У Армэніі апублікавалі запіс гутаркі дырэктара Рады нацыянальнай бясьпекі Артура Ванэц’яна і кіраўніка Спэцыяльнай сьледчай службы Сасуна Хачатр’яна. Яны абмяркоўваюць крымінальныя справы супраць экс-прэзыдэнта Армэніі Робэрта Качар’яна, былога міністра абароны Армэніі Мікаела Аруцюньяна і цяперашняга генэральнага сакратара Арганізацыі дамовы аб калектыўнай бясьпецы (АДКБ) Юрыя Хачатурава. У АДКБ цяпер уваходзяць Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан, Расея і Таджыкістан.
Што было ў аўдыёзапісах
У адным з запісаў Хачатр’ян кажа, што ў хуткім часе экс-прэзыдэнту Качар’яну выставяць абвінавачаньне, і ён будзе арыштаваны. Хачатр’ян таксама паведамляе, што абвінавачваньне будзе выстаўленае і ў дачыненьні да Хачатурава, — паведамляе армянская служба Радыё Свабода.
У адказ дырэктар Рады нацыянальнай бясьпекі Ванэц’ян папярэджвае кіраўніка Спэцыяльнай сьледчай групы, што «ня трэба чапаць Хачатурава». «Ён жа шэф АДКБ, не трэба яго чапаць, зганьбімся. Хоць бы падпіска пра нявыезд. Я з расейцамі зь цяжкасьцю памірыўся, зараз зганьбімся», — настойвае Ванэц’ян.
«Не зачыняць яго? Ён ужо ў нас. Ну, пагавары з прэм’ерам (Пашын’янам) тады, таму што я яму сказаў, што будзе абрана мера стрыманьня ў выглядзе арышту», — адказвае на гэтыя пярэчаньні кіраўнік Спэцыяльнай сьледчай службы.
Падчас іншай тэлефоннай размовы Ванэц’ян яшчэ раз заклікае Хачатр’яна быць асьцярожным са справай Хачатурава: «Будзь вельмі уважлівы з Хачатуравым. Расейцы ў шаленстве», — папярэджвае кіраўнік Рады нацыянальнай бясьпекі.
Рэакцыя фігурантаў запісу
«Размова сапраўды меў месца. Гэта трывожны факт, з нагоды якога будзе праведзена дбайнае расьсьледаваньне, — паабяцаў Ванэц’ян. — Будзе ўстаноўлены крыніца запісу і той, хто яго зрабіў. Калі я не памыляюся, крымінальная справа па гэтым факце ўжо была заведзеная і была перададзеная ў пракуратуру».
Паводле Ванэц’яна, ён абмяркоўваў з Хачатр’янам «справу 1 сакавіка», бо «перад судом меліся стаць высокапастаўленыя чыноўнікі: другі прэзыдэнт Армэніі і генэральны сакратар АДКБ».
«Неабходна было пераканацца, што ў справе на 100% не было ніякіх хібаў і недахопаў. Дыскусія была чыста юрыдычная», — заявіў Ванэц’ян.
Паводле яго, размову не выпадкова апублікавалі менавіта ў той дзень, калі суд першай інстанцыі пачаў разглядаць справу Качар’яна (так званую «справа 1 сакавіка»).
Што такое «справа 1 сакавіка»
1 сакавіка 2008 году пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, на якіх перамогу атрымаў Сэрж Саргс’ян, адбыліся акцыі пратэсту. Падчас сутыкненьняў паміж сілавікамі і актывістамі загінулі дзесяць чалавек, сотні былі параненыя. Абставіны таго, як гэта здарылася, і хто аддаў загад ужыць сілу супраць пратэстоўцаў, да гэтага часу застаюцца нявысьветленымі. Прэзыдэнтам Армэніі на той момант быў Робэрт Качар’ян (ён узначальваў Армэнію з 1998 па 2008 год).
«Справа 1 сакавіка» доўгі час не расьсьледавалася, але была зноў адноўленая пасьля «Аксамітнай рэвалюцыі» 2018 году і прыходу да ўлады ў Армэніі Нікола Пашыньяна.
26 ліпеня 2018 году Робэрта Качар’яна абвінавацілі ў зьвяржэньні канстытуцыйнага ладу і арыштавалі на два месяцы. Але ўжо ў пачатку жніўня суд вызваліў Качар’яна з-пад варты, а сам ён назваў вылучаныя ў дачыненьні да яго абвінавачваньні «вендэтай».
Акрамя Качар’яна, па «справе 1 сакавіка» праходзяць таксама:
- былы міністр абароны Армэніі Мікаел Артуцюньян (цяпер ён знаходзіцца ў вышуку)
- Юрый Хачатураў: у 2008 годзе ён камандаваў ерэванскім гарнізонам, а цяпер знаходзіцца на пасадзе генэральнага сакратара АДКБ. Хачатурава таксама арыштавалі, але суд агульнай юрысдыкцыі Ерэвану вызваліў яго пад заклад у памеры 5 мільёнаў драмаў (больш за 10 тысяч даляраў).
Многія палітолягі лічаць, што аднаўленьне «справы 1 сакавіка» — адказ цяперашняга прэм’ера Армэніі Нікола Пашыньяна на крымінальны перасьлед папярэднімі ўладамі Армэніі. Пашынян ў 2008 годзе быў сябрам выбарчага штабу кандыдата ў прэзыдэнты Лявона Тэр-Пэтрасьяна. Пасьля 1 сакавiка 2008 года ён быў абвешчаны ў вышук, а ў студзені 2010 году быў асуджаны на сем гадоў па абвінавачваньні ў арганізацыі масавых беспарадкаў.