — больш мяккі — пакет санкцый за атручэньне ў сакавіку былога супрацоўніка расейскай вайсковай выведкі ГРУ Сяргея Скрыпаля і яго дачкі Юліі. Гэтыя меры прадугледжваюць забарону паставак у Расею шэрагу амэрыканскіх тавараў і тэхналёгій падвойнага прызначэньня, лазэрнага абсталяваньня, а таксама спэцыялізаваных тэхналёгій здабычы нафты і газу. Мяркуецца, што другі раўнд санкцыяў фактычна накладзе поўнае эмбарга на гандаль паміж ЗША і Расеяй. Сярод іншага будуць забароненыя пастаўкі ў Расію авіяцыйных турбін, а палёты кампаніі «Аэрафлот» ў ЗША апынуцца пад забаронай.

Адначасова Кангрэс рыхтуе асобныя маштабныя санкцыі супраць Масквы за ўмяшаньне ў амэрыканскія выбары. Гэтыя меры забароняць у тым ліку ўгоды з расейскім дзяржаўным доўгам.

Пагрозы з Вашынгтону прагучалі ўсьлед за зьяўленьнем у чацьвер інтэрвію, якое далі расейцы, падазраваныя ў атручэньні Сяргея і Юліі Скрыпалёў. У гутарцы з тэлеканалам RT, які фінансуецца расейскім урадам, падазраваныя паведамілі, што паехалі ў Солсбэры з турыстычнымі мэтамі і ня маюць дачыненьня да інцыдэнту. Брытанскія ўлады назвалі гэтыя словы хлусьнёй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG